Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 кастрычніка 2024, 16:15

Лепшая па якасці, больш даступная ў цане. Лінію па вытворчасці мяккай карамелі запусцілі ў Івянцы

25 кастрычніка, Валожынскі раён /Кар. БЕЛТА/. У гарадскім пасёлку Івянец, што ў Валожынскім раёне, урачыста запусцілі новую вытворчую лінію па вырабе мяккай карамелі. Стварэнне кандытарскай вытворчасці было анансавана даўно і рэалізуецца ў рамках маштабнай ініцыятывы "Адзін раён, адзін праект", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Мяккую карамель будуць вырабляць на базе філіяла кандытарскай фабрыкі "Слодыч". У Івянцы зоймуцца выпускам дзевяці розных відаў цукерак у трох групах: у форме стыку са смакамі лімона, клубніц і яблыка, цукеркі з яблычнай, вішнёвай і апельсінавай начынкамі і ў форме пасцілкі са смакамі маліны-лімон, клубніцы-банан і яблык-ананас. Плануецца вырабляць міксавыя цукеркі ў агульнай упакоўцы і ў індывідуальнай вагой 200 г. Для нашай краіны праект інавацыйны і імпартазамяшчальны - да сённяшняга дня ўсю мяккую карамель Беларусь імпартавала. Дырэктар кандытарскай фабрыкі "Слодыч" Аляксандр Нячай запэўнівае: айчынныя цукеркі будуць не горшымі за замежныя аналагі, а якасцю і цаной і наогул парадуюць беларускіх спажыўцоў.

"У новым для сябе сегменце - вытворчасці цукерак - мы пачалі працаваць каля чатырох гадоў таму на пляцоўцы ў Івянцы. За гэты час былі дасягнуты нядрэнныя поспехі: заваявана значная частка беларускага рынку малочных і жэлейных цукерак. Аднак рынак не стаіць на месцы, і мы развіваемся ўслед за ім, - зрабіў акцэнт Аляксандр Нячай. - Сёння маладое пакаленне хоча з'есці не проста смачную, але яшчэ і цікавую цукерку. Быў вывучаны сусветны попыт і замежныя аналагі, а пасля прынята рашэнне, што наступны крок у развіцці фабрыкі - выпуск мяккай карамелі. Прадпрыемства забяспечыць прадукцыяй унутраны рынак, атрымае зваротную сувязь, а пасля будзе рухацца далей".

Паводле ацэнак экспертаў, беларусы спажываюць каля 2,2 тыс. т мяккай карамелі ў год. Вытворчыя магутнасці філіяла "Слодыч" у Івянцы разлічаны на штогадовы выпуск 1,2 тыс. т прадукту, гэта значыць у месяц тут будуць вырабляць каля 90-100 т ласункаў. Задзейнічаюць у працэсе амаль 30 спецыялістаў - столькі новых рабочых месцаў з'явілася ў рэгіёне з запускам вытворчай лініі. Стварэнне дадатковых месцаў работы для жыхароў невялікіх населеных пунктаў рэспублікі - адна з мэт, якія і ставяць сабе такія глабальныя інвестыцыйныя ініцыятывы.

"Для Мінскай вобласці важна, каб прадпрыемствы ствараліся менавіта ў такіх невялікіх гарадскіх пасёлках, вёсках. Праведзена вялікая работа, каб Івянец заззяў свежымі фарбамі. Памятаю, як гадоў пяць таму мы не ўяўлялі, што рабіць з гэтай вытворчай пляцоўкай, а сёння гэта сучаснае запатрабаванае прадпрыемства. На мой погляд, вось ён - прыклад эфектыўнага дзяржаўнага бізнесу, які працуе на вынік і з'яўляецца сацыяльна адказным, - падзяліўся меркаваннем намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Дзяніс Курленка. - У праграму "Адзін раён, адзін праект" у нашай вобласці ўключана вялікая колькасць ініцыятыў у перапрацоўчай прамысловасці, ёсць шэраг праектаў у машынабудаванні. У цэлым, цяжка назваць галіну, якая не была б прадстаўлена ў пераліку праектаў".

Асноўная іх колькасць у цэнтральным рэгіёне краіны будзе рэалізавана ў наступным годзе, больш за 10 новых праектаў уключана ў план развіцця раёнаў вобласці на наступную пяцігодку. Як было падкрэслена, пералік ініцыятыў жывы і пастаянна папаўняецца.

Дарэчы, рэалізаваць маштабныя задумы без інвестыцыйных уліванняў было б цяжка. У прыватнасці, фінансаванне закупкі абсталявання для вытворчасці мяккай карамелі ў Івянцы вялося праз інвестыцыйны фонд "Белдзяржхарчпрама". Для кандытарскай фабрыкі "Слодыч", якая рэалізуе за кошт уласных сродкаў яшчэ адзін праект па вытворчасці вафель у Маладзечне, паасобку справіцца з амбіцыйнай задачай было б няпроста. Дырэктар фабрыкі расказаў, што спецыялісты прадпрыемства правялі тэндар, вывучылі якасць і цэны прапанаваных варыянтаў і спынілі свой выбар на кітайскім абсталяванні, якое аказалася ў чатыры разы таннейшым за еўрапейскія аналагі і ў два разы ніжэйшым у цане за турэцкія, пры гэтым прадэманстравала дастойную якасць.

"Праект быў няпростым з пункту гледжання набыцця абсталявання, пошуку крыніц фінансавання, сціслых тэрмінаў у рэлізацыі для атрымання хуткага эканамічнага эфекту, - падкрэсліў старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Алег Жыдкоў. - Выпуск імпартазамяшчальнага асартыменту прадукцыі для нас прыярытэтны. Што датычыцца мяккай карамелі, наша задача сёння не толькі стварыць канкурэнцыю для імпарту, але і заваяваць асноўную долю ўнутранага рынку. Паколькі наша цукерка не ўступае па якасці замежным узорам, але галоўнае - прапануецца па больш даступнай цане, таму што інгрэдыенты - поўнасцю беларускія і натуральныя, у тым ліку начынкі. Прымяняецца класічная схема вытворчасці, ніякіх глыбокіх хімічных працэсаў тут няма".

Кіраўнік канцэрна ў размове з журналістамі адзначыў, што вытворчасць арыентавана на ўнутраны рынак. Каля 95 працэнтаў асартыменту, які выпускаецца на базе філіяла прадпрыемства ў Івянцы, прадаецца ў Беларусі і толькі малая частка рэалізуецца за мяжу. Разам з тым па меры нарошчвання аб'ёмаў выпуску беларускія цукеркі з мяккай карамелі будуць выходзіць і на міжнародныя рынкі, у якасці прыярытэтнага вызначаючы для сябе рынак Паднябеснай. Алег Жыдкоў запэўніў: асартымент без цяжкасці ўдасца адаптаваць пад густы і перавагі кітайскага спажыўца.

Увогуле і ў цэлым, вытворцы і ўлады сыходзяцца ў адным - развіццю салодкага прадпрыемства ў Івянцы быць. На гэта ўказвае статыстыка, паколькі канцэрн "Белдзяржхарчпрам" задавольвае попыт беларускага спажыўца ў выпускаемых таварах у дыяпазоне ад 30 працэнтаў да 99 працэнтаў. Рэкардсмен - цукар, 99 працэнтаў спажываемага ў краіне - айчыннай вытворчасці, а, напрыклад, удзельная вага айчыннага шакаладу і шакаладнай прадукцыі ў агульным спажыванні беларусаў - каля 50 працэнтаў. Гэта значыць рэзерв для росту і ўдасканалення, паводле слоў старшыні канцэрна харчовай прамысловасці, адназначна ёсць.-0-
Фота Надзеі Касцецкай
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі