Юрый Назараў
8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Кіраўніцтве справамі Прэзідэнта Беларусі выпрацавана праграма, як вывесці сельгаспрадпрыемства "ААБ-Агра Гарадзец" на ўстойлівую эфектыўную работу. Аб гэтым па выніках даклада кіраўніку дзяржавы заявіў журналістам кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Па "ААБ-Агра Гарадзец". Ведаеце, раней адбылася размова не вельмі простая. У нас сёння ёсць праграма, як наладзіць добрую работу гэтага прадпрыемства для таго, каб яно стала зарабляць для свайго развіцця. Літаральна ўчора з аблвыканкамам і райвыканкамам праехалі па аб'ектах, намецілі шэраг мерапрыемстваў. Цяпер мы алічбуем па тэрмінах і затратах, якія неабходна зрабіць. І Прэзідэнта я запрасіў вясной прыехаць у "Гарадзец". Мы яму пакажам зусім абноўленую, а недзе і новую інфраструктуру сельскагаспадарчай вытворчасці", - сказаў Юрый Назараў.
Як паведамлялася, адной з тэм даклада Прэзідэнту была сітуацыя ў сельгаспрадпрыемстве "ААБ-Агра Гарадзец", якое Аляксандр Лукашэнка нядаўна наведваў, выказаўшы сур'ёзную крытыку адносна шэрага недапрацовак. Юрый Назараў далажыў, што на гэты момант зроблена для выпраўлення названых недахопаў.
Размова таксама ішла аб рэалізацыі шэрага іншых праектаў, у тым ліку па выніках рабочай паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Ляскавічы Петрыкаўскага раёна 4 кастрычніка. "Я праінфармаваў аб тых тэрмінах, якія мы для сябе прынялі з улікам яго заўваг", - сказаў журналістам кіраўнік спраў Прэзідэнта.-0-
