Фота з архіва
29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інтэнсіўнасць нашых кантактаў набрала неверагодныя абароты. Так ацаніў супрацоўніцтва з Мінскам кіраўнік Пермі Эдуард Саснін, размаўляючы з журналістамі па выніках сустрэчы ў Мінгарвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў правёў сустрэчу з кіраўніком Пермі Эдуардам Сасніным. Падводзячы яе вынікі, ён падкрэсліў, што за непрацяглы час супрацоўніцтва з расійскім рэгіёнам ахапіла шматлікія напрамкі.
"Ёсць добры вынік, паколькі да гэтай работы падключыліся прадпрыемствы і арганізацыі. Былі створаны ўмовы для сустрэч, абмену інфармацыяй, рознымі падыходамі да развіцця супрацоўніцтва па канкрэтных напрамках, што і прывяло да станоўчага выніку", - расказаў Уладзімір Кухараў, падкрэсліўшы, што на сустрэчы бакі абмеркавалі новыя напрамкі ўзаемадзеяння.
"Мы не спыняемся, станоўчы імпульс павінен даць свой эфект. Мы таксама ўдзячныя калегам, што яны прывезлі ў Мінск Дні Пермі. Гэта мерапрыемствы, якія ахопліваюць усе напрамкі дзейнасці: эканоміку, сацыяльную сферу, спорт і турызм, культуру, работу з моладдзю і інш.", - адзначыў старшыня Мінгарвыканкама.
Кіраўнік Пермі Эдуард Саснін выказаў задавальненне вынікамі супрацоўніцтва за апошні год.
"Інтэнсіўнасць нашых кантактаў набрала неверагодныя абароты па ўсіх напрамках. Развівае стасункі бізнес, у гуманітарнай сферы шмат праектаў, ідзе абмен вопытам. Усё гэта ўзбагачае парадак дня, у якім працуюць і жывуць нашы людзі. Нам ёсць куды далей развівацца, і галоўнае, што мы бачым поўную падтрымку нашых прапаноў. Важна, што інтэнсіўнасць кантактаў нарастае незалежна ад дарожных карт", - адзначыў Эдуард Саснін.-0-
