Сцяг Субота, 6 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 лістапада 2025, 16:40

Якім будзе бюджэт фонду сацабароны насельніцтва на 2026 год, расказала Паўлючэнка 

Фота з архіва
Фота з архіва
12 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка расказала на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, якім будзе бюджэт фонду сацабароны насельніцтва на 2026 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У бюджэт Фонду сацабароны насельніцтва на 2026 год запланаваны даходы на ўзроўні Br39 млрд, што на Br3,8 млрд больш, чым у бягучым годзе, - амаль 111 працэнтаў росту. Асноўнай крыніцай даходаў традыцыйна з'яўляюцца страхавыя ўзносы, якія складаюць каля 93 працэнтаў бюджэту фонду, расказала Наталля Паўлючэнка.

"Сярод плацельшчыкаў узносаў выдзяляюцца індывідуальныя прадпрымальнікі і яшчэ адна катэгорыя, якая паступова займае ўсё большую долю ў даходнай частцы бюджэту фонду, - гэта плацельшчыкі, якія выплачваюць у бюджэт фонду частку падатку на прафесійны даход. Таксама плануюцца паступленні па ўзносах на прафесійнае пенсійнае страхаванне, што звязана з тым, што ўсё больш грамадзян, якія працуюць у асаблівых умовах працы, выбіраюць даплату да зарплаты замест накаплення пенсіі. Па выніках 9 месяцаў 2025 года такіх работнікаў ужо 169 тыс., што складае амаль 51 працэнт ад агульнай колькасці занятых у асаблівых умовах, у той час як у 2023-2024 годзе іх было крыху больш за 140 тыс. (каля 40 працэнтаў)", - адзначыла міністр.

Класічным складнікам бюджэту фонду з'яўляецца субвенцыя з рэспубліканскага бюджэту ў памеры амаль Br2 млрд, што складае каля 5 працэнтаў даходаў. Гэтыя сродкі кампенсуюць нестрахавыя расходы фонду, пры гэтым страхавыя ўзносы ідуць на павелічэнне страхавых артыкулаў расходу. З 2023 года фонд працуе з прафіцытам і з'яўляецца самадастатковым, падкрэсліла яна.

Расходная частка бюджэту фонду складае Br38,5 млрд - плюс Br5,7 млрд, што на 17,3 працэнта больш у параўнанні з мінулым перыядам. Каля 81 працэнта расходаў прыпадае на пенсіі, што складае прыкладна Br31 млрд - на Br4,9 млрд больш, чым у 2025 годзе, гэта значыць рост каля 18,5 працэнта. 

У краіне налічваецца 2,4 млн пенсіянераў, з якіх 2 млн атрымліваюць працоўныя пенсіі. У складзе пенсій таксама ёсць сацыяльныя выплаты на суму каля Br0,5 млрд, што складае 1,6 працэнта ўсіх расходаў, - іх атрымліваюць прыкладна 86 тыс. пенсіянераў. Сярэдні памер пенсіі ў наступным годзе павялічыцца на 14,5 працэнта і складзе Br1107, у той час як у гэтым годзе ён плануецца на ўзроўні Br942.

Замежныя пенсіі на 2026 год складаюць Br288 млн. У краіне пражываюць 35 тыс. замежных пенсіянераў, якім выплачваюцца пенсіі па міжнародных пагадненнях. "Каля 14 тыс. беларускіх пенсіянераў пражываюць за мяжой. Па абедзвюх гэтых групах назіраецца невялікі прырост. Паказальна, што ў ліку замежных пенсіянераў, якія пражываюць у Беларусі, ёсць павелічэнне колькасці з Літвы і Латвіі - больш як па 200 чалавек з кожнай краіны", - звярнула ўвагу Наталля Паўлючэнка.

Расходы на дапамогі складаюць 18 працэнтаў расходаў бюджэту фонду - амаль Br7 млрд, тэмп росту - амаль 113 працэнтаў. З агульнай сумы дапамог 53 працэнты прыпадаюць на выплаты па нараджэнні і выхаванні дзяцей - Br3,7 млрд. У гэту суму ўваходзяць аднаразовыя дапамогі пры нараджэнні дзіцяці - Br644 млн з ростам 7 працэнтаў. Штомесячныя дапамогі па доглядзе дзіцяці да трох гадоў складаюць Br2,3 млрд з ростам 11 працэнтаў. Атрымальнікамі такіх дапамог з'яўляюцца 172 тыс. чалавек, а сярэдні памер дапамогі па краіне даволі камфортны. На першае дзіця плануецца сярэдні памер дапамогі ў памеры Br1045.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі