Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 лістапада 2024, 17:17

Гандаль і турызм: Беларусь і Казахстан падпісалі дакументы аб супрацоўніцтве
 

14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дакументы аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Казахстанам падпісаны ў рамках візіту ў Мінск прэм'ер-міністра Казахстана Алжаса Бекценава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У ліку дакументаў - праграма мерапрыемстваў (дарожная карта) паміж урадамі Беларусі і Казахстана па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на 2025-2029 гады.

Як адзначыў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, раней такі дакумент падпісваўся на два гады, а на гэты раз - на пяць гадоў. Паводле яго слоў, дарожная карта прадугледжвае шэраг мерапрыемстваў па нарошчванні тавараабароту, актывізацыі ўзаемадзеяння ў сферах вытворчай кааперацыі, сельскай гаспадаркі, транспарту, сувязі. "А таксама цэлы блок гуманітарных пытанняў - адукацыя, навука, спорт, турызм, ахова здароўя. І што вельмі важна - міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне. Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час мы зможам правесці першы Форум рэгіёнаў Казахстан - Беларусь. Гэта, на наш погляд, вельмі эфектыўны фармат, які дае магчымасць істотна зрушыць наперад узаемадзеянне ў розных сферах", - адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.
Алжас Бекценаў у сваю чаргу выказаў упэўненасць у тым, што дарожная карта на 2025-2029 гады дасць магчымасць папоўніць пул сумесных праектаў, наладзіць яшчэ больш цесныя сувязі паміж дзелавымі коламі дзвюх краін.

Акрамя таго, сёння заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж дзяржаўнай установай "Нацыянальнае агенцтва па турызме" (Беларусь) і акцыянерным таварыствам "Нацыянальная кампанія Kazakh Tourism" (Казахстан).

"Казахстан - гэта цудоўная краіна для горнага турызму, для тых, хто захапляецца горнымі паходамі, горнымі лыжамі, культурай качавых народаў. Этна-культурная спадчына гэтай краіны, якая вельмі адрозніваецца ад беларускай, дзівосная стэпавая гастраномія, вядома ж, прываблівае нашых турыстаў. А для казахскіх гасцей беларускія санаторыі з'яўляюцца брэндам, які нязменна радуе. Таксама казахі выказваюць інтарэс да беларускага вясковага турызму. Беларуская самабытная гісторыка-культурная спадчына, наш індустрыяльны турызм таксама выклікае інтарэс. Таму ёсць з чым працаваць. Вельмі хочам далейшага развіцця, павелічэння колькасці рэйсаў паміж нашымі краінамі, рознымі гарадамі", - сказаў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Беларусі Дзмітрый Марозаў.

Таксама падпісаны план мерапрыемстваў па ўзаемадзеянні ў сферы культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва на 2025-2026 гады.-0-

Фота Сяргея Шэлега
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі