
20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Разам краіны СНД змогуць не толькі справіцца з бягучымі цяжкасцямі, але і захаваць стваральны парадак дня ў Садружнасці. Такое меркаванне выказаў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на чарговым пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое праходзіць сёння ў фармаце відэа-канферэнц-сувязі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння мы перажываем адзін з найбольш складаных перыядаў развіцця СНД. Сітуацыя вакол Беларусі і Расіі няпростая. Захад, спрабуючы падарваць асновы нашых эканомік, як на канвееры штампуе новыя і новыя пакеты беспрэцэдэнтных і нелегітымных з пункту гледжання міжнароднага права санкцый. Іх наступствы, на жаль, уплываюць на ўсе дзяржавы СНД. Ускладняецца кааперацыйнае ўзаемадзеянне, парушаюцца грашова-фінансавыя патокі, узнікаюць цяжкасці з рэалізацыяй, транспартам і сэрвісным абслугоўваннем прадукцыі", - расказаў Раман Галоўчанка.
Ён адзначыў, што для процідзеяння незаконным абмежаванням актыўна прымяняюцца ахоўныя меры на нацыянальным узроўні і ва ўсіх інтэграцыйных фарматах. Найбольш актыўна гэта работа праводзіцца ў Саюзнай дзяржаве і інтэграцыйнай "пяцёрцы". На пляцоўцы Садружнасці па ініцыятыве Беларусі ў сакавіку створана рабочая група для маніторынгу эканамічнай сітуацыі ў краінах і падрыхтоўкі прапаноў па магчымых сумесных мерах рэагавання на праблемы, якія ўзнікаюць.
"Спадзяюся, што ў бліжэйшы час работа па процідзеянні санкцыйнай палітыцы дасць значны вынік з мэтай недапушчэння зніжэння тэмпаў нашага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Упэўнены, што разам мы зможам не толькі справіцца з бягучымі праблемамі, але і захаваць стваральны парадак дня ў нашай сумеснай рабоце ў рамках Садружнасці", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.-0-