Сцяг Панядзелак, 22 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 снежня 2020, 15:22

Галоўчанка: ключавая задача ўрада на 2021 год - павялічыць і рэальныя даходы насельніцтва

7 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад у ліку ключавых для сябе задач на 2021 год бачыць павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы аб рабоце эканомікі ў 2020 годзе і праектах прагнозу развіцця краіны на 2021-ы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У цэлым пакет дакументаў на наступны год быў адобраны на нарадзе. Большасць спрэчных пытанняў, паводле слоў прэм'ер-міністра, былі зняты на папярэдніх стадыях абмеркавання, у тым ліку з парламентам, рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання, кіраўніцтвам абласцей. У бліжэйшы час сумесна з Камітэтам дзяржкантролю і Адміністрацыяй Прэзідэнта дакументы будуць скарэкціраваны з улікам выказаных на нарадзе заўваг, а затым унесены на зацвярджэнне кіраўніку дзяржавы.

Раман Галоўчанка падкрэсліў, што прагноз развіцця краіны на наступны год будзе мець сацыяльны характар. "Гэта вельмі важна ў няпростую турбулентную эпоху, якая закранула не толькі Беларусь, але і ў цэлым увесь свет, ён перажывае вельмі сур'ёзны крызіс. Мы назіралі шэраг шокаў для эканомікі ў гэтым годзе, і пакуль няма ўпэўненасці, што ў наступным годзе сітуацыя ў сусветнай эканоміцы значна палепшыцца, - сказаў ён. - Мы зыходзім з таго, што пэўная турбулентнасць і на рынках будзе прысутнічаць, і крызіс попыту будзе прадаўжацца. Таму ўрад рыхтуецца дзейнічаць у складаных умовах. Ключавая задача - не толькі не дапусціць спаду жыццёвага ўзроўню, але і павялічыць рэальныя даходы насельніцтва, строга кантраляваць цэны, імпарт, але рабіць гэта эканамічнымі метадамі, не забароннымі, а наадварот - рабіць тыя праграмы, якія дадуць магчымасць зрабіць айчынныя тавары больш прывабнымі з пункту гледжання іх набыцця".

Напрыклад, прапануецца разгледзець магчымасць крэдытавання набыцця не толькі тавараў, але і паслуг, у прыватнасці адпачынку і лячэння ў айчынных санаторыях. Па аналогіі з тым, як была рэалізавана праграма крэдытавання куплі аўтамабіляў Geely вытворчасці "БЕЛДЖЫ".

Што датычыцца інфляцыі, то яе ўзровень на будучы год устаноўлены ў памеры не больш як 5 працэнтаў. Тэмп росту ВУП - 101,8 працэнта, і Раман Галоўчанка лічыць гэты паказчык даволі напружаным на фоне прагназуемага вельмі нязначнага (да 1 працэнта) зніжэння ВУП па выніках гэтага года. У іншых краінах, у прыватнасці Расіі і Еўрасаюзе, спад ВУП чакаецца на ўзроўні 4-9 працэнтаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі