Сцяг Аўторак, 9 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 ліпеня 2025, 15:59

"Чакаем гасцей восенню ў Мінску". Чаго чакаць ад міжнароднай выстаўкі "ІНАПРАМ. Беларусь"

7 ліпеня, Екацярынбург /Кар. БЕЛТА/. Міжнародную выстаўку "ІНАПРАМ. Беларусь", якая пройдзе 29 верасня - 1 кастрычніка ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры, прэзентавалі ў час прэс-канферэнцыі на палях "ІНАПРАМа" ў Екацярынбургу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ідэя правядзення "ІНАПРАМа" ў Мінску нарадзілася ў 2023 годзе, калі Беларусь была краінай-партнёрам гэтай выстаўкі ў Екацярынбургу. У нас у гэтым годзе адкрыўся новы Мінскі міжнародны выставачны цэнтр, які адпавядае ўсім стандартам для правядзення такіх буйных мерапрыемстваў. У ім 15 тыс. кв.м закрытых плошчаў, вялікая кангрэсная частка, канферэнц-залы. Усім, хто падасць заяўку на ўдзел, хопіць месца і часу для правядзення сваіх дзелавых мерапрыемстваў. Будуць арганізаваны шатлы з чыгуначнага вакзала, з асноўных атэляў, каб удзельнікі і госці маглі прыязджаць і ад'язджаць з камфортам. Чакаем восенню ў нас у Мінску ўсіх - прадстаўнікоў бізнесу, афіцыйныя дэлегацыі. Госці змогуць азнаёміцца з буйнейшай экспазіцыяй Беларусі і паказаць сябе. Чакаем прадстаўнікоў дзясяткаў краін свету па двух напрамках: першы - удзел са сваёй прадукцыяй і прапановамі, другі - удзел у вялікай дзелавой праграме. Заявак ужо даволі шмат. Чакаем і падпісання кантрактаў на палях выстаўкі", - сказаў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў.

Міністр прамысловасці Беларусі Андрэй Кузняцоў падкрэсліў, што такія пляцоўкі, як "ІНАПРАМ", надаюць магутны імпульс развіццю ўзаемадзеяння паміж краінамі. "Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй заўсёды вызначалася высокім узроўнем інтэграцыі і кааперацыі. Кааперацыяй звязаны больш як 10 тыс. беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў", - звярнуў увагу ён.

Намеснік дырэктара па маркетынгу МАЗ Аксана Міхеева адзначыла, што прадпрыемства з'яўляецца штогадовым удзельнікам "ІНАПРАМа" ў Екацярынбургу. "Для нас гэта не толькі буйная выставачная, але і перагаворная пляцоўка, дзе збіраюцца прадстаўнікі расійскіх рэгіёнаў, іншых краін СНД, далёкага замежжа. Штогод мы экспануем актуальныя рашэнні для транспартнага комплексу. Для МАЗа цяпер глабальнай мэтай з'яўляецца пашырэнне кааперацыі з расійскімі прадпрыемствамі, паглыбленне лакалізацыі, інтэграцыя расійскай кампанентнай базы ў нашу тэхніку. Вядома ж, мы вельмі чакаем "ІНАПРАМ" у Мінску, дзе мы зможам экспанаваць больш шырокі мадэльны рад. Папярэдняя канцэпцыя - транспарт на экалагічна чыстым паліве. Будзе прадстаўлены электрычны смеццявоз, газавы аўтобус. Акрамя таго, будуць прадэманстраваны новыя рашэнні для лагістыкі", - анансавала яна.

Паводле інфармацыі арганізатараў, асноўнымі раздзеламі выстаўкі будуць машынабудаванне і кампаненты, металургія і матэрыялы, хімічная прамысловасць, прамысловыя інфармацыйныя тэхналогіі, аўтаматызацыя вытворчасцей, паслугі для прамысловасці. Таксама чакаецца больш за 20 мерапрыемстваў дзелавой праграмы, у тым ліку галоўная пленарная сесія, спецыялізаваныя сесіі па інвестыцыях, інавацыйных тэхналогіях у прамысловасці і экспарце з удзелам міжнародных экспертаў, прэзентацыі прамысловага і інвестыцыйнага патэнцыялу рэгіёнаў, спецыялізаваныя адукацыйныя сесіі для маладых спецыялістаў.

"ІНАПРАМ" - міжнародная прамысловая выстаўка ў Расіі, праводзіцца ў Екацярынбургу штогод з 2010 года. За гады свайго існавання мерапрыемства замацавалася ў статусе ключавой падзеі для расійскай і сусветнай прамысловасці. Беларусь прымае ўдзел у выстаўцы "ІНАПРАМ" у Екацярынбургу з 2012 года. Самай маштабнай яна была ў 2023 годзе ў ганаровым статусе краіны-партнёра. У гэтым годзе "ІНАПРАМ" у Екацярынбургу стаў сувязным мостам да маючай адбыцца падзеі ў Мінску - прэм'ернай выстаўкі "ІНАПРАМ. Беларусь".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі