Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 кастрычніка 2025, 16:06

Чабатар аб урэгуляванні неплацежаздольнасці: большасць прыватных арганізацый выходзіць самастойна

8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намаганні дзяржавы па ўрэгуляванні неплацежаздольнасці прадпрыемстваў накіраваны на захаванне працоўных калектываў. Аб гэтым заявіў журналістам міністр эканомікі Юрый Чабатар на палях міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Урэгуляванне неплацежаздольнасці: тэндэнцыі і перспектывы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Заканадаўства ў галіне неплацежаздольнасці, банкруцтва разглядаем у комплексе з іншымі сферамі. У апошнія гады прынялі вельмі шмат нарматыўных актаў, каб рэагаваць на магчымыя знешнія выклікі, якія звязаны з санкцыйным націскам. Ключавое для эканомікі, на што звяртаем увагу, - кожнае прадпрыемства павінна сёння працаваць", - сказаў Юрый Чабатар.

Ён падкрэсліў, што са свайго боку дзяржава - міністэрствы сумесна з мясцовымі органамі ўлады - прыкладае максімальныя намаганні, каб захаваць працоўныя калектывы і эканамічны патэнцыял.

У Беларусі з 1 кастрычніка 2023 года дзейнічае новы закон "Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці". Ён поўнасцю замяніў сабой ранейшы закон - "Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)".

"Што на самай справе нам удалося, калі мы абнавілі заканадаўства, - праактыўная пазіцыя ў мэтах захавання прадпрыемстваў. Замежныя калегі адзначаюць прагрэсіўнасць закона. Мы бачым, што максімальная колькасць прыватных арганізацый выходзіць самастойна (з крызісу. - Заўвага БЕЛТА), калі ёсць неабходнасць у санацыі, у выратаванні свайго бізнесу, у тым ліку з дапамогай дзяржавы", - адзначыў Юрый Чабатар.

Міністэрства эканомікі сумесна з мясцовымі ўладамі маніторыць работу арганізацый, каб дасудовая працэдура была максімальна задзейнічана, каб мінімальная колькасць прадпрыемстваў зведвала банкруцтва, ліквідацыю, а захоўвалі працаздольнасць. Таксама ўзмоцнены патрабаванні да антыкрызісных кіраўнікоў, паўнамоцтвы міністэрстваў у частцы прыняцця дадатковых мер, унясення нарматыўных актаў, каб рэгуляторыка ў галінах была камфортнай для рэальнага сектара.

"У прынцыпе, вынікі нас задавольваюць. Ацэнка добрая. Павялічыўся і аб'ём кампенсацыі крэдыторам сродкаў, і ёсць паспяховыя прыклады санацыі", - падкрэсліў Юрый Чабатар, дадаўшы, што заканадаўства дае магчымасць уплываць на ўласнікаў, чые няправільныя дзеянні прыводзяць прадпрыемствы да крызісу.

Міністр эканомікі на пленарнай сесіі канферэнцыі агучыў некалькі трэндаў, якія назіраюцца за перыяд дзеяння закона. Так, колькасць арганізацый дзяржсектара з высокай рызыкай банкруцтва скарацілася на 2,8 працэнта. Выручка на саніруемых прадпрыемствах вырасла ў 1,5-2,5 раза. Доля задаволеных патрабаванняў крэдытораў павялічылася з 10 працэнтаў у 2022 годзе да 41,5 працэнта ў I паўгоддзі 2025 года.

У ліку перспектыўных напрамкаў удасканалення нарматыўнай базы Юрый Чабатар назваў павышэнне ролі сходаў крэдытораў, павелічэнне паўнаты справаздачнасці ў рэестры аб банкруцтве, павышэнне патрабаванняў да кампетэнцыі кіраўнікоў і аператараў гандлёвых пляцовак, спрашчэнне ўмоў заключэння міравых пагадненняў, увядзенне інструменту "канвертацыя даўгоў у акцыі".

"Гэта толькі частка заканадаўчай работы, якую трэба правесці. Пры гэтым захаванне прадпрыемстваў, павышэнне іх эфектыўнасці, актыўны ўдзел дзяржавы на ўсіх этапах, далейшая лічбавізацыя працэсаў - вектары прававога рэгулявання, якія застаюцца нязменнымі", - адзначыў міністр.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя арганізавана Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь. У ёй прымаюць удзел кіраўнікі і суддзі Вярхоўнага Суда, прадстаўнікі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Выканаўчага камітэта СНД, Суда Еўразійскага эканамічнага саюза, Міністэрства эканомікі Беларусі, судовых органаў Ірана, Казахстана, Кітая, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана.-0-

Фота Таццяны Матусевіч
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі