9 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусбанк папярэджвае аб новай схеме махлярства ў інтэрнэце, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт банка.
Зламыснік пад выглядам пакупніка звязваецца з ахвярай - прадаўцом якога-небудзь тавару ў інтэрнэце. Як правіла, выбірае аб'явы, размешчаныя на бясплатных сайтах. Пад маркай унясення закладу просіць прадаўца перадаць рэквізіты карты або, напрыклад, смс-код.
Таксама зламыснік можа прадаставіць спасылку на несапраўдны сайт банка, падобны на афіцыйны, з аналагічным адрасам. Пасля гэтага ён атрымлівае доступ да інтэрнэт-банкінгу прадаўца і здымае грошы з рахункаў.
Беларусбанк просіць грамадзян быць уважлівымі, а ўсіх, хто сутыкнуўся з падобнай сітуацыяй, звярнуцца ў праваахоўныя органы.-0-