6 лютага, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларусь па аб'ёме тавараабароту па выніках 2018 года захавала чацвёртае месца сярод усіх гандлёвых партнёраў Расіі і першае - сярод краін СНД. Аб гэтым сведчаць даныя аб расійскім знешнім гандлі, прадстаўленыя карэспандэнту БЕЛТА ў Федэральнай мытнай службе (ФМС) Расіі.
Паводле звестак расійскай мытнай статыстыкі, беларуска-расійскі тавараабарот у 2018 годзе (разам з далічэннямі ФМС на няўлічаныя аб'ёмы ўзаемнага гандлю) склаў $35 млрд 686,2 млн. У параўнанні з 2017 годам ён павялічыўся на 10,8 працэнта.
Беларусь па аб'ёме гандлю з Расіяй апярэдзілі толькі Кітай ($108,3 млрд), Германія ($59,6 млрд) і Нідэрланды ($47,2 млрд). Далей пасля Беларусі ідуць Італія, Турцыя, ЗША, Рэспубліка Карэя, Польшча, Японія, Казахстан і Францыя.
Па выніках 2017 года Беларусь таксама была чацвёртым гандлёвым партнёрам Расіі сярод усіх краін свету і першым - сярод дзяржаў СНД.-0-