Сцяг Нядзеля, 1 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 лютага 2026, 17:43

Беларусь і Разанская вобласць плануюць сістэмна развіваць узаемны біржавы гандаль

Фота з архіва
Фота з архіва
27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа і Гандлёва-прамысловая палата Разанскай вобласці ў 2026 годзе плануюць наладзіць сістэмную скаардынаваную работу па развіцці біржавога гандлю паміж Беларуссю і названым рэгіёнам Расіі. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.

Пры гэтым узаемадзеянне бакоў будзе мець комплексны характар ​​і ахопіць шэраг напрамкаў: ад абмену інфармацыяй і правядзення сумесных дзелавых мерапрыемстваў да прапрацоўкі перспектыўных таварных пазіцый і кансультавання разанскіх суб'ектаў гаспадарання па пытаннях удзелу ў біржавых таргах. Такі парадак супрацоўніцтва вызначаны па выніках перагавораў начальніка ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці БУТБ Яраслава Кавальчука з прэзідэнтам ГПП Разанскай вобласці Людмілай Казловай. Сустрэча адбылася ў рамках візіту прадстаўнікоў біржы ў Разань, стаўшы лагічным прадаўжэннем пагаднення аб супрацоўніцтве, заключанага бакамі ў верасні мінулага года. Падпісаны на выстаўцы "ІНАПРАМ. Беларусь" дакумент даў магчымасць аб'яднаць намаганні дзвюх арганізацый па спрашчэнні доступу разанскіх прадпрыемстваў на беларускі рынак і нарошчванні паставак іх прадукцыі праз біржавы механізм.

Дэлегацыя БУТБ таксама сустрэлася з міністрам эканамічнага развіцця Разанскай вобласці Андрэем Варфаламеевым. Бакі абмеркавалі практычныя пытанні павелічэння аб'ёмаў экспартна-імпартных аперацый праз беларускую біржавую платформу і абазначылі канкрэтныя меры, якія неабходна прыняць для ўключэння разанскіх таваравытворцаў у біржавы гандаль.

Наведванне завода "Руская скура" і перагаворы з яго кіраўніцтвам наглядна прадэманстравалі зацікаўленасць разанскага бізнесу ў выкарыстанні біржавой пляцоўкі. У ходзе сустрэчы разгледжаны магчымасці павелічэння аб'ёмаў закупак беларускай гарбарнай сыравіны і паўфабрыкатаў, а таксама перспектывы прымянення біржавых таргоў у мэтах пашырэння і збыту гатовай прадукцыі.

Цяпер на БУТБ акрэдытаваны 40 суб'ектаў гаспадарання Разанскай вобласці. У структуры біржавых здзелак разанскіх кампаній пераважае імпарт з Беларусі. Найбольшыя аб'ёмы продажаў прыпалі на ліставое шкло, лом каляровых металаў, мясныя субпрадукты і скуру "вет-блю".

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных бірж ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі