12 лістапада, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэатр марыянетак імя Я.С.Дэмені прыбывае ў Гродна з гастролямі, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама.
Старэйшы лялечны тэатр Расіі ў Гродне дасць некалькі спектакляў. Так, на сцэне Гродзенскага абласнога тэатра лялек 15-16 лістапада пакажуць спектакль "Малютка Янот", а 17 лістапада - "Любоў да трох апельсінаў".
"Санкт-Пецярбургскаму дзяржаўнаму тэатру марыянетак імя Я.С.Дэмені ў мінулым сезоне споўнілася 100 гадоў. Вядомы ён і ўнікальнай калекцыяй тэатральных лялек. Мастацкая выразнасць драўляных артыстаў адзначалася на шматлікіх міжнародных выставах. У гродзенскіх гледачоў таксама будзе магчымасць убачыць экспазіцыю "Лялькі для дарослых і дзяцей", - адзначылі ва ўпраўленні культуры.
Для выставы ў Гродне адабраны 33 лялькі, сярод якіх, напрыклад, Пятрушка з аднайменнага спектакля 1924 года ў п'есе Маршака: гэта арыгінальная лялька вулічнага народнага тэатра. Акрамя таго, будуць прадстаўлены лялькі з вядомых пастановак Яўгена Дэмені - "Лекар паняволі" Ж.Б.Мальера, "Прынц і жабрак" паводле аповесці Марка Твэна і іншых. Пазнаёмяцца гледачы і з Чабурашкам, з персанажамі вядомай еўрапейскай казкі "Макс і Морыц". Дарэчы, менавіта па гэтым спектаклі ў 1928 годзе быў зняты першы ў Еўропе ігравы лялечны фільм. Выставу суправаджае народная артыстка Расіі Фаіна Косціна.-0-