Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 чэрвеня 2019, 13:56

Віктар Бабарыкін, Аксана Волкава і Аляксандр Яфрэмаў - намінанты прэмій СД у літаратуры і мастацтве

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Віктар Бабарыкін, Аксана Волкава і Аляксандр Яфрэмаў намініраваны на саісканне прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2019-2020 гады, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі.

Віктар Бабарыкін - заслужаны артыст, галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. Намініраваны за канцэртныя праграмы калектыву, якіх было створана больш за дзвесце.

Аксана Волкава - артыст-вакаліст, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, заслужаная артыстка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Уладальніца ўнікальнага меца-сапрана прыемнага тэмбру поўнага дыяпазону, лічыцца адной з яркіх і перспектыўных салістак оперы. Вылучана на прэмію за серыі сцэнічных вобразаў у галіне музычнага мастацтва і канцэртныя праграмы (2009-2018 гадоў).

Аляксандр Яфрэмаў - мастацкі кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", заслужаны дзеяч мастацтваў, народны артыст Беларусі. Намініраваны за кінафільмы выхаваўчага і патрыятычнага характару, прысвечаныя гераічнай барацьбе савецкага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў час Вялікай Айчыннай вайны, спектаклі рускай і сусветнай драматургіі (1994-2018  гадоў), а таксама цыкл адукацыйных анімацыйных фільмаў "Казкі старога піяніна" пра гісторыю класічнай музыкі.

Вышэйшы Дзяржаўны Савет Саюза Беларусі і Расіі 28 красавіка 1999 года заснаваў тры прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Прэміі прысуджаюцца за значны ўклад ва ўмацаванне адносін братэрства, дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй і ўручаюцца раз у два гады. Упершыню прэміі былі прысуджаны ў 2002 годзе. Тады іх уладальнікамі сталі расійскі акцёр Аляксей Пятрэнка, беларускі драматург Аляксей Дудараў і народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін. Пазней лаўрэатамі прызнаваліся мастакі Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў, Георгій Паплаўскі і Валянцін Сідараў, акцёры Аляксандр Калягін, Расціслаў Янкоўскі і Уладзімір Гасцюхін, кампазітар Аляксандра Пахмутава, дырыжор Міхаіл Фінберг. Памер адной прэміі складае 5 млн расійскіх рублёў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі