8 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У нацыянальным парку "Белавежская пушча" пачаўся чарговы этап будаўніцтва археалагічнага музея пад адкрытым небам, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА навуковы супрацоўнік нацпарку Руслан Кніга.
Новы музейны комплекс з'явіцца ва ўрочышчы Горы каля вёскі Каменюкі. Тут паралельна з навуковымі пошукамі на ўжо даследаваных участках помніка археалогіі будаўнікі пачалі аднаўляць стаянку старажытнага чалавека перыядаў мезаліту і неаліту і паселішча бронзавага веку. Аб'ект будзе ўключаць жылыя і гаспадарчыя пабудовы, якія адпавядаюць гісторыі і культуры таго перыяду.
Археалагічныя даследаванні вядзе экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Вучоным дапамагаюць супрацоўнікі нацыянальнага парку, студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. За месяц раскопак ужо выяўлена некалькі тысяч розных артэфактаў, у тым ліку ўнікальных для еўрапейскай археалогіі.
"Перш за ўсё ўражвае скіфскі бронзавы наканечнік стралы V-IV стагоддзяў да нашай эры, які сведчыць пра ўключанасць у скіфскі свет тэрыторыі сучаснай Беларусі. Асаблівую цікавасць выклікаюць фрагменты арнаментаванай пасудзіны, баявой лодкападобнай сякеры, трохвугольныя крэмніевыя наканечнікі стрэл, крэмніевыя шліфаваныя сякеры культуры шнуравой керамікі. Гэта чарговы раз даказвае, што тэрыторыя пушчы была ўключана ў арэал рассялення старажытных індаеўрапейцаў. Вельмі важнымі ў навуковым плане з'яўляюцца і знаходкі фрагментаў посуду тшынецкай культуры. Яшчэ давядзецца ацаніць і расшыфраваць унікальную знаходку - скарб з 10 крэмніевых нуклеусаў. Схаваныя нашымі продкамі некалькі тысяч гадоў таму, яны сталі здабыткам сучаснай беларускай археалогіі", - расказаў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Вадзім Лакіза.
Першы ў Беларусі археалагічны музей пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы быў адкрыты з мэтай захавання і папулярызацыі ўнікальнай гісторыка-культурнай спадчыны краіны летам 2019 года. Паводле археалагічных даных, было адноўлена ўмацаванае гарадзішча позняга бронзавага - ранняга жалезнага вякоў, якое належыць да VIII стагоддзя да нашай эры - V стагоддзя нашай эры. Следам за ім у пойме ракі Лясная Правая з'явіліся старажытнагерманскі падворак і паселішча славян II-IV і V-IX стагоддзяў нашай эры. Хутка яны таксама расчыняць свае дзверы для наведвальнікаў. Прадугледжваецца, што ў перспектыве новы турыстычны аб'ект будзе ўключаць сем музейных комплексаў, якія будуць адлюстроўваць асаблівасці развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры заходніх рэгіёнаў Беларусі розных гістарычных перыядаў - ад каменнага веку да Сярэднявечча.-0-