Сцяг Субота, 6 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 верасня 2025, 12:10

Спектаклем "Горкі хлеб" Нацыянальнага драмтэатра імя Горкага адкрыўся фестываль "Белая Вежа-2025"

6 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце 5 верасня ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыўся 29-ы міжнародны тэатральны фестываль "Белая Вежа", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У праграму фэсту сёлета ўвайшлі 29 спектакляў ад 29 творчых калектываў з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. Нашу краіну прадставяць сем тэатраў. "Усе калектывы разнапланавыя, вельмі разнастайная праграма. Упэўнена, кожны глядач знойдзе для сябе тое, што яму спадабаецца. У год 80-годдзя Вялікай Перамогі закранаецца тэма гістарычнай праўды ў многіх спектаклях", - адзначыла генеральны дырэктар Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Ганна Сенькавец.
На фестывалі будуць прадстаўлены спектаклі ў розных жанрах на пяці мовах. Пастаноўкі будуць паказаны на пяці пляцоўках: у вялікай і малой залах, у фае Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, у Брэсцкім тэатры лялек і Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры.
Адкрыла "Белую Вежу" дакументальная драма "Горкі хлеб" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Сяргея Кавальчыка. "Наш тэатр з 29 фестываляў быў тут мінімум разоў 15. Атрымалі мы тры Гран-пры. Нас звязвае вялікая, доўгая і прыгожая гісторыя. Кожнае выступленне для нас вялікая радасць. Брэст любіць нас, а мы любім Брэст", - падкрэсліў Сяргей Кавальчык.

"Горкі хлеб" - тры навелы пра дзяцей, якія рана спазналі, што такое вайна. Гэта рэальныя гісторыі, у якіх няма ні кроплі выдумкі. Іх пражылі дзеці, а расказваюць дарослыя. "Паглядзіце, што робіцца ў свеце, паслухайце галасы адтуль! Ужо мы як быццам і ні пры чым да Вялікай Айчыннай вайны. Мы яе выйгралі, але не мы нібыта галоўныя наогул: скажаецца гісторыя на нашых вачах. Гэты спектакль я ставіў, каб раскрыць людзям вочы, расказаць аб сапраўднай вайне. Гэта вайна дзяцей, якія апынуліся ў акупацыі і праз шмат гадоў расказалі аб тым, што яны бачылі. Усе тэксты - дакументальныя", - адзначыў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага.
Адну з роляў у спектаклі "Горкі хлеб" выканаў заслужаны артыст Беларусі міністр культуры Руслан Чарнецкі. "У 2006 годзе са спектаклем "Выпадковы вальс" мне ўпершыню пашанцавала прыехаць на гэты выдатны фестываль. І з таго часу кожны год яго з нецярпеннем чакаю. За гэтыя 20 гадоў я збіўся з ліку, на колькіх фестывалях пабываў (дзесьці каля 15). Тут заўсёды пануе цудоўная тэатральная атмасфера, свята. Гэта падзея не толькі для тэатральнай супольнасці, не толькі для Брэста і Брэсцкай вобласці, але і для ўсёй рэспублікі. Гэта асаблівы фестываль з усіх нашых фестываляў у цэлым", - упэўнены Руслан Чарнецкі.

Цырымонія закрыцця "Белай Вежы" адбудзецца 12 верасня. Арганізатарамі міжнароднага тэатральнага фестывалю з'яўляюцца Міністэрства культуры, Брэсцкі аблвыканкам і Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы.-0-

Фота Віялеты Южаковай
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі