Сцяг Панядзелак, 23 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 снежня 2024, 17:00

Рыжанкоў аб уключэнні выцінанкі ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА: гэта яркая для Беларусі падзея

23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уключэнне беларускай выцінанкі ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА з'яўляецца яркай для нашай краіны падзеяй. Важнасць гэтага адзначыў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў на мерапрыемстве ў Нацыянальным мастацкім музеі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Рашэнне аб уключэнні элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Выцінанка - традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі" ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва было прынята 4 снежня.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства звярнуў увагу на тое, што праз нашу краіну за многія стагоддзі прайшло вельмі шмат, было страчана мноства помнікаў мастацтва і архітэктуры, напрыклад крыж Ефрасінні Полацкай.

"Тое, што мы можам паказаць на міжнародным узроўні і перадаць сваім унукам, і з'яўляецца нематэрыяльнай духоўнай спадчынай. Мы рады разам з вамі адзначыць гэту падзею - рашэнне ЮНЕСКА аб наданні статусу нашай выцінанцы", - адзначыў дыпламат.

Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што выцінанка ў многіх асацыюецца з дзяцінствам, калі немудрагелістыя элементы выразалі з паперы. Міністр падзяліўся, што выцінанцы яго вучыла ў вёсцы бабуля, а бабулю - яе бабуля. Гэта мастацтва, якое з глыбіні стагоддзяў нясе генетычны код Беларусі, сапраўды перадаецца з пакалення ў пакаленне.

"Гэта прадмет гонару, нашай самабытнасці", - заўважыў кіраўнік МЗС, звярнуўшы ўвагу, што наданне высокага міжнароднага статусу беларускай выцінанцы дало магчымасць па-іншаму, больш глыбока глянуць на гэты элемент мастацтва.

Ён падзякаваў прадстаўнікам дыпламатычнага корпуса, якія прыйшлі на мерапрыемства і падтрымалі ў такой важнай падзеі. "Прыйшоўшы на гэта мерапрыемства, падтрымліваючы нашу культуру, яны падтрымліваюць і наш народ, яго імкненне самому вызначаць свой лёс і быць незалежнай, суверэннай дзяржавай", - адзначыў Максім Рыжанкоў.

Ён звярнуў увагу, што плённаму супрацоўніцтву Беларусі з ЮНЕСКА - 70 гадоў. "Мы працуем над тым, каб усе краіны маглі праз ЮНЕСКА паказаць сябе", - падкрэсліў міністр.

Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў час 19-й сесіі прыняў рашэнне аб уключэнні элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Выцінанка - традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі" ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Выцінанка - традыцыйнае мастацтва выразання з паперы, шырока распаўсюджанае ў Беларусі. Рамяство, якое зарадзілася яшчэ ў XVI стагоддзі, сёння набывае другое дыханне. Вытанчанае і шырока прызнанае як элемент беларускай культуры, мастацтва выцінанкі актыўна выкарыстоўваецца ў вонкавым і ўнутраным афармленні прыватных дамоў і грамадскіх месцаў. Яно таксама з'яўляецца неад'емнай часткай традыцыйных свят.

Выцінанка становіцца ўсё больш крэатыўнай, а яе прыгожыя арнаменты пераносяцца на тканіну і выкарыстоўваюцца як элемент адзення. Сучасная выцінанка ахоплівае мноства тэм, якія адлюстроўваюць беларускі спосаб жыцця: любаванне прыродай, беларуская гісторыя, міфалогія, звычаі і вераванні, сельскі і гарадскі побыт. Гэта адна з эстэтычных асноў беларускага менталітэту і культуры.

Уключэнне гэтага рамяства ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва стала вынікам сумеснай работы супольнасцей майстроў выцінанкі, экспертаў і спецыялістаў па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Міністэрства культуры, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Міністэрства замежных спраў і Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА.

Раней у спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА былі ўключаны святочны калядны абрад "Калядныя цары" ў Семежаве Капыльскага раёна Мінскай вобласці (2009 год); "Урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)" у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці (2018 год); "Юраўскі карагод" у Пагосце Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці (2019 год); культура бортніцтва (2020 год); "Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні" (2022 год).-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі