19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прадаўжае праект "РТБДом", у час якога на YouTube-канале знаёміць гледачоў з найбольш цікавымі пастаноўкамі са свайго відэафонду. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў тэатры.
"Мы вырашылі прысвяціць гэты тыдзень выдатнай і ўнікальнай артыстцы РТБД Таццяне Мархель. Усе паклоннікі яе яркага таленту могуць паглядзець спектаклі з яе ўдзелам, а таксама вечар-бенефіс да юбілею з віншавальнымі эцюдамі ад акцёраў і нечаканымі тэатралізаванымі выступленнямі афіцыйных асоб", - расказалі ў тэатры.
Вечар-бенефіс народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель "Таццянін дзень" пакажуць сёння. На 20 мая запланавана трансляцыя спектакля "Адвечная песня", на 22 мая - спектакля "Беларусь. Дыдактыка".-0-