4 верасня, Добруш /Кар. БЕЛТА/. Помнік народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну адкрылі 3 верасня ў Добрушы падчас Дня беларускага пісьменства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Бронзавую скульптуру класіка ўстанавілі на праспекце Міру горада.
Як адзначыў старшыня Добрушскага райвыканкама Аляксандр Матарас на цырымоніі адкрыцця, цяжка пераацаніць уклад класіка ў айчынную і сусветную культуру. "На творах Шамякіна выраслі цэлыя пакаленні беларусаў. Яго творчасць - гэта гімн чалавеку працы, чалавеку-стваральніку", - сказаў кіраўнік раёна.
На яго думку, кнігі аўтара будуць заўсёды запатрабаваны, таму што ў іх - праўда жыцця.
"Мы, жыхары добрушскай зямлі, ганарымся нашым вядомым земляком. У памяць аб яго таленце на радзіме Івана Пятровіча ў аграгарадку Карма ўстаноўлены бронзавы бюст пісьменніка, а Кармянскай сельскай бібліятэцы прысвоена яго імя", - падкрэсліў Аляксандр Матарас.
Рашэнне аб адкрыцці помніка народнаму пісьменніку Беларусі ў Добрушы прынялі ў 2021-м - у год 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна. У аб'яўленым конкурсе на лепшы праект помніка прадставілі праекты скульптараў і творчых калектываў. Пераможцай прызналі работу сталічных скульптараў Уладзіміра Піпіна і Канстанціна Касцючэнкі. Над стварэннем помніка яны працавалі каля года.
На думку дачкі пісьменніка Алесі Шамякінай, якая стала ўдзельніцай цырымоніі адкрыцця, работа скульптараў вельмі ўдалая. "Яшчэ з раніцы мы змаглі паглядзець, нам вельмі спадабаўся помнік", - падзялілася яна.-0-
Фота Сяргея Халадзіліна