Павел Малкоў
16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Супрацоўніцтва Разанскай вобласці Расіі з Беларуссю развіваецца не з пустога ліста, а заснавана на трывалым фундаменце. Аб гэтым заявіў журналістам губернатар гэтага расійскага рэгіёна Павел Малкоў па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што Расію і Беларусь звязваюць вельмі цесныя адносіны, і ў такім жа ключы развіваецца супрацоўніцтва з Разанскай вобласцю. Ужо рэалізуецца вялікая колькасць розных праектаў, ёсць адпаведны план мерапрыемстваў на 2025-2030 гады.
Гэты візіт вялікай прадстаўнічай дэлегацыі, якая ўключае і афіцыйных асоб, і ўдзельнікаў бізнес-супольнасці, накіраваны на правядзенне перагавораў, якія можна ўмоўна падзяліць на два блокі - перспектывы цяперашніх, ужо існуючых праектаў і магчымыя новыя дамоўленасці.
"Мы не дамаўляемся з пустога ліста. У нас ужо назапашаны вялікі пералік праектаў, напрамкаў узаемадзеяння. А самае галоўнае - ёсць прамыя сувязі на ўзроўні афіцыйных асоб і на ўзроўні прадпрыемстваў, асобных кампаній, арганізацый. У нас ужо ёсць трывалы фундамент, на якім мы далей будуем нашы адносіны", - падкрэсліў Павел Малкоў.
Ён таксама адзначыў, што дадатковы стымул для развіцця і пашырэння адносін надалі санкцыі. "Цяжка ўявіць напрамкі, дзе мы не актывізаваліся, - сказаў губернатар. - Шчыра скажу, што вялікая колькасць інвестыцыйных праектаў, рэалізаваных у Разанскай вобласці (сумесна з Беларуссю. - Заўвага БЕЛТА), нарадзіліся якраз дзякуючы санкцыям і дзякуючы таму, што рэалізуецца палітыка імпартазамяшчэння".
"Наша ўзаемадзеянне ахоплівае ўвесь магчымы спектр напрамкаў і пытанняў, пачынаючы ад прамысловасці, сельскай гаспадаркі і заканчваючы культурнай, сацыяльнай, гуманітарнай сферай, - прадоўжыў ён. - Па кожным з гэтых напрамкаў вызначаем новыя крокі".
Напрыклад, рэгіён цесна супрацоўнічае з беларускім "Магілёўліфтмашам", дзе набывае гатовае абсталяванне, а таксама разгортвае сумесную вытворчасць для паставак не толькі ў Разанскую вобласць, але і ў суседнія рэгіёны.
З планаў на перспектыву - супрацоўніцтва ў фармацэўтыцы, вытворчасці медыцынскіх вырабаў. А таксама вялікая зацікаўленасць у далейшым прыцягненні беларускіх спецыялістаў будаўнічай галіны, якія прадэманстравалі ўжо свае магчымасці ў Разанскай вобласці.
"Вельмі высокая якасць правядзення работ. Сам быў з інспекцыяй два месяцы таму (на адным з аб'ектаў. - Заўвага БЕЛТА). Надвор'е - мінус 15 градусаў, валіць снег, гурбы па пояс - працуюць. Культура вытворчасці на вышэйшым узроўні. Высокая рэпутацыя будаўнікоў з Беларусі і так была вядома. Але калі бачыш на свае вочы, хочацца гэта ўзаемадзеянне пашыраць. І сёння мы абмяркоўваем, якія канкрэтна праекты могуць быць рэалізаваны з задзейнічаннем гэтых магчымасцей", - сказаў Павел Малкоў.-0-
