Сцяг Чацвер, 21 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 кастрычніка 2022, 17:17

New Look, міні і сукенка прынцэсы: выставу вясельных убораў паказаў краязнаўчы музей у Брэсце

19 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі прадставілі сёння выставу калекцыі вясельных сукенак, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара музея па навуковай рабоце Вольга Новікава.

"Назва выставы "Пасля Пакрова нявеста гатова" адсылае да народных традыцый. Здаўна ў беларусаў рэлігійнае свята Пакровы лічылася спрыяльным днём для заключэння шлюбаў. Да таго часу, завяршаліся работы на зямлі, быў сабраны ўраджай і можна было спраўляць вяселле. Але выстава прысвечана не толькі традыцыям", растлумачыла Вольга Новікава.

Экспазіцыя разгарнулася на другім паверсе музея. Яе цэнтрам прыцягнення можна назваць калекцыю вясельных сукенак. Наведвальнікі могуць убачыць 15 убораў другой паловы мінулага стагоддзя. "Вясельная мода развівалася ў кантэксце агульнасусветных тэндэнцый. Гэта вельмі добра прасочваецца", - звярнула ўвагу субяседніца.

Напрыклад, на выставе можна ўбачыць сукенку 1957 года, пашытую ў стылі New Look. Такі ўбор у час татальнага дэфіцыту магла сабе дазволіць рэдкая жыхарка Брэсцкай вобласці. Яго шчаслівай уладальніцай была дзяўчына з вёскі Агдэмер Драгічынскага раёна, якой вясельную сукенку прыслала з Канады цётка. "Астатнія тры сукенкі 1950-х гадоў паказваюць тэндэнцыі, уласцівыя для тэрыторыі нашага краю. Шылі вясельныя сукенкі з простай тканіны: баваўнянай, саціну, нейлону. Яны былі простыя, белага або малочнага колераў", - заўважыла Вольга Новікава.

У 1960-я гады нявесты аддавалі перавагу мадэлям у стылі міні. А ў 1970-я, наадварот, карысталіся папулярнасцю вясельныя сукенкі даўжынёй да падлогі. Як правіла, яны былі з гіпюру простага крою, але гэта кампенсавалася доўгім вэлюмам і пальчаткамі. У 1980-я многія дзяўчаты і жанчыны натхняліся вясельным уборам прынцэсы Дзіяны. Перыяд 1990-х ужо характарызуецца большай разнастайнасцю мадэлей.

Таксама на выставе можна ўбачыць архіўныя фатаграфіі, метрычныя кнігі, вясельныя альбомы, запрашэнні на ўрачыстасць, святочныя ўпрыгажэнні. Абавязкова прыцягнуць увагу наведвальнікаў уборы і атрыбуты традыцыйнага беларускага вяселля. Многія з народных абрадаў жыхары Брэсцкай вобласці шануюць да гэтага часу.

Паглядзець вясельную выставу ў абласным краязнаўчым музеі можна будзе да сярэдзіны снежня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі