Сцяг Нядзеля, 24 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 снежня 2011, 10:51

Названы ўладальнікі Нацыянальнай музычнай прэміі

14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уладальнікі Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне эстраднага мастацтва названы 13 снежня на гала-канцэрце ў Палацы Рэспублікі ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Пераможцы вызначаны ў наступных намінацыях: "Лепшы жаночы вакал" - Іна Афанасьева, "Лепшы мужчынскі вакал" - Аляксей Хлястоў, "Лепшая музычная група" - "Троіца", "Адкрыццё года" - "ТЕО", "Лепшы аўтар музыкі" - Леанід Шырын, "Лепшы аўтар слоў" - Ніна Багданава, "Лепшы канцэрт года" - Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч ("Любоў-лёс" на сцэне віцебскага амфітэатра 4 мая 2011 года), "Лепшы журналіст (музычны крытык)" - Алег Клімаў, "Лепшы прадзюсар" - Максім Алейнікаў (група "Топлес", E.V.A), "Лепшы гастрольны тур" - "J:Морс" ("Электрыфікацыя ўсёй краіны"), "Зорачка года" (лепшы юны выканаўца) - Лідзія Заблоцкая, "Лепшая песня на беларускай мове" - Алена Ланская ("Белая ластаўка"), "Лепшы альбом года" - Ганна Хітрык і група S`unduk ("Том першы"), "Лепшы кліп года" - група Litesound ("See You In Vegas"), "Лепшая песня года" - Дзмітрый Калдун ("Караблі"). Прыз "За ўклад у развіццё беларускай эстрады" прысуджаны народнаму артысту СССР і Беларусі Уладзіміру Мулявіну.

Уручаны таксама спецыяльныя прызы: "Аўтарскі дэбют" - група ProSSpekt, "Лепшая аранжыроўка" - Саша Нэма, "Лепшая пастаноўка нумара" (за яркі сцэнічны вобраз) - Венера, "Лепшы дуэт" - Вадзім Галыгін і Ілья Міцько (песня "Толькі ты"), "За развіццё традыцыі беларускай песні" - кіраўнік Нацыянальнага канцэртнага аркестра, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, прафесар Міхаіл Фінберг.

У намінацыі "Прыз глядацкіх сімпатый" па выніках тэлефоннага і інтэрнэт-галасавання перамогу атрымала выканаўца Ірына Відава (кампазіцыя "Апошні раз").

Лаўрэатам уручаны спецыяльныя прызы, дыпломы і грашовыя прэміі. Памер грашовай прэміі вар'іруецца ад 62 да 95 базавых велічынь (цяпер адна базавая велічыня роўная Br35 тыс.).

Дызайн статуэткі Нацыянальнай музычнай прэміі распрацаваў скульптар Андрэй Хацяноўскі - яму таксама належыць аўтарства ўзнагарод Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня". Статуэтка арганічна спалучае ў сабе музычную сімволіку, зорку як сімвал эстрады і беларускія арнаменты.

Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва ўручана ў Беларусі ўпершыню. Яе арганізатарамі выступілі ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" і Міністэрства культуры.
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі