24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны навукова-практычны форум "Мастацкая прастора Еўропы XIX-ХХ стагоддзяў і Станіслаў Манюшка: гісторыя, сучасны стан", прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння класіка польскай і беларускай музыкі, пройдзе ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 30-31 мая, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.
Мэта форуму - усталяванне творчых і навуковых кантактаў з вядучымі замежнымі прадстаўнікамі навукі, культуры і мастацтва, абмеркаванне перспектыўных навукова-даследчых і грамадска-культурных праектаў. Мерапрыемства ахоплівае мастацтвазнаўчую, культуралагічную, краязнаўчую, сацыялагічную праблематыку, актуальныя навуковыя пытанні, звязаныя з новымі ракурсамі даследавання творчасці Станіслава Манюшкі, з вывучэннем культуры Беларусі ў еўрапейскім кантэксце, з увекавечаннем памяці выдатных дзеячаў культуры і мастацтва ў Беларусі і свеце.
Да ўдзелу запрошаны вядучыя спецыялісты з Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы. Плануюцца выступленні вучоных з Польскай акадэміі навук, Ягелонскага ўніверсітэта, Універсітэта імя Адама Міцкевіча, Вільнюскага ўніверсітэта, Расійскай акадэміі навук, Расійскага нацыянальнага музея музыкі, Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.А.Рымскага-Корсакава, Акадэміі рускага балета імя А.Я.Ваганавай, Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Казахскай нацыянальнай акадэміі харэаграфіі, Інстытута культурнай спадчыны Акадэміі навук Малдовы і інш. Чакаецца больш за 100 удзельнікаў.
Самастойнай часткай праграмы стане прэзентацыя дакументальнага фільма тэлеканала "Беларусь 3" пра Станіслава Манюшку і канцэрт з яго твораў мінска-віленскага перыяду творчасці ў выкананні музычнай капэлы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Прэзентацыя і канцэрт адбудуцца 30 мая ў 18.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН.
Таксама будуць працаваць кніжныя выставы: выстава навуковых выданняў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН, выстава аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі. Удзельнікі форуму будуць мець магчымасць наведаць Музей старажытнабеларускай культуры НАН.
Культурная праграма 31 мая ўключае наведванне памятных мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю Станіслава Манюшкі і ўвекавечаннем яго памяці, у тым ліку наведванне раздзела экспазіцыі "Станіслаў Манюшка - дзеяч беларускай музычнай культуры" ў Чэрвеньскім раённым краязнаўчым музеі. Падвядзенне вынікаў форуму адбудзецца ў "Музычнай гасцёўні Станіслава Манюшкі" ў гарадскім пасёлку Смілавічы (Чэрвеньскі раён).
Станіслаў Манюшка нарадзіўся 5 мая 1819 года ў фальварку Убель пад Мінскам і большую частку жыцця быў звязаны па сваёй прафесійнай дзейнасці з Міншчынай і Віленшчынай. У 1840-1850-х гадах у Беларусі быў пастаўлены шэраг музычна-тэатральных твораў кампазітара, у мінска-віленскі перыяд ён дасягнуў творчага ўздыму як аўтар свецкай і духоўнай музыкі розных жанраў. Станіслаў Манюшка ўнёс значны ўклад у музычную культуру розных народаў і быў добра вядомы ў Польшчы, Расіі, Літве і Украіне як кампазітар, дырыжор, педагог, арганіст, аўтарытэтны музычна-грамадскі дзеяч.
Арганізатары форуму - Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН (філіял "Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы НАН Беларусі"). Форум праводзіцца пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску.-0-