Сцяг Пятніца, 22 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 жніўня 2019, 17:14

Факсіміле Брэсцкай Бібліі стала самым незвычайным у гісторыі беларускага друку - Суша

27 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Факсімільнае выданне Брэсцкай Бібліі 1563 года стала самым незвычайным у гісторыі беларускага друку, заявіў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, каардынатар і навуковы кіраўнік выдання Аляксандр Суша на прэс-прэзентацыі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Упэўнены, што выданне ўвойдзе ў гісторыю сучаснай беларускай культуры, як гэта здарылася з самым першым выданнем Брэсцкай Бібліі ў 1563 годзе. Гэта кніга ўнікальная сама па сабе. Брэсцкая Біблія стала легендай, яна лічыцца самай прыгожай, дарагой, вялікай і, як яе часам называюць, самай загадкавай у гісторыі кніжнай культуры Беларусі, - сказаў Аляксандр Суша. - Сучаснае факсімільнае выданне можна ў пэўнай ступені назваць самым незвычайным у гісторыі айчыннага друку. Ні такога памеру, ні такой вагі і аб'ёму кніг у Беларусі не выходзіла".

Факсімільнае выданне важыць 15 кг і налічвае каля 1,5 тыс. старонак фаліянтнага фармату, мае два тытульныя аркушы і аздоблена надзвычай прыгожымі гравюрамі. У ім з абсалютнай дакладнасцю адноўлены ўсе асаблівасці арыгінальнага выдання: яго памер, характар друку, паперы, рукапісныя надпісы і паметкі на старонках кнігі. Спецыяльна для выдання па старадаўніх тэхналогіях і поўнасцю ўручную быў выкананы спецыяльны пераплёт.

Кніга ўзноўлена з унікальнага экзэмпляра, які ў свой час захоўваўся ў бібліятэцы Багуслава Радзівіла."На вялікі жаль, большасць экзэмпляраў Брэсцкай Бібліі няпоўныя. У свеце ёсць шмат фрагментаў, захаваліся проста асобныя лісты. Поўных экзэмпляраў адзінкі, і гэта адзін з найбольш добра захаваных. У ім і пераплёт эпохі, і кніжны блок захаваўся", - дадаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі. Цяпер гэты арыгінал захоўваецца ў Польшчы.

Як адзначыла арт-дырэктар выдавецкага дома "Сегмент" Кіра Сліжыкава, факсіміле стала сапраўдным творчым выклікам. Над праектам працавалі больш за 10 чалавек у выдавецтве. Сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай праведзена спецыяльнае даследаванне, якое дало магчымасць вызначыць, як у тую эпоху афармляліся такія выданні. З мастацка-тэхнічнага пункту гледжання ўсе злучэнні, мацаванні, карашок выкананы так, нібыта кніга выдадзена некалькі стагоддзяў таму. Тое ж датычыцца і фурнітуры, дэкаратыўнага афармлення.

Праект рэалізаваны ў форме дзяржаўна-прыватнага партнёрства пры фінансавай падтрымцы закрытага акцыянернага страхавога таварыства "Белнафтастрах". "Праект атрымаўся ўдалы. Мы і далей гатовы аказваць усялякае садзейнічанне ў любых амбіцыйных культурных, гістарычных і рэлігійных праектах", - адзначыў гендырэктар таварыства Анатоль Чайчыц.

У перспектыве праект плануецца зрабіць агульнадаступным. "Мы хочам, калі будзе зацікаўленасць з боку дзяржаўных, грамадскіх арганізацый, прыватных уладальнікаў, выдаваць кнігу пад заказ", - сказаў Аляксандр Суша.

На гэты час выканана 11 экзэмпляраў. Разам з факсіміле апублікаваны рэзультаты навуковага даследавання аб кніжным помніку, якія паказваюць яго значнасць для айчыннай культуры. Сёння ў Мінску адбылася першая прэзентацыя выдання. Для шырокай грамадскасці факсіміле Брэсцкай Бібліі будзе прэзентавана ў час святкавання тысячагоддзя Брэста, а таксама на Дні беларускага пісьменства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі