Сцяг Пятніца, 27 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 красавіка 2022, 11:52

"Духоўнай радасці ззянне". Выстава гальванапластыкі Аляксандра Плістова адкрыецца ў Гомелі

26 красавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Персанальная выстава майстра гальванапластыкі Аляксандра Плістова "Духоўнай радасці ззянне" адкрыецца 27 красавіка ў Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове.

У выставачнай зале прадставяць каля 60 аўтарскіх работ унікальнага майстра. "Аляксандр Плістоў адзіны ў Беларусі, хто працуе ў напрамку мастацкай гальванапластыкі. З-пад яго рук выйшлі работы, якія ўражваюць майстэрствам выканання", - адзначылі ў абласным цэнтры народнай творчасці.

Працэс вырабу аднаго твора доўгі, карпатлівы і складаны. Аўтар аддае перавагу малюнкам з дробнымі дэталямі. "У яго залатыя рукі і тонкае ўспрыманне навакольнага свету. У калекцыі шмат работ, якія ўвасабляюць вобразы святых. Каб займацца вырабам абразоў, майстар атрымаў благаславенне ў епіскапа Рускай праваслаўнай царквы, архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Арыстарха", - расказалі ва ўстанове.

Аляксандр Плістоў нарадзіўся ў снежні 1966 года ў Віцебскай вобласці. Гальванапластыка стала яго хобі з 1995 года. На працягу больш як 30 гадоў, не маючы спецыяльнай адукацыі, аўтар развівае і ўдасканальвае сваё майстэрства. У яго калекцыі больш за 300 работ, з якімі ён знаёміць як сваіх суайчыннікаў, удзельнічаючы ў разнастайных выставах у гарадах Беларусі, так і жыхароў іншых дзяржаў. Работы Аляксандра Плістова знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Канадзе, Англіі, Амерыцы, Францыі, Японіі, Аўстраліі, Італіі, Германіі і ў многіх іншых краінах свету.

Выстава будзе працаваць па 13 мая. Уваход свабодны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі