Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 сакавіка 2023, 12:15

Археалагічныя знаходкі, часаслоў XVIII стагоддзя: выстава "Музейны прадмет" адкрыецца ў Гомелі

2 сакавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. З паступленнямі мінулага года ў фонды музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля азнаёміць выстава "Музейны прадмет", якая пачне работу 3 сакавіка, паведамілі БЕЛТА ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе.

Як расказалі ў музеі, у мінулым годзе збор папоўніўся на 689 адзінак асноўнага фонду. Археалагічныя і палеанталагічныя знаходкі, прадметы побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ткацтва і вышыўкі, адзенне і аксесуары, посуд і мэбля, друкаваныя выданні, дакументы і фатаграфіі, падораныя гамяльчанамі і гасцямі горада, сувеніры і падарункі, перададзеныя Гомельскім аблвыканкамам, а таксама работы сучасных гомельскіх мастакоў - спектр паступленняў шырокі і разнастайны.

"Стаўшая ўжо традыцыйнай для нашага музея выстава - гэта не толькі магчымасць азнаёміцца з новымі прадметамі, якія атрымалі статус "музейных", але і даведацца пра іх унікальную гісторыю, звязаную з часам або месцам іх стварэння, з асабістай або гістарычнай падзеяй", - расказалі ў палацава-паркавым ансамблі.

"Дарожкі мае мяне да вас прывялі", - з такімі словамі ў пачатку года зазірнула ў музей гамяльчанка Ганна Мажанава, каб перадаць у дар вышываныя некалі ёю дэкаратыўныя дарожкі.

"Свае гісторыі захоўваюць і старадаўні "Часаслоў", выдадзены ў канцы XVIII стагоддзя (здатчыца Н.М.Куцько), і жаночая вясельная кашуля пачатку ХХ стагоддзя (здатчыца Г.В.Вінаградская), і подсцілкі з ручнікамі (здатчыца В.Н.Кірыкова), і чаравікі-шнуроўкі 1920-х гадоў (здатчыца Е.Ю.Сіняўская), і старадаўні мужчынскі фотапартрэт служачага князёў Паскевічаў (здатчыца В.І.Доўгаль)", - пералічылі ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе.

Комплекс прадметаў перадала музею сям'я Фядосавых з Мінска - дакументы, прадметы побыту, мэблі, посуду, фарфор.

Сярод дарыльшчыкаў ва ўстанове назвалі яшчэ многія імёны гамяльчан, якія прынялі ўдзел у папаўненні музейных калекцый, і адрасавалі ім шчырыя словы ўдзячнасці.

Таксама ў 2022 годзе ў фонды музея былі набыты прадметы мэблі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XIX стагоддзя, якія прадстаўлены ў экспазіцыі "Уладальнікі Гомельскага маёнтка Румянцавы і Паскевічы", творы сучаснага выяўленчага мастацтва мастакоў Гомельскай абласной аганізацыі Беларускага саюза мастакоў. Акрамя таго, на працягу года ў музеі праходзілі персанальныя выставы гомельскіх мастакоў, па выніках фонд папоўніўся падоранымі аўтарскімі работамі Яфіма Мінявіцкага, Арсенія Двароніна, Андрэя Крылова, Сцяпана Драмука, Ігара Хайкова, Юрыя Мядзведзева.

Пазнаёміцца з новымі прадметамі і іх гісторыямі дазволіць выстава "Музейны прадмет".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі