Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
08 чэрвеня 2015, 13:17

Віталь Воўк: Прадпрыемствы Мінпрама павінны заняць дастойнае месца ў Міжнародным падзеле працы

Беларускі ўрад для нарошчвання экспарту замацаваў у канцы 2014 года за службовымі асобамі канкрэтныя краіны і рэгіёны. Сярод перспектыўных напрамкаў прагучалі, у тым ліку Індыя і Пакістан, супрацоўніцтва з якімі - адна з самых актуальных тэм апошніх тыдняў. Гэтаму, безумоўна, пасадзейнічалі два візіты на вышэйшым узроўні: Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі - у Пакістан і Прэзідэнта Індыі Пранаба Мукерджы - у Беларусь. Міністр прамысловасці Беларусі, сустаршыня беларуска-індыйскай і беларуска-пакістанскай міжурадавых камісій па супрацоўніцтве ў галіне эканомікі, гандлю, прамысловасці, навукі, тэхналогій і культуры Віталь Воўк расказаў карэспандэнту БЕЛТА, калі можна чакаць першых вынікаў па пагадненнях, заключаных у час візітаў, і над чым прампрадпрыемствам Беларусі трэба будзе папрацаваць для пашырэння супрацоўніцтва з гэтымі краінамі.


Пачаць размову Віталь Воўк прапанаваў з Пакістана і адразу агарошыў, што "краіна, маўляў, перспектыўная, але мы сур'ёзна недапрацоўваем па асваенні гэтага рынку". Сапраўды, у мінулым годзе тавараабарот з Пакістанам быў усяго $58 млн, і размова ідзе не толькі пра прампрадукцыю. У студзені-сакавіку 2015 года экспарт беларускіх тавараў у Пакістан склаў $14,57 млн. Сярод асноўных экспартных артыкулаў - трактары, калійныя ўгнаенні, жгут сінтэтычных ніцей, шыны, валы трансмісійныя. Дарэчы, $10,5 млн з гэтых $14 млн прыпадаюць менавіта на долю прадпрыемстваў Мінпрама.


"Я ўжо гаварыў раней, што нам трэба дасягнуць тавараабароту з Пакістанам у памеры $1 млрд. Занадта аптымістычна? Мы сёння з Украінай маем $6-7 млрд, а там жа 45 млн насельніцтва. Для параўнання - у Пакістане жыве каля 200 млн чалавек. Гэта ж які патэнцыял рынку! І на гэты рынак трэба вельмі сур'ёзна выходзіць па ўсіх напрамках. На жаль, у свой час мы гэту краіну "праспалі", - падкрэсліў міністр і прывёў у якасці прыкладу МТЗ. У лепшыя гады (размова ідзе пра 2008-2009 гады) беларускі трактарны гігант пастаўляў у Пакістан больш як 12 тыс. трактароў у год, цяпер гэта лічба - менш за 3 тыс. "Наша задача - не проста вярнуць свае пазіцыі і пастаўляць тыя ж 12 тыс. трактароў, а павялічыць пастаўкі да 20 тыс.", - адзначыў ён. Пачатак гэтаму пакладзены: у час афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Пакістан быў падпісаны дагавор паміж ААТ "МТЗ" і пакістанскай кампаніяй MTW PAK Assembling Industries на пастаўку 2000 адзінак трактаракамплектаў і 500 адзінак поўнасабраных трактароў. А дзе адзін удачны кантракт, там павінны быць і іншыя.


Плануе пашыраць сваю прысутнасць на рынку Пакістана і ААТ "БелАЗ". Цяпер наш жодзінскі гігант наладжвае ўзаемадзеянне з шэрагам пакістанскіх прадпрыемстваў, сярод якіх будаўнічая кампанія Tabani Group: на "БелАЗе" прапрацоўваюць магчымасць пастаўкі сваёй тэхнікі для цэментных прадпрыемстваў Пакістана. Акрамя таго, беларускія БелАЗы, магчыма, будуць накіроўвацца пакістанскай кампаніі па здабычы медзі, золата і серабра, а таксама кампаніі па здабычы вугалю.


Шэраг папярэдніх дамоўленасцей у ходзе гэтага візіту ў Пакістан заключылі таксама ААТ "Гомсельмаш", "МАЗ", "Бабруйскаграмаш".


"Перад намі цяпер стаіць няпростая задача - ператварыць усе мемарандумы аб намерах у рэальныя кантракты. Толькі па Мінпраме ў час візіту такіх дакументаў было падпісана 8, усяго ж іх каля 20. Работа будзе вельмі напружаная, да таго ж рынак Пакістана - не самы просты, тут трэба ўлічваць шмат фактараў акрамя чыстай эканомікі. Гэта і менталітэт, і адносіны паміж уплывовымі сем'ямі ўнутры краіны, і палітычная абстаноўка", - канстатаваў Віталь Воўк. Міністр прызнаўся, што вельмі моцна аблягчае задачу той факт, што цяпер у Пакістане ёсць беларускае пасольства. "Гэта пункт уваходу, які дапамагае і нам пры асваенні рынку, і пакістанскаму бізнесу, зацікаўленаму ў развіцці супрацоўніцтва. Цяпер бізнесмены гэтай краіны ведаюць, што пры неабходнасці ўсю інфармацыю пра Беларусь і нашы магчымасці змогуць атрымаць у сваёй краіне, проста прыйшоўшы ў пасольства", - расказаў ён. Супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў і Мінпрама будзе развівацца і далей. "Цяпер мы сур'ёзна разглядаем магчымасць прысутнасці нашага прадстаўніка ў пасольстве Беларусі ў Пакістане і беларускіх пасольствах у іншых перспектыўных краінах. А такіх мы для свайго ведамства вызначылі амаль паўтара дзясятка. Спецыялісты Мінпрама пры пасольствах змогуць больш эфектыўна прасоўваць нашы прампрадпрыемствы на новыя рынкі", - падкрэсліў Віталь Воўк.


Гэта датычыцца, без сумненняў, і індыйскага рынку, для выхаду на які трэба яшчэ вельмі шмат працаваць. Праўда, першыя крокі ўжо робяцца. Аб'ём беларуска-індыйскага гандлю ў студзені-сакавіку 2015 года склаў $103,5 млн (тэмп росту 178,7 працэнта), у тым ліку беларускі экспарт у памеры $66,3 млн. Дадатнае гандлёвае сальда для Беларусі склала $29,1 млн. На індыйскі рынак пастаўлена прадукцыя 41 назвы. За аналагічны перыяд 2014 года гэты паказчык склаў 25 пазіцый. Апераджальнымі тэмпамі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года пастаўляліся калійныя ўгнаенні, поліаміды, дрот з нелегіраванай сталі, шкловалакно.


Што датычыцца прампрадпрыемстваў, то яны за студзень-сакавік бягучага года паставілі ў Індыю прадукцыі на суму $642,0 тыс. Аснову экспарту складаюць пастаўкі металапрадукцыі ААТ "БМЗ" на суму $546,7 тыс. і інтэгральных схем ААТ "Інтэграл" - $95,3 тыс. У ліку асноўных экспартуемых тавараў - кар'ерныя самазвалы, трубы для нафта- або газаправодаў, электравымяральная апаратура, валаконна-аптычныя кабелі, інтэгральныя схемы, маніторы.


"Другая па колькасці насельніцтва краіна ў свеце (Індыя) мае не толькі развіты ўнутраны рынак, але і з'яўляецца актыўным іграком на міжнароднай арэне. Лічу, нікога не трэба пераконваць у неабходнасці актыўнага пашырэння на гэтым рынку, нягледзячы на моцную канкурэнцыю. Цяперашні ўзровень тавараабароту ў памеры $400 млн у год не адлюстроўвае нашы магчымасці", - падкрэсілў Віталь Воўк.


Гаворачы аб магчымасцях, якія адкрываюцца для прамысловых прадпрыемстваў, міністр у першую чаргу ўспомніў пра беларускія трактары. "У ходзе візіту Прэзідэнта Індыі ў Беларусь, ААТ "МТЗ" падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з кампаніяй International Tractors Limited. Гэта трэцяя кампанія на індыйскім рынку. І перад нашым трактарным заводам гэта павінна адкрыць цалкам новыя перспектывы. Што ж датычыцца ААТ "БелАЗ", то ім заключана трохбаковае пагадненне з СП Belaz-Enrika Trades and Services і Voltas Limited аб доўгатэрміновым глабальным сэрвісным абслугоўванні сваёй тэхнікі і гарантыях паставак. Гэта пагадненне прадугледжвае пастаўкі жодзінскай тэхнікі ў Індыю на працягу пяці гадоў на агульную суму $100 млн. Акрамя таго, цяпер у Індыі ідуць 4 тэндары, у якіх удзельнічае "БелАЗ", і мы разлічваем на поспех як мінімум у двух з іх. Што яшчэ важна - у звязку з "БелАЗам" на індыйскі рынак выйдзе і наша ААТ "Белшына", - расказаў Віталь Воўк.


Нядрэнныя перспектывы і ў барысаўскага завода "Аўтагідраўзмацняльнік", які заключыў кантракт на суму $701,1 тыс. з кампаніяй ZF Steering Gear (India) Ltd. на пастаўку ў Беларусь аўтакампанентаў. Цяпер кампаніі прапрацоўваюць 5 праектаў па сумеснай вытворчасці.


Яшчэ адзін кантракт заключыў Мінскі падшыпнікавы завод. "Прадпрыемства ўжо даўно працуе на індыйскім рынку. Аб'ёмы пакуль невялікія, але ў час візіту Прэзідэнта Індыі быў падпісаны кантракт з кампаніяй Shree Shyam Bearings Pvt. Ltd. на пастаўку падшыпнікаў на суму $1 млн. І гэта нядрэнна, таму што на МПЗ цяпер ідзе рэканструкцыя, і рэсурсы яму патрэбны, як ніколі", - расказаў міністр.


На пытанне, ці апраўдана замацаванне беларускіх чыноўнікаў за канкрэтнымі рэгіёнамі і краінамі, каб дыверсіфікаваць экспарт, Віталь Воўк з усмешкай адзначыў: "Вельмі правільнае рашэнне, і сітуацыя з Пакістанам і Індыяй гэта даказвае: цяпер у нас значна актывізавалася супрацоўніцтва з гэтымі краінамі. Галоўнае, каб мы не забывалі, што наша задача - дапамагаць прадпрыемствам, накіроўваць іх, карэкціраваць іх работу, а не ператвараць яе ў шэраг папер і нарад".


Для прадпрыемстваў Мінпрама 2015 год - няпросты. Крызіс у Расіі, складаная палітычная сітуацыя ва Украіне не толькі моцна ўдарылі па прамысловасці, але і дакладна вызначылі тыя пункты, на якіх цяпер трэба засяродзіць увагу. "Сэрвіс і якасць - вось тыя напрамкі, па якіх у нас ёсць сур'ёзныя пытанні. Ніхто не будзе купляць машыну, асабліва такую складаную, як "БелАЗ", калі ў краіне няма сэрвіснага цэнтра. Акрамя таго, цяпер увесь сусветны рынак адыходзіць ад універсальнай тэхнікі. Мала ўжо зрабіць адзін добры трактар і прапаноўваць яго ўсім: трэба для кожнай краіны рабіць сваю аплікацыю. Вось над гэтым мы і працуем. Сітуацыя ўскладняецца тым, што выйсці на новыя рынкі цяпер вельмі складана: свет падзелены ўжо. І ўсё-такі прадпрыемствы Мінпрама павінны заняць дастойнае месца ў міжнародным падзеле працы, знайсці свае рынкі і не выпускаць іх з рук. У нас для гэтага ёсць усе магчымасці, проста давядзецца вельмі шмат працаваць", - канстатаваў Віталь Воўк.


Святлана МІХОВІЧ,
БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі