Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
20 лютага 2014, 07:25

Вера Сяргеева: Сярэдняя зарплата ў Мінску ў снежні 2014 года перасягне Br9,3 млн

Амаль чвэрць працоўных рэсурсаў Беларусі сканцэнтравана ў Мінску. У работнікаў сталіцы традыцыйна самы высокі ў краіне сярэдні ўзровень заработнай платы. Разам з тым горад сутыкнуўся з праблемай нізкай прадукцыйнасці працы, што адначасова з неабгрунтаваным ростам даходаў насельніцтва можа прывесці да парушэння эканамічнага балансу. Мінгарвыканкам прапануе шляхі выхаду з існуючай сітуацыі з улікам захавання дастойнага ўзроўню жыцця насельніцтва. Патрабуюць новых поглядаў, падыходаў і пытанні сацыяльнай абароны. У прыярытэце па-ранейшаму вялікія і моцныя сем'і, актыўная працоўная дзейнасць, што прыносіць дастатак, дастойнае жыццё ў пажылым узросце.

ЗАРПЛАТА - АД СЛОВА "ЗАРАБІЦЬ"

За снежань 2013 года работнікі Мінска атрымалі ў сярэднім Br7 млн 962,8 тыс. (для параўнання: сярэдняя заработная плата ў Беларусі склала Br5 млн 854,7 тыс.). Найбольш высокааплатнымі ў сталіцы застаюцца работнікі фінансавай сферы, будаўнічай галіны, прамысловасці, транспарту і сувязі. Ніжэйшай за сярэднегарадскі ўзровень зарплата склалася ў арганізацыях тэкстыльнай і швейнай вытворчасці, гандлю, рамонту аўтамабіляў, бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання, грамадскага харчавання.

Эксперты прагназуюць далейшае павышэнне заработнай платы работнікаў сталіцы. У снежні 2014 года яна перасягне Br9,3 млн. Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Жанна Бірыч адзначыла: "У новым годзе па-ранейшаму высокай будзе заработная плата ў работнікаў фінансавай сферы, будаўнічых арганізацый. У той жа час не будзе расці высокімі тэмпамі зарплата ў прамысловасці, паколькі істотна зніжаны аб'ёмы вытворчасці, ёсць праблемы з рэалізацыяй. Аднак у горада ёсць рэзерв - работа прадпрымальніцкага сектара, які займае вялікую ўдзельную вагу ў эканамічных паказчыках".

Сталічныя арганізацыі ў 2013 годзе так і не пераадолелі негатыўную тэндэнцыю перавышэння тэмпаў росту заработнай платы над тэмпамі росту прадукцыйнасці працы (116,9 працэнта і 102,1 працэнта адпаведна). Найбольшы дысбаланс адзначаўся ў арганізацыях гандлю і грамадскага харчавання, прамысловасці, транспарту і сувязі. Пераадолець нізкі рубеж прадукцыйнасці працы магчыма шляхам правядзення комплекснай мадэрнізацыі і павышэння эфектыўнасці ўкладзеных інвестыцый.

Вырашыць праблему можна і з дапамогай эфектыўнай сістэмы стымулявання працы. Для павышэння матывацыі работнікаў сталічных арганізацый прадаўжаецца ўкараненне камісійных сістэм, "плаваючых акладаў", выплат штомесячнага ўзнагароджання, грэйдзіравання. Такім чынам, наймальнікам прадастаўлена свабода ў выбары сістэмы аплаты працы работнікаў. На практыцы ж большасць наймальнікаў, на жаль, не выкарыстоўваюць гэтыя магчымасці. Толькі чвэрць валаўтваральных арганізацый горада прымяняюць гібкія сістэмы аплаты працы, якія даюць магчымасць устанаўліваць памер зарплаты ў залежнасці ад працоўнага ўкладу работніка.

На думку Жанны Бірыч, з часам усе сталічныя прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі пяройдуць на гібкія сістэмы аплаты працы. Гэта будзе таксама садзейнічаць замацаванню кадраў.

Што датычыцца своечасовасці выплаты заработнай платы, то парушэнне тэрмінаў, а часам і запазычанасць на працягу мінулага года дапускалі 8 арганізацый горада. У сувязі з гэтым галіновы камітэт Мінгарвыканкама ўнёс у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапановы па ўзмацненні адказнасці наймальніка за гэта парушэнне заканадаўства аб працы. Такая мера прадугледжвае выплату няўстойкі наймальнікам за кожны дзень пратэрміноўкі. Калі на працягу каляндарнага года ўстаноўлена тры або больш фактаў несвоечасовай выплаты зарплаты суб'ектамі гаспадарання прыватнай формы ўласнасці, то прапануецца прадаставіць права Мінгарвыканкаму і аблвыканкамам уносіць хадайніцтвы аб іх ліквідацыі.

КАДРЫ ВЫРАШАЮЦЬ УСЁ

У эканоміцы Мінска ў 2013 годзе былі заняты 1 млн 78 тыс. чалавек. Узровень рэгіструемага беспрацоўя не перавысіў 0,2 працэнта ад эканамічна актыўнага насельніцтва - гэта самы нізкі паказчык у рэспубліцы. На аднаго беспрацоўнага прыпадала 11-16 свабодных рабочых месц. Больш за ўсё ў кадрах мелі патрэбу прадпрыемствы прамысловасці, будаўніцтва, транспарту і сувязі, установы аховы здароўя. Попыт на рабочую сілу расце, пры гэтым захоўваецца яго структурна-прафесійны дысбаланс: больш як 70 працэнтаў вакансій прызначаны для рабочых. У сувязі з гэтым Мінгарвыканкам унёс ва ўрад прапановы па аптымізацыі рынку працы і павышэнні прэстыжу прафтэхадукацыі, а таксама па кардынальнай перабудове сістэмы адукацыі ў адпаведнасці з патрэбамі эканомікі.

Рост прадукцыйнасці працы залежыць непасрэдна ад кадравай палітыкі прадпрыемстваў. Станоўчую ролю тут можа адыграць укараненне карткі прафесіянальнага росту (сістэма стымулявання і павышэння кваліфікацыі работнікаў). Прычым размова ідзе не толькі аб кваліфікаваных рабочых, сярэднім персанале, але і аб падрыхтоўцы кіруючых кадраў. Дарэчы, Мінгарвыканкам лічыць мэтазгодным стварыць пры Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі камісію па атэстацыі менеджараў вышэйшага звяна прадпрыемстваў, якая будзе "адсейваць" некампетэнтных кіраўнікоў.

Занепакоенасць выклікае рост вымушанай няпоўнай занятасці. У параўнанні з 2012 годам страты рабочага часу з-за гэтага ўзраслі ў 2,3 раза. Цяпер камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама фарміруе пералік арганізацый, што змогуць прапанаваць часовую занятасць у рамках аплатных грамадскіх работ для работнікаў, якія знаходзяцца ў вымушаных неаплатных водпусках.

"Для шэрага арганізацый горада характэрны высокая цякучасць кадраў, іх залішняя колькасць, у тым ліку супрацоўнікаў кіраўніцкага апарату, нізкі ўзровень аплаты працы. У сувязі з гэтым павышэнне эфектыўнасці выкарыстання кадравых рэсурсаў мае асаблівую значнасць", - лічыць старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч. Правядзенне кадравай дыягностыкі, паводле яе слоў, пакуль не прыносіць значных вынікаў, аднак зацікаўленасць наймальнікаў у вырашэнні праблемы эфектыўнага выкарыстання кадравага патэнцыялу прыкметна павысілася.

У ПРЫЯРЫТЭЦЕ - ПАДТРЫМКА СЕМ'ЯЎ З ДЗЕЦЬМІ

У Мінску прадаўжаецца работа, накіраваная на ўмацаванне патэнцыялу сям'і, удасканаленне мер сацыяльнай абароны. І гэта прыносіць свой плён. У 2013 годзе колькасць шлюбных саюзаў узрасла на 9,8 працэнта ў параўнанні з 2012-м, а колькасць разводаў зменшылася на 2,9 працэнта. Умацоўваецца тэндэнцыя павелічэння нараджальнасці.

Аднак пры гэтым у Мінску па-ранейшаму дамінуюць аднадзетныя сем'і (больш як 70 працэнтаў ад іх агульнай колькасці, або 165,1 тыс. сем'яў). У сувязі з гэтым акцэнт робіцца на стымуляванне нараджэння другога дзіцяці ў сем'ях. Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне сумесна з Мінскім гарадскім аб'яднаннем арганізацый прафсаюзаў распрацаваў дадатковыя працоўныя і сацыяльныя гарантыі работнікам, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей для ўнясення ў калектыўныя дагаворы. Так, прапануецца штомесячнае прадастаўленне свабодных ад работы дзён маці або бацьку, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў.

Асаблівая ўвага традыцыйна ўдзяляецца падтрымцы шматдзетных сем'яў. Цяпер на ўліку ў органах сацыяльнай абароны знаходзяцца каля 8,8 тыс. такіх сем'яў - на 21 працэнт больш, чым год таму. З гарадскога бюджэту на сацыяльную падтрымку шматдзетных сем'яў у мінулым годзе было накіравана больш як Br7,5 млрд.

Малазабяспечаныя сем'і і сем'і, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, могуць разлічваць на дапамогу дзяржавы. У мінулым годзе амаль 20,9 тыс. жыхароў сталіцы атрымалі адрасную сацыяльную дапамогу на агульную суму Br45,5 млрд. Сярэдні памер штомесячнай сацыяльнай дапамогі ў разліку на аднаго атрымальніка ў цэлым па Мінску склаў Br206,6 тыс., аднаразовай сацыяльнай дапамогі - Br1 млн 23,8 тыс. Асноўныя атрымальнікі гэтых дапамог - няпоўныя і шматдзетныя сем'і, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. Акрамя таго, дзяржаўная падтрымка прадастаўлена 296 адзінокім пенсіянерам і інвалідам, 213 беспрацоўным і 264 грамадзянам, вызваленым з месц пазбаўлення волі.

Агульная колькасць атрымальнікаў дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў Мінску ў параўнанні з 2012 годам зменшылася на 2,4 працэнта. Гэта абумоўлена ростам даходаў насельніцтва ў 2012-2013 гадах, а таксама значным павелічэннем са студзеня мінулага года памераў дзіцячых дапамог.

Асаблівая ўвага ў бягучым годзе будзе ўдзяляцца ўкараненню новых форм сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: прадастаўленню паслуг на аснове дагавораў пажыццёвага ўтрымання, кароткатэрміноваму і платнаму знаходжанню пажылых людзей і інвалідаў у стацыянарных установах. У 2013 годзе ў сталіцы было заключана шэсць дагавораў рэнты, у тым ліку тры дагаворы на ўмовах пражывання ў перададзеным пад выплату рэнты жылым памяшканні, і столькі ж - у доме-інтэрнаце. У канцы 2013 года Мінгарвыканкам прыняў рашэнне аб заключэнні дагавораў пажыццёвага ўтрымання яшчэ з дзесяццю адзінокімі людзьмі.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі