Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
12 верасня 2014, 14:06

Васіль Малашэнкаў: Ці гатовы Беларусь з Расіяй да ўвядзення агульнай візы?

Гэтымі днямі ў СМІ прагучала чарговая заява аб тым, што, можа, Беларусь і Расія створаць агульную візавую прастору. Размовы ідуць вельмі даўно, але пакуль гэта ўсё на ўзроўні нават не абмеркавання, а магчымых планаў на будучыню. Цікавая не сама прапанова аб агульнай візе, а тое, як на гэта рэагуюць жыхары дзвюх краін і некаторыя СМІ.


Па існуючай для некаторых масмедыя традыцыі гэта навіна за апошнія суткі зведала цікавыя трансфармацыі. Першапачаткова дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, які і запусціў яе ў інфармацыйную прастору, заявіў, што разглядаецца магчымасць увядзення такой візы. Аднак нехта паспеў перайначыць яго пасыл, карыстальнікі інтэрнэту ўбачылі загалоўкі накшталт "Расія і Беларусь увядуць агульную візу". І пачаліся абмеркаванні. Можна доўга спрачацца, але для пачатку нядрэнна зразумець: гэта яшчэ не вырашана канчаткова, а знаходзіцца на ўзроўні "пытанне пастаўлена і завострана". І наогул - трэба высветліць, ці магчыма гэта тэхнічна.


Стварэнне агульнай візавай прасторы патрабуе, каб у яе ўдзельнікаў нармальна ахоўваліся знешнія граніцы. У гэтым плане ў Саюзнай дзяржаве зроблена многае. Хоць ёсць пэўныя пытанні, напрыклад, па беларуска-ўкраінскім рубяжы, а таксама па граніцы Казахстана і Расіі. Другі важны момант - гэта розныя візавыя рэжымы з трэцімі краінамі. Напрыклад, грамадзяне Грузіі павінны атрымліваць візы для ўезду ў Расію, а ў Беларусь могуць ехаць без візы. Акрамя таго, грамадзяне Расіі плацяць за атрыманне шэнгенскіх віз 35 еўра, а ўладальнікі беларускіх пашпартоў - 60. Краінам - удзельніцам гіпатэтычнай агульнай візавай прасторы спачатку трэба сінхранізаваць такія моманты. Міністэрствам замежных спраў для гэтага трэба правесці вельмі шмат работы.


Як лічыць дырэктар інфармацыйна-асветнай установы "Актуальная канцэпцыя" палітолаг Аляксандр Шпакоўскі, увядзенне агульнай візы пакуль наогул дачаснае. "Калі гаварыць, напрыклад, аб абмежаванні ўезду ў Саюзную дзяржаву непажаданых асоб, якія падазраюцца ў датычнасці да экстрэмісцкіх арганізацый або ўчынення злачынстваў, то такія ўлікі ўжо цяпер існуюць", - адзначыў ён. Тут можна і згадзіцца з экспертам, і паспрачацца. З аднаго боку, Дзяржпагранкамітэт Беларусі і Пагранслужба ФСБ Расіі цесна супрацоўнічаюць у гэтым напрамку. Але ёсць і такія праблемы, якія дапаможа вырашыць менавіта агульная віза. Граніца Расіі і Беларусі фактычна адкрытая. Так, у паяздах на смаленскім напрамку можна сустрэць нарады беларускай міліцыі і расійскай паліцыі, якія маюць права праверыць дакументы ў пасажыраў. Часам праверкі праводзіць Федэральная міграцыйная служба Расіі і г.д. Аднак гэта не пастаянны, а выбарачны кантроль. Час ад часу ўнутраную граніцу Саюзнай дзяржавы ўсё ж такі перасякаюць парушальнікі візавага рэжыму. З іншага боку, калі людзі будуць атрымліваць адну візу, якая дасць магчымасць бесперашкодна перамяшчацца з Расіі ў Беларусь, то можна максімальна аслабіць унутраны кантроль. Але тады паток жадаючых нелегальна трапіць праз тэрыторыі нашых краін у Еўрасаюз можа ўзрасці. Гэта таксама трэба ўлічваць.


У той жа час агульная віза спросціць жыццё звычайных іншаземцаў, якія едуць праз Беларусь у Расію або хацелі б адправіцца ў такое падарожжа. Сярод іх і дзелавыя людзі, і турысты. Ёсць і такая катэгорыя, як жыхары былога СССР, якія выехалі за мяжу на пастаяннае месца жыхарства. Гэта мільёны людзей. У многіх замежныя пашпарты, а грамадзянства Беларусі або Расіі адсутнічае. Нярэдка даводзіцца чуць ад жыхароў краін Балтыі, што яны не супраць наведаць адразу абедзве краіны. У некага і там, і там жывуць сваякі, у некага сябры. Цяпер атрымліваць адразу дзве візы - клапотная справа. З-за гэтага людзі часта напрамую ляцяць самалётам у Расію, абмінаючы Беларусь. Цяжка сказаць, колькі менавіта чалавек паедзе па беларускай тэрыторыі пасля ўвядзення "саюзнай" візы. Але павелічэнне гэтага патоку відавочна, а значыць, будзе куплена больш білетаў на паязды і аўтобусы, больш бензіну прададуць на запраўках і г.д.


У Расію штогод уязджае вялікая колькасць замежных грамадзян. Паводле розных падлікаў, апошнім часам гэта лічба набліжаецца да 30 млн. Зноў жа, многія ўязджаюць з боку ЕС, але ў асноўным тыя, у каго ёсць беларуская віза. Паколькі асноўны сухапутны маршрут у Расію з Еўрасаюза цяпер пралягае праз Беларусь. Вось што сказаў наконт гэтага адзін з жыхароў Вільнюса: "Вядома, я за такую візу (Саюзнай дзяржавы. - Заўвага БЕЛТА). Маючы такую візу, можна наведаць абедзве краіны без лішніх бюракратычных перашкод і часавых рамак. Знікае патрэбнасць транзітнай візы, таму не трэба будзе аб'язджаць Беларусь пры паездцы ў Расію". Аднак пры ўвядзенні агульнай беларуска-расійскай візы пажадана не ўскладняць парадак атрымання гэтага дакумента. Таксама ён нагадаў аб такім станоўчым моманце, як магчымасць для літоўскіх грамадзян знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі да 30 дзён. Зразумела, яму хацелася б распаўсюджвання такога рэжыму на ўсю тэрыторыю Саюзнай дзяржавы.


Як заявіў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, Беларусь робіць захады для аблягчэння паездак турыстаў і прадстаўнікоў дзелавых колаў. Такая работа праводзіцца беларускім бокам мэтанакіравана і даволі паспяхова, у тым ліку разам з расійскімі калегамі. Пры гэтым ён адназначна сказаў, што яшчэ не вядуцца перагаворы паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін наконт пагаднення аб агульнай візавай прасторы.


У сваю чаргу Аляксандр Шпакоўскі звяртае ўвагу на тое, што, калі ўжо і гаварыць аб нейкім магчымым увядзенні агульнай візавай прасторы пасля сінхранізацыі рэжымаў з трэцімі краінамі, то трэба думаць не ў маштабах Саюзнай дзяржавы, а ствараемага Еўразійскага эканамічнага саюза. Нягледзячы на тое, што пасля падзення жалезнай заслоны мінула ўжо не так мала часу, іншаземцы прадаўжаюць адкрываць для сябе былыя савецкія рэспублікі. Агульная візавая прастора мытнай тройкі, якая ў будучым можа стаць чацвёркай або пяцёркай, адкрывае ў гэтым плане больш магчымасцей. Але спачатку трэба дачакацца запуску ЕАЭС і потым ужо выпрацоўваць агульную візавую палітыку. Гаварыць аб агульнай візе можна, але ўсё гэта будзе падобна да гіпотэз, пакуль не будзе пабудаваны неабходны фундамент.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі