Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
18 верасня 2013, 18:59

Валянціна Ляўкоўская: У Беларусі паслугі гаражнага аўтасэрвісу змогуць аказваць легальна толькі ІП - члены кааператыва

У Беларусі легалізуюць паслугі гаражнага аўтасэрвісу, адпаведны ўказ нумар 432 кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 17 верасня. Хто канкрэтна з 1 лістапада зможа ажыццяўляць гэты від работ афіцыйна, якія абавязкі будуць ускладзены на аўтаслесараў у гаражах і кааператывы, якія перавагі гэтага новаўвядзення, расказала журналістам начальнік упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва Міністэрства гандлю Беларусі Валянціна Ляўкоўская. Спецыялісты менавіта гэтага ўпраўлення былі распрацоўшчыкамі дакумента.

Міністэрства гандлю сумесна з дзяржаўнымі органамі праводзіла ў краіне работу па вырашэнню праблем у сферы аўтасэрвісу з 2010 года. Вынікам стала зніжэнне ў Беларусі колькасці нелегальных аўтаслесараў, але гэтага было недастаткова. Таму было вырашана ўстараніць гэтыя цяжкасці шляхам легалізацыі паслуг па тэхнічнаму абслугоўванню і рамонту транспартных сродкаў (з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш як 3,5 т) у гаражы, пераабсталяваным у майстэрню, адзначае Валянціна Ляўкоўская.

Цяпер для таго, каб афіцыйна аказваць паслугі аўтасэрвісу ў гаражы, неабходна ў першую чаргу быць членам гаражнага кааператыва, ва ўстаноўленым парадку зарэгістраваным у якасці індывідуальнага прадпрымальніка. "Толькі індывідуальныя прадпрымальнікі будуць мець права аказваць паслугі гаражнага аўтасэрвісу. Гэта ўжо будзе не проста гараж, а майстэрня-гараж, гэта значыць будзе змяняцца яго прызначэнне", - падкрэсліла начальнік упраўлення. Пасля рэгістрацыі ІП аўтаслесару трэба звярнуцца да старшыні гаражнага кааператыва з заявай, рашэнне будзе прымацца або на агульным сходзе членаў кааператыва, або спецыяльна створанымі ўпраўленнямі. Толькі так можна будзе атрымаць дазвол на тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў у гаражы.

Што датычыцца патрабаванняў, то яны будуць прад'яўляцца як да тых, хто будзе займацца гэтай дзейнасцю, так і непасрэдна да гаражнага кааператыва, які павінен будзе забяспечваць неабходнымі для работы ўмовамі. Па-першае, згодна з рэжымам работы гаража-майстэрні кааператыў абавязаны будзе забяспечваць доступ транспарту, а па-другое, кіраўніцтва кааператыва абавязана будзе заключаць дагаворы на электра- і водазабеспячэнне, вываз цвёрдых бытавых адходаў (ЦБА). Старшыні трэба будзе прадаставіць пляцоўку з цвёрдым пакрыццём для ЦБА і вырашаць усе пытанні, звязаныя з іх вывазам. Прадстаўнік міністэрства таксама адзначыла, што тарыфы на гэтыя паслугі для тых членаў кааператыва, якія маюць намер займацца легальна аўтасэрвісам, адпаведна зменяцца.

Адказваючы на пытанне, ці не будуць кааператывы супраць прыняцця на сябе ўсіх гэтых абавязацельстваў, начальнік упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва міністэрства адзначыла, што новаўвядзенні, якія леглі ў аснову ўказа нумар 432, прапанаваны непасрэдна членамі і старшынямі гаражных кааператываў. "Яны самі стаміліся ад слова "нелегал", таму і прапанавалі афіцыйнае афармленне, таму што сёння многія жадаюць аказваць гэтыя віды паслуг легальна. Што ім гэта дасць? Яны змогуць папярэдне прымаць заяўкі ад кліентаў, рэкламаваць сваю дзейнасць, прадастаўляць спажыўцам гарантыі, што ў сваю чаргу будзе ім на руку, бо, набываючы абарону, спажывец больш ахвотна будзе звяртацца ў гаражы-майстэрні", - растлумачыла Валянціна Ляўкоўская.

Што датычыцца пераліку паслуг, якія змогуць аказваць аўтаслесары ў гаражах, начальнік упраўлення паведаміла, што адпаведная пастанова Савета Міністраў ужо распрацавана і праходзіць стадыю ўзгаднення з усімі зацікаўленымі бакамі. "Сёння магу толькі сказаць, што абслугоўванне і рамонт у гаражах-майстэрнях аўтамабіляў, якія абсталяваны газавымі ўстаноўкамі, будуць забаронены. Таксама будзе ўведзена абмежаванне па вазе аўтамабіляў, гэта значыць агульная маса транспартнага сродку павінна быць не больш як 3,5 т. На першым этапе, вядома, не ўсе віды работ, якія нашым майстрам хацелася б выконваць у сябе ў гаражы, будуць дазволены. Некаторыя з іх непасрэдна звязаны з бяспекай чалавека", - растлумачыла прадстаўнік ведамства. Таму органы, якія ажыццяўляюць сертыфікацыю гэтых відаў работ, будуць сур'ёзна падыходзіць да выдачы названай дакументацыі. Акрамя таго, трэба будзе яшчэ атрымаць санітарна-эпідэміялагічнае заключэнне аб адпаведнасці санітарным правілам.

Калі ж аўтаслесары ў працэсе сваёй работы будуць парушаць акрэсленыя патрабаванні, старшыні змогуць выключыць з кааператыва такіх гора-майстроў, нават з канфіскацыяй маёмасці. Таксама ўладальнікам гаражоў-майстэрань як зарэгістраваным індывідуальным прадпрымальнікам неабходна будзе выплачваць адзіны падатак.

Гэтыя новаўвядзенні, на думку аднаго з распрацоўшчыкаў дакумента, спросцяць дзейнасць кантралюючых органаў, таму што дадуць магчымасць правесці дакладную мяжу паміж паняццямі "легальна" і "нелегальна". Пасля ўступлення ўказа ў сілу (1 лістапада 2013 года) будзе прасцей вызначыць, хто ў гэтым плане парушае заканадаўства і неафіцыйна аказвае паслугі гаражнага аўтасэрвісу.

Кацярына МАРКОВІЧ
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі