Развіццю аграпрамысловага комплексу Беларусі апошнім часам надаецца павышаная ўвага - у лютым бягучага года Прэзідэнт стварыў рабочую групу для вырашэння праблемных пытанняў у АПК, запатрабаваў выпрацаваць і рэалізаваць комплекс мер па павышэнні эфектыўнасці работы гэтага сектара эканомікі. Забеспячэнне якаснай сельскагаспадарчай тэхнікай айчынных аграрыяў з'яўляецца адным з галоўных складнікаў іх паспяховай работы. Вясной было агучана, што арганізацыям аграпрамысловага комплексу Беларусі ў 2014 годзе будзе пастаўлена тэхнікі і абсталявання больш як на Br2,5 трлн. Плануецца, што вёска атрымае сотні машын і агрэгатаў для вырошчвання і ўборкі збожжавых культур, бульбы, травяных кармоў, ільну, абсталяванне для яго перапрацоўкі, тэхніку для правядзення меліярацыйных работ. Планы вялікія, але як ідзе справа з распрацоўкай сучаснай тэхнікі для сельскай гаспадаркі, ці здольна Беларусь самастойна, без прыцягнення ідэй замежных вучоных ствараць новыя запатрабаваныя машыны?
Начальнік галоўнага ўпраўлення інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці Міністэрства прамысловасці Беларусі Валерый Фішман адзначыў, што навуковы патэнцыял краіны такі, што тут здольны ў поўнай меры закрыць патрэбнасці ўнутранага рынку ў найноўшай сельскагаспадарчай тэхніцы. Для таго каб укараніць новую распрацоўку, трэба тры гады - ад пачатку праектавання да доследнага ўзору. Гэта вытлумачальна, паколькі цяпер прад'яўляюцца жорсткія патрабаванні, а запыты да якасці прадукцыі пастаянна растуць. У сувязі з гэтым спецыяліст звярнуў увагу, што цяпер стаіць важнае пытанне аўтаматызацыі вытворчасцей і ўкаранення "бязлюдных" тэхналогій, што дасць магчымасць стабілізаваць якасць прадукцыі.
У сістэме Міністэрства прамысловасці налічваецца 5 навукова-тэхнічных цэнтраў, якія займаюцца распрацоўкамі тэхнікі для сельскай гаспадаркі. Навукова-практычныя цэнтры працуюць пры Нацыянальнай акадэміі навук. Нядаўна было заяўлена, што ў рэспубліцы на базе Мінскага трактарнага завода ствараецца холдынг з 10 прадпрыемстваў - гэта дасць магчымасць не толькі ўшчыльную заняцца распрацоўкамі, але і больш паспяхова прадаваць прадукцыю аб'яднаных у адной структуры кампаній. У прыватнасці, перад "МТЗ-Холдынгам" пастаўлена задача ўтрымаць устойлівыя пазіцыі на рынку з улікам пажаданняў спажыўцоў. Важным з'яўляецца нарошчванне магутнасцей, пашырэнне мадэльнага рада трактароў "Беларус" са спецыфічнымі ўласцівасцямі, якія змогуць выгадна адрозніць іх ад тавараў фірм-канкурэнтаў.
У Беларусі сур'ёзныя канструктарскія службы працуюць і на базе ўсіх асноўных вытворцаў сельскагаспадарчага машынабудавання. Напрыклад, "Гомсельмаш" мае навукова-тэхнічны цэнтр камбайнабудавання - гэта важкая арганізацыя з ужо прызнанымі дасягненнямі. У якасці аднаго з найбольш перспектыўных праектаў прадпрыемства можна выдзеліць асваенне вытворчасці збожжаўборачнага камбайна "Палессе 1624" прапускной здольнасцю 16 кг хлебнай масы ў секунду. У 2013 годзе завершаны выпрабаванні гэтай тэхнікі, а выпуск доследнай партыі пачалі ў бягучым годзе. Новыя камбайны плануецца пастаўляць у рэгіёны з высокай ураджайнасцю.
Затраты на даследчыя работы прадпрыемства "Гомсельмаш" у мінулым годзе склалі Br77,2 млрд, з іх Br73,4 млрд - уласныя сродкі. У гэтым годзе плануецца накіраваць на гэтыя мэты прыкладна такі ж аб'ём інвестыцый. Як адзначае Валерый Фішман, вострых праблем з фінансаваннем інавацыйных распрацовак гомельскага прадпрыемства няма, аднак пэўны недахоп грашовых сродкаў адчуваецца. Каб вырашыць гэта пытанне, планавалася падключыць Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, паколькі сродкаў "Гомсельмаша", Мінпрама і інавацыйнага фонду не заўсёды хапае. Некаторыя распрацоўкі даводзіцца адкладаць.
Агульныя затраты на інавацыйную дзейнасць найбольш буйных прадпрыемстваў Мінпрама, уключаючы МТЗ, "Гомсельмаш", "Бабруйскаграмаш", "Амкадор", склалі ў 2013 годзе прыкладна Br150 млрд. Не меншую суму плануецца асвоіць і ў гэтым годзе.
"Будучыню маюць усе галіны сельскагаспадарчага машынабудавання: аграпрамысловаму комплексу патрэбны трактары, камбайны, агрэгатуемыя машыны, прычапная і самаходная тэхніка, плугі, пасяўныя агрэгаты, і цяпер у Беларусі стаіць задача аб удасканаленні існуючых і стварэнні прынцыпова новых тэхналогій высокага ўзроўню якасці", - рэзюмаваў начальнік галоўнага ўпраўлення інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці Міністэрства прамысловасці Беларусі.