Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны
Аляксандр Муха

Ваганні на валютным рынку: што будзе з беларускім рублём

Каментарыі 19.09.2018 | 11:45

Беларускаму рублю апошнім часам было неспакойна, аднак цяпер ён адыгрывае пазіцыі, што пацвярджаюць апошнія таргі на біржы. У чым прычына такіх ваганняў і чаго чакаць ад курсаў валют у перспектыве - сітуацыю пракаменціраваў БЕЛТА аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

Націск знешніх фактараў

Аляксандр Муха адзначае, што прычынай ваганняў абменнага курса беларускага рубля шмат у чым сталі падзеі на знешнім контуры: зніжэнне курса расійскага рубля ў адносінах да асноўных замежных валют на мінулым тыдні, якое адбылося з-за новых эканамічных санкцый з боку ЗША.

Калі пачалося ўмацаванне расійскага рубля ў адносінах да долара, то атрымалася, што пры прыкладна тым жа курсе беларускага рубля да расійскага рубля адбылося ўмацаванне нашай нацыянальнай валюты, і цяпер беларускі рубель умацоўваецца адносна долара ЗША і еўра.

Цяпер на валютным рынку курс расійскага рубля адносна долара ЗША таргуецца ў раёне 67,41 рубля за $1. "Расійскі рубель пачаў адыгрываць раней страчаныя пазіцыі, і, адпаведна, гэта спрыяльна адбілася на дынаміцы абменнага курса беларускага рубля адносна еўра і долара. Калі прадоўжыцца ўмацаванне расійскага рубля да долара, магчыма, адбудзецца ўмацаванне расійскага рубля да беларускага, гэта значыць абменны курс беларускага рубля да расійскага можа нават крыху знізіцца", - лічыць эксперт. Тады беларускія экспарцёры, якія працуюць на расійскім рынку, змогуць атрымаць дадатковую цэнавую канкурэнтную перавагу.

"Тут важна разумець: рынак РФ - адзін з асноўных для беларускіх экспарцёраў, у прыватнасці для экспарцёраў сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання. Па асобных пазіцыях доля экспарту ў РФ перасягае 80-90 працэнтаў у агульнай структуры экспарту па канкрэтнай таварнай пазіцыі. Таму важна было не дапусціць празмернага ўмацавання беларускага рубля да расійскага, каб не страціць больш аддаленыя рэгіёны Расійскай Федэрацыі, дзе больш транспартнае плячо і вялікія затраты на транспарт і лагістыку. З улікам гэтага аспекту пазіцыя грашовых улад у бягучай сітуацыі, на мой погляд, выглядае абгрунтавана і рацыянальна", - лічыць Аляксандр Муха.

Геапалітыка задасць тон эканоміцы

Гаворачы аб прагнозе па курсах валют, аналітык даследчай групы BusinessForecast.by звяртае ўвагу, што многае будзе залежаць ад таго, ці будуць прыменены новыя санкцыі, якія анансавалі ЗША. Калі так, то наколькі сур'ёзны характар яны будуць мець і наколькі адчувальнымі могуць быць негатыўныя наступствы для эканомікі Расіі і, адпаведна, расійскага рубля.

Адзін з магчымых сцэнарыяў - калі новыя санкцыі будуць і яны акажуцца даволі сур'ёзнымі, то на нейкім лакальным адрэзку можа зноў адбыцца падзенне расійскага рубля адносна асноўных замежных валют. У такім выпадку не выключана, што абменны курс беларускага рубля адносна долара і еўра таксама можа перайсці да павышэння.

"Важна разумець, што ў валютнай карзіне на долю расійскага рубля прыпадае 50 працэнтаў, гэта значыць у нас няма прывязкі і фіксаванага курса беларускага рубля да расійскага на 100 працэнтаў. Каб не дапусціць празмерных ваганняў абменнага курса беларускага рубля да долара і еўра, на асобным адрэзку Нацбанк можа дапусціць некаторае ўмацаванне беларускага рубля да расійскага - гэта магчыма, на мой погляд. Але гэта будзе лакальнае ўмацаванне, не празмернае. У любым выпадку наўрад ці дынаміка абменнага курса беларускага рубля адносна долара і еўра будзе цалкам паўтараць дынаміку расійскага рубля да гэтых валют", - сказаў аналітык.

Калі ўсё ж такі дапусціць, што новага пакета санкцый не будзе, то расійскі рубель можа прадоўжыць умацаванне да долара і еўра на міжнародным валютным рынку. Для Беларусі ў гэтым будзе плюс.

"У гэтых умовах у цэнтральнага банка з'явіцца магчымасць у пэўнай меры знізіць абменны курс беларускага рубля да расійскага, каб дадаткова павысіць цэнавую канкурэнтаздольнасць беларускіх экспарцёраў на расійскім рынку. У такім выпадку празмерных ваганняў беларускага рубля адносна асноўных замежных валют чакаць не варта. З пункту гледжання дынамікі паказчыкаў валютнага рынку Беларусі бягучая сітуацыя на ўнутраным валютным рынку выглядае ўстойлівай", - адзначыў Аляксандр Муха.

Да таго ж насельніцтва па-ранейшаму застаецца чыстым прадаўцом наяўнай замежнай валюты. Гэта дае магчымасць цалкам перакрываць чысты попыт на замежную валюту з боку юрыдычных асоб.

Паводле даных Нацыянальнага банка, суб'екты гаспадарання ў студзені-жніўні 2018 года купілі на чыстай аснове $304,9 млн, у той час як фізічныя асобы, насупраць, прадалі з улікам безнаяўных аперацый $1,075 млрд, а нерэзідэнты - $322,7 млн.

Пры гэтым структура чыстага попыту на валюту з боку насельніцтва ў студзені-жніўні 2018 года склалася наступным чынам: чысты продаж наяўнай валюты - $1,404 млрд і канверсацыя рублёвых дэпазітаў у валютныя ўклады на чыстай аснове - мінус $328,7 млн.

Зялёнае святло для экспарцёраў

Такім чынам, на думку эксперта, цяперашнія ваганні курса беларускага рубля звязаны з геапалітычнымі фактарамі, гэта значыць маюць палітычную падаплёку. Новая хваля ваганняў можа быць абумоўлена новымі санкцыямі з боку ЗША.

"З пункту гледжання фундаментальных эканамічных фактараў якіх-небудзь істотных перадумоў (калі выключыць уплыў геапалітычных фактараў) для падзення расійскага рубля на гэты момант не праглядаецца. Расія з'яўляецца адным з буйнейшых сусветных трымальнікаў золатавалютных рэзерваў ($459,4 млрд на 7 верасня). Пытанне ў тым, ці будуць новыя санкцыі або не і калі так, то наколькі сур'ёзнымі яны будуць? На жаль, геапалітычныя фактары і іх уплыў, у адрозненне ад эканамічных, вельмі складана прагназаваць", - адзначае Аляксандр Муха. Калі не будзе новых санкцый, то цяперашнія значэнні абменных курсаў выглядаюць даволі камфортнымі для беларускіх экспарцёраў.

Паводле слоў эксперта, цяпер няма падстаў драматызаваць сітуацыю на ўнутраным валютным рынку. "Калі ў цэлым глядзець на рэальны эфектыўны курс беларускага рубля адносна карзіны валют краін - асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі, то лічу, што ён знаходзіцца паблізу сваёй раўнаважнай траекторыі. Бягучая дынаміка рэальнага эфектыўнага курса беларускага рубля не аказвае негатыўнага ўплыву на дынаміку экспарту беларускіх тавараў", - гаворыць ён.

Паводле даных Нацыянальнага банка, экспарт беларускіх тавараў і паслуг у студзені-ліпені 2018 года павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года на $3,761 млрд (або на 18,8 працэнта) да $23,759 млрд.

"З пункту гледжання фундаментальных эканамічных фактараў сур'ёзных падстаў для істотнага зніжэння абменнага курса беларускага рубля няма. Гэта пацвярджае дынаміка экспарту і паказчыкаў унутранага валютнага рынку, гэта значыць суадносін попыту і прапанавання валюты з боку фізічных і юрыдычных асоб", - рэзюмуе Аляксандр Муха.

Версія для друку
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Як падрыхтаваць аўтамабіль да зімы Зімовы набор аўтааматара: трос, правады для "прыкурвання", скрабок са шчоткай, рызінавыя дыванкі з высокім бортам, шчыток для радыятара.