Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
02 чэрвеня 2015, 14:31

Вадзім Закрэўскі: Праграма развіцця агульнага электраэнергетычнага рынку ЕАЭС будзе створана з улікам асаблівага меркавання Беларусі

Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе, падпісаны лідарамі Беларусі, Казахстана і Расіі, уступіў у сілу 1 студзеня 2015 года і азнаменаваў пераход трох краін на новы этап супрацоўніцтва, што вядзе да свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы. У пачатку года да саюза прымкнула Арменія, а затым падпісаў дакумент аб далучэнні і Кыргызстан. Дагавор аб ЕАЭС, у прыватнасці, закранае сферы, якія раней, як падкрэслівалі эксперты, знаходзіліся за межамі інтэграцыйнага поля - гэта энергетыка, нафта, нафтапрадукты і газ. У гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА намеснік міністра энергетыкі Беларусі Вадзім Закрэўскі пракаменціраваў, якімі тэмпамі рухаюцца бакі на шляху да стварэння агульнага рынку электраэнергетычных паслуг, якія цяжкасці з'яўляюцца ў працэсе гэтага руху, а таксама якія выгады для сябе можа ў выніку атрымаць наша краіна нараўне з дзяржавамі-партнёрамі.


Такім чынам, дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ў тым ліку вызначыў асноўныя прынцыпы фарміравання агульных рынкаў энергарэсурсаў, уключаючы ўстараненне перашкод у іх гандлі, развіццё канкурэнтнага асяроддзя, стварэнне недыскрымінацыйных умоў для суб'ектаў гаспадарання і спрыяльнай абстаноўкі для прыцягнення інвестыцый у энергетычны комплекс членаў ЕАЭС.


Нядаўна, у маі 2015 года, прэзідэнты краін Еўразійскага эканамічнага саюза зацвердзілі канцэпцыю стварэння агульнага электраэнергетычнага рынку з улікам таго, што Беларусь унесла сваё "Асаблівае меркаванне" ў падтрымку дзяржаўных інтарэсаў - шэраг разыходжанняў у распрацоўцы канцэпцыі беларускі бок не мог аформіць інакш як такім чынам, і гэта ўсіх задаволіла. Чакаецца, што да 1 ліпеня 2016 года будзе створана праграма развіцця агульнага электраэнергетычнага рынку. Гэта азначае, што краіны ЕАЭС распрацуюць адзіныя правілы яго функцыянавання, каб можна было гаварыць аб прынцыпах добрасумленнай канкурэнцыі. На жаль, трэба прызнаць, што ў энергетыцы гэта краевугольны камень.


Паколькі электраэнергетычны комплекс рэспублікі прыкладна на 95 працэнтаў выкарыстоўвае прыродны газ, для краіны стратэгічна важны гэты адсутны ў яе нетрах рэсурс. Беларускія эксперты неаднаразова ўзнімалі наступнае пытанне: ці можна гаварыць аб агульным электраэнергетычным рынку, калі ў ЕАЭС няма адзінага рынку першасных рэсурсаў, уключаючы прыродны газ. "Гэта асноўны бар'ер, які мы абмяркоўвалі сумесна з дзяржавамі - членамі саюза, таму што ўсе яны - газаздабыўныя краіны ў адрозненне ад нас, спажываючай дзяржавы. Але, тым не менш, у дагаворы зафіксавана, што агульны рынак газу будзе створаны не пазней за 2025 год. Магчыма, гэта здарыцца і раней, праблема ў тым, што рынак электраэнергіі павінен быць адкрыты да 2019 года. Казуістыка ў тым, што да названага часу не будзе створаны агульны рынак газу, і, адпаведна, ні пра які прынцып добрасумленнай канкурэнцыі размова не ідзе. Беларускі бок гэта не задавольвае. У Расіі і Казахстане, напрыклад, цана газу ніжэйшая ў два разы, чым у Беларусі", - адзначыў Вадзім Закрэўскі.


Намеснік міністра пры гэтым звярнуў увагу, што электраэнергетычны рынак любой краіны павінен быць канкурэнтаздольным, паколькі кошт электрычнай энергіі ўплывае на работу рэальнага сектара эканомікі і на сабекошт яе прадукцыі. Іншымі словамі, ад работы электраэнергетычнага комплексу залежыць шмат. У канчатковым рахунку - якасць жыцця насельніцтва. З гэтага вынікае, што добрасумленная канкурэнцыя на электраэнергетычным рынку без рыначнага цэнаўтварэння на першасны від паліва немагчыма.


Беларусь, зыходзячы з цяперашніх рэалій, прапанавала сваю рэдакцыю канцэпцыі, дзе замацавана, што да фарміравання агульнага рынку газу дзяржавы ЕАЭС будуць працаваць на рынку электрычнай энергіі суб'ектным складам. Наша краіна павінна забяспечыць паэтапную трансфармацыю структуры кіравання нацыянальнай вертыкальна інтэграванай кампаніі ў сферы электраэнергетыкі з мэтай выдзялення канкурэнтных і манапольных відаў дзейнасці. Цяпер рыхтуюцца прапановы па яе рэфармаванні і рэструктурызацыі. Спецыялісты беларускага Мінэнерга распрацавалі канцэпцыю закона аб электраэнергетыцы - нарматыўнага дакумента, які дасць магчымасць фармалізаваць новыя прынцыпы.


Трэба адзначыць, што краіны ЕАЭС павінны забяспечыць бесперашкодны доступ да паслуг суб'ектаў натуральных манаполій у сферы электраэнергетыкі ў межах існуючай тэхнічнай магчымасці пры ўмове прыярытэтнага выкарыстання названых паслуг для забеспячэння ўнутраных патрэбнасцей у электрычнай энергіі.


Як было адзначана вышэй, да стварэння агульнага рынку газу, бакі будуць працаваць суб'ектным складам, упаўнаважаным дзяржавай-членам. Гэта азначае, што купляць імпартную электраэнергію будзе ўпаўнаважаная дзяржавай арганізацыя (так званы аператар аптовага рынку), зыходзячы з балансу электраэнергіі ўнутры краіны і з улікам эканамічнай мэтазгоднасці. Пасля стварэння і ўступлення ў дзеянне агульнага рынку газу, суб'екты гаспадарання ўнутраных аптовых рынкаў атрымаюць магчымасць куплі электрычнай энергіі з іншай краіны з улікам тэхнічнай магчымасці, інакш кажучы прапускной здольнасці электрычных сетак. Напрыклад, ААТ "БМЗ" зможа заключыць дагаворныя адносіны на куплю электраэнергіі з Расіі, аплаціўшы пры гэтым транзіт энергіі па беларускіх і расійскіх перадаючых сетках.


Беларусь не мае ілюзій адносна таго, што агульны рынак газу пачне працаваць раней за 2025 год. Такі вывад можна зрабіць, вывучыўшы праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Расійскай Федэрацыі да 2030 года, дзе адсутнічаюць нормы і мерапрыемствы, якія забяспечылі б выхад на роўнадаходныя цэны на газ. Гэта сведчыць аб тым, што ў Расіі будзе прадоўжана падтрымка (датацыі) свайго рэальнага сектара эканомікі.


Праграма фарміравання агульнага электраэнергетычнага рынку, якую ўдзельнікі саюза зацвердзяць у 2016 годзе, павінна змяшчаць пералік мерапрыемстваў, а таксама этапы ўдасканалення структуры кіравання галіны. У Беларусі, напрыклад, плануецца стварыць РУП "Белгенерацыя", якое аб'яднае 12 станцый высокага ціску і дасць магчымасць забяспечыць устойлівую і надзейную работу энергасістэмы краіны. Акрамя таго, плануецца стварыць арганізацыю, суб'ект натуральнай манаполіі, упаўнаважаную на перадачу энергіі па электрасетках напружаннем 220 кВ і вышэй.


На думку экспертаў, у тым ліку субяседніка карэспандэнта БЕЛТА, падтрымліваць на належным узроўні і кантраляваць работу энергасістэмы Беларусі прасцей з-за яе параўнальна невялікіх памераў. Акрамя таго, агульны электраэнергетычны рынак фарміруецца з краінамі са збыткоўнымі ўстаноўленымі магутнасцямі энергасістэм. Так, напрыклад, толькі ў Расіі каля 175 працэнтаў збыткоўных магутнасцей. "У нас гэты паказчык на ўзроўні 145 працэнтаў, і ён укладваецца ў норму энергетычнай бяспекі, што дасць магчымасць у выпадку аварый забяспечыць устойлівую работу энергасістэмы і вытворчасць электраэнергіі для спажыўцоў", - удакладніў намеснік міністра. Таму для нас маюць інтарэс рэгіёны з дэфіцытам электраэнергіі, напрыклад, краіны Балтыі. У Еўрасаюзе, дзе дагэтуль няма адзінага рынку электраэнергіі, некаторыя дзяржавы маюць дэфіцыт электраэнергіі, а значыць, там ёсць патэнцыяльныя спажыўцы. "У ЕС ёсць умовы доступу да аб'ектаў натуральных манаполій - вось што і мы павінны зрабіць: распрацаваць аналагічныя правілы доступу да электрычных сетак, нафта- і газаправодаў. Інакш кажучы, дакументальна замацаваць, на якіх умовах суб'екты гаспадарання могуць атрымаць доступ да адпаведных паслуг", - падкрэсліў намеснік кіраўніка ведамства.


Падводзячы вынік і адзначаючы выгады, якія можа атрымаць краіна ад увядзення агульнага рынку электраэнергіі, Вадзім Закрэўскі ў першую чаргу адзначыў, што Беларусь умацуе свае тэхналагічныя сувязі. "Паралельная работа ўсіх энергасістэм - гэта надзейна. Што датычыцца перспектыў супрацоўніцтва, то яно стане выгадным, калі будуць створаны неабходныя ўмовы і перадумовы для добрасумленнай канкурэнцыі, што дасць магчымасць зніжаць сабекошт і тарыфы на энергарэсурсы для рэальнага сектара эканомікі і насельніцтва. Хоць гэта і вельмі складаны працэс, толькі гэтыя выгады могуць быць зразумелыя кожнаму. Толькі яны здольны пераканаць і запэўніць усіх, што мы ідзём у патрэбным напрамку", - рэзюмаваў намеснік міністра энергетыкі Беларусі.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі