Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
14 кастрычніка 2013, 12:31

Вадзім Гігін: На прэс-канферэнцыі расійскім СМІ А.Лукашэнка прадэманстраваў энергію, адкрытасць і палітычную волю

Кожная прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі становіцца важнай палітычнай падзеяй. Пры гэтым сустрэчы з расійскімі журналістамі сталі ўжо нейкім асаблівым жанрам. І па стылю размовы, па ступені адкрытасці адчуваецца, што для беларускага лідара гэта не фармальная падстава, а магчымасць падзяліцца сваімі думкамі з горадам і светам, расказаць аб запаветным, даць ацэнкі хвалюючым падзеям.

Пяць з палавінай гадзін жывога, дынамічнага, адкрытага дыялогу. На самай справе гэта рэдкасць у сучаснай палітыцы, дзе цынізм стаў ледзь не правілам добрага тону.

Напэўна, няма ніводнай актуальнай тэмы, якую не закрануў бы Прэзідэнт у час пятнічнай сустрэчы, што стала сапраўдным інфармацыйным марафонам. Ключавымі словамі беларускага лідара сталі "Увесь мой піяр - гэта мая Беларусь і мая работа". Калі хочаце, гэта палітычнае крэда Аляксандра Лукашэнкі. Наогул, у гэтай прэс-канферэнцыі відавочна прасочваецца асобасны фактар.

На прэс-канферэнцыі былі расстаўлены ўсе кропкі над і ў праславутай калійнай гісторыі. Некаму вельмі хацелася б раздуць з гэтага расійска-беларускі канфлікт, менавіта ў такім ключы інфармаваць і расійскае грамадства. Але была дадзена сапраўды дзяржаўная ацэнка сітуацыі. Галоўнае - ніякі алігарх, інтрыган ад палітыкі або бізнесу не зможа разбурыць саюзніцкіх адносін дзвюх краін.

Прэзідэнт вельмі адкрыта ахарактарызаваў свае адносіны з Уладзімірам Пуціным: "Важна не тое, што абмяркоўваем, важна тое, як мы абмяркоўваем гэтыя пытанні. Гэта абсалютна дружалюбнае абмеркаванне. Мы заўсёды можам сесці за стол і вельмі шчыра, што часам нават недапушчальна ў адносінах, напрыклад, Расіі з Амерыкай, з іншымі дзяржавамі, вельмі адкрыта, як сябры, абмяркоўваць праблемы. Гэта таксама вялікае дасягненне".

Пры аналізе праблем не было ніякага ўслаўлення, ялейнасці. Тут жа ішла ацэнка прычын іх узнікнення, былі дадзены канкрэтныя даручэнні ўраду і пастаўлены новыя задачы.

Так адбылося з прыпыненнем зборкі трактароў МТЗ у Смаленску. Беларускія чыноўнікі павінны былі тут жа адказваць і перад Прэзідэнтам, і перад расійскай прэсай. З боку журналіста са Смаленска, які паставіў балючае пытанне, гэта не было пустой цікавасцю. Для Смаленшчыны супрацоўніцтва з Беларуссю, ажыццяўленне саюзных праграм - справа жыццёвая, карэнная.

Аляксандр Лукашэнка закрануў і ролю Беларусі ў свеце. Беларусь гатова супрацоўнічаць з усімі. Галоўнае - не дапускаць непатрэбнай палітычнай траскатні. І гэта характэрная рыса беларускага фірменнага стылю вырашэння многіх складаных канфліктаў, у тым ліку на міжнароднай арэне: ніякага пустазвонства і фармалізму, жыццё само расставіць акцэнты, а там знойдзецца і вырашэнне пытання. Вядома, павінна быць палітычная воля, каб прыйсці да прымальнага рашэння. А такая незвычайная воля ў беларускага лідара ёсць. І прэс-канферэнцыя яшчэ раз гэта наглядна прадэманстравала.

У цэнтры абмеркавання аказаліся не толькі адносіны з Расіяй, але і адно з самых вострых пытанняў для нашага рэгіёна - чаканае ў хуткім часе падпісанне Украінай пагаднення з ЕС аб асацыяцыі. Тут Аляксандр Лукашэнка ўжо каторы раз выступіў як палітык, які ўраўнаважвае розныя геапалітычныя ўплывы, здольны згладжваць міждзяржаўныя супярэчнасці. Падкрэсліваючы, што збліжэнне з ЕС не павінна закрываць для Украіны магчымасць удзельнічаць у Адзінай эканамічнай прасторы, а ў перспектыве і ў Еўразійскім эканамічным саюзе, што ствараецца, кіраўнік беларускай дзяржавы фактычна намеціў дарожную карту выхаду са складанай палітычнай сітуацыі.

Аляксандр Лукашэнка паўстаў і як лідар, які адстойвае традыцыйныя еўрапейскія каштоўнасці, аб якіх цяпер, здаецца, у Еўропе пачынаюць забываць. Ён адкрыта абараняе традыцыйную сям'ю, бачыць у ёй аснову моцнай дзяржавы і грамадства. Не саромеючыся, гаворыць аб тым, што ў Беларусі захоўваецца смяротнае пакаранне, але толькі за самыя цяжкія злачынствы, і гэта выбар народа. Па вялікім рахунку, барацьба з карупцыяй, якой у час прэс-канферэнцыі было ўдзелена шмат увагі, - гэта таксама частка сістэмы традыцыйных каштоўнасцей.

Вельмі часта ў палітычных матэрыялах аглядальнікі дзяжурна пішуць штосьці накшталт "на сустрэчы былі звераны гадзіннікі", "атрыманы адказы на многія пытанні". Але па эмацыянальнаму зараду, стылю размовы кіраўніка беларускай дзяржавы з расійскімі журналістамі адчувалася, што ў Мінску адбыўся дыялог сяброў, людзей, якія ўжо сумуюць па сустрэчы. Дзесьці магло скласціся ўражанне, што для расійскіх калег размова з Аляксандрам Лукашэнкам - гэта нейкі камертон. Ці выстаіць Беларусь? Ці вытрымае? Ці не змянілі беларусы свае прыярытэты? Паколькі для многіх Беларусь, як апошні бастыён, надзея на тое, што можна ў нашым свеце супраціўляцца нястрымнай глабалізацыі, уніфікацыі, спробам растварыць у нейкім новым свеце нацыянальную ідэнтычнасць, культуру, традыцыі.

І яшчэ. Мы даведаліся, чым па-сапраўднаму ганарыцца Прэзідэнт, - стварэннем сапраўды незалежнай і суверэннай дзяржавы. Ён падкрэсліў: "Мы, беларускі народ, зрабілі гэта разам". У нас шмат спрачаюцца аб нацыянальнай ідэі, якая можа аб'яднаць людзей. Фактычна Аляксандр Лукашэнка ў некалькіх фразах сфармуляваў аб'яднальную ідэю - ідэю, якая можа прымяняцца не толькі да беларусаў, але і да братоў-расіян. Паколькі ў агульным доме нікога не дзеляць на сваіх і чужых. І гэта таксама найвялікшае дасягненне.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі