Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
30 кастрычніка 2014, 15:04

Уладзімір Мацвееў: Гісторыя прарыву: ААЭ і Беларусь становяцца бліжэй

Далёкія і даволі экзатычныя для большасці беларусаў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты апошнімі днямі сталі значна бліжэй. Уся краіна, і не толькі, пільна сочыць за падзеямі рабочага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў ААЭ, які эксперты і з аднаго, і з другога боку ўжо называюць не інакш як прарывам. Пры гэтым асабліва адзначаюцца цёплы дружалюбны тон і адкрытасць дыялогу, нацэленасць на ўзаемавыгаднае і доўгатэрміновае супрацоўніцтва. Як вынік - шматлікія прапановы па шэрагу сумесных праектаў, і гэта лепшае пацвярджэнне таго, што ў беларусах убачылі надзейных і перспектыўных партнёраў. Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, Беларусь і ААЭ поўныя рашучасці вывесці двухбаковыя адносіны на якасна новы ўзровень: у разы нарасціць тавараабарот, умацаваць узаемадзеянне па шэрагу прыярытэтных напрамкаў. Сярод іх - сельская гаспадарка, прамысловасць, адукацыя, авіяцыя, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, прыцягненне інвестыцый, стварэнне сумесных прадпрыемстваў.


Ужо цяпер ААЭ - асноўны гандлёвы партнёр Беларусі сярод арабскіх дзяржаў Персідскага заліва. Галоўныя артыкулы беларускага экспарту ў ААЭ - часткі для аўтамабіляў і трактароў, тытунёвыя вырабы, сінтэтычныя валокны, рухавікі і сілавыя ўстаноўкі, калійныя ўгнаенні, падшыпнікі, прычэпы і паўпрычэпы. Па стане на 2013 год у Беларусі было зарэгістравана 14 арганізацый з удзелам эмірацкага капіталу і прыцягнута інвестыцый з ААЭ на суму $54 млн. Прыкладна ў столькі ж ацэньваўся і аб'ём двухбаковага тавараабароту. Акрамя таго, Беларусь і ААЭ вызначае высокі ўзровень палітычнага ўзаемадзеяння. Пазіцыі дзвюх краін супадаюць па ключавых пытаннях міжнароднага парадку дня, якiя разглядаюцца ў ААН.


Але ўсё гэта цяпер толькі лічбы статыстыкі, паколькі краіны адкрываюць новую, значна больш маштабную старонку ў адносінах. Выкананне дасягнутых у час рабочага візіту беларускага Прэзідэнта дамоўленасцей у гандлёва-эканамічнай, крэдытна-інвестыцыйнай, навукова-тэхнічнай сферах дасць магчымасць не проста істотна павялічыць тавараабарот, але і забяспечыць рэалізацыю на тэрыторыі Беларусі праектаў з удзелам эмірацкага капіталу. Больш таго, тым самым знаходзіць практычнае пацвярджэнне эфектыўнасць канцэпцыі "далёкай дугі" ў беларускай знешняй палітыцы.


У прыватнасці, дасягнута дамоўленасць аб стварэнні ў ААЭ ў ходзе рэалізацыі раней заключаных кантрактаў на пастаўку аўтатэхнікі дылерскага цэнтра прадукцыі ААТ "МАЗ", уключаючы станцыю тэхнічнага абслугоўвання, а таксама склада запасных частак і пастаянна дзеючай выстаўкі аўтатэхнікі. Праведзены перагаворы з эмірацкім інвестарам, зацікаўленым у стварэнні вытворча-прамысловага кластара на тэрыторыі індустрыяльнага парка "Вялікі камень" (з ацэначным аб'ёмам інвестыцый $170 млн). Вызначаны таксама ўмовы прыцягнення сродкаў Фонду развіцця Абу-Дабі для рэалізацыі ў Беларусі доўгатэрміновых інфраструктурных праектаў.


Беларускімі арганізацыямі, занятымі ў галіне даследавання касмічнай прасторы, праведзены перагаворы з Эмірацкім інстытутам навукі і тэхналогій і Касмічным агенцтвам ААЭ па наладжванні супрацоўніцтва ў галіне касмічных даследаванняў.


Акрамя таго, узгоднены мерапрыемствы па падрыхтоўцы і правядзенні ў снежні ў Абу-Дабі сумеснага Беларуска-эмірацкага навуковага сімпозіума і выстаўкі навукова-тэхнічнага патэнцыялу Беларусі.


Патэнцыял узаемавыгаднага партнёрства


Тэма рэалізацыі істотнага патэнцыялу для развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААЭ абмяркоўвалася 28 кастрычніка на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з наследным прынцам эмірата Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам.


У час сустрэчы, якая прадаўжалася больш як дзве гадзіны, былі абмеркаваны як бягучыя праекты, так і акрэслены задачы на бліжэйшую перспектыву. У цэнтры ўвагі быў шырокі спектр пытанняў, пачынаючы ад гуманітарнага супрацоўніцтва, актуальнага парадку дня сусветнай палітыкі і да канкрэтных двухбаковых праектаў паміж Беларуссю і ААЭ. Аляксандр Лукашэнка і шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян далі даручэнні вызначыць 3-4 ключавыя праекты, рэалізацыя якіх дала б магчымасць вывесці адносіны паміж дзвюма краінамі на якасна новы ўзровень. Бакі з задавальненнем адзначылі станоўчыя вынікі другога пасяджэння сумеснага камітэта па супрацоўніцтве паміж урадамі Беларусі і ААЭ.


"Сустрэча атрымалася вельмі насычанай, доўгай, што для мясцовых традыцый даволі ўнікальна, - расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў ААЭ Раман Галоўчанка.


Паводле слоў дыпламата, размова ішла аб павелічэнні ўзаемнага тавараабароту паміж Беларуссю і ААЭ. На сустрэчы былі дадзены даручэнні па вызначэнні тых груп тавараў, якія запатрабаваны ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, для правядзення агрэсіўнай маркетынгавай палітыкі. Справа ў тым, што ААЭ маюць не толькі ёмісты ўнутраны рынак, але і з'яўляюцца прызнаным сусветным цэнтрам рээкспартнай даходнасці. Большасць таварных патокаў, якія ідуць у краіны Афрыкі, праходзяць праз ААЭ, іх свабодныя зоны, свабодныя мытныя склады, створаныя тут. Таму гэта адзін з істотных перспектыўных напрамкаў, над якім будуць працаваць беларускія экспарцёры, - над стварэннем свабодных складоў прадукцыі ў свабодных эканамічных зонах ААЭ для далейшай дыстрыбуцыі тавараў на бліжэйшыя рынкі.


У той жа час Беларусь мае нядрэнныя паказчыкі па дыверсіфікацыі экспарту ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Некалі экспарт Беларусі ў гэту краіну быў монатаварны, пастаўляліся толькі асобныя пазіцыі нафтахімічнага комплексу, цяпер наменклатура тавараў даволі вялікая: ад малочнай прадукцыі да седлавых цягачоў, гарсэтных вырабаў.


У ААЭ пасля доўгага перапынку адноўлены пастаўкі грузавых аўтамабіляў МАЗ, пачаты экспарт беларускай шыннай прадукцыі. Няхай пакуль гэтыя аб'ёмы ў іх фізічным вылічэнні невялікія, але гэта вялікае дасягненне, таму што рынак ААЭ вызначаецца высокай канкурэнцыяй, тут прысутнічаюць практычна ўсе сусветныя вытворцы за кошт спрыяльнага дзелавога асяроддзя, адсутнасці мер тарыфнай абароны рынку. І беларускія вытворцы ў гэтых умовах знаходзяць свае нішы.


Значны патэнцыял для работы на рынку ААЭ таксама ёсць у беларускіх вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання. Практычна 90 працэнтаў прадуктаў харчавання не толькі ў ААЭ, але і ва ўсім рэгіёне Персідскага заліва імпартуюцца. У сувязі з гэтым беларускія вытворцы павінны больш актыўна нарошчваць сваю прысутнасць на рынку.


"Думаю, у бліжэйшы час мы зможам істотна нарасціць пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання, у першую чаргу размова ідзе аб прадукцыі малакаперапрацоўкі, агародніне, мясных і каўбасных вырабах. Тым больш што ўжо некаторыя з беларускіх прадпрыемстваў мясаперапрацоўчай галіны праходзяць сертыфікацыю па ісламскіх стандартах халяль, якія дадуць магчымасць працаваць практычна ва ўсім рэгіёне Блізкага Усходу і ісламскага свету", - адзначыў Раман Галоўчанка.


Інвестыцыйныя перспектывы


Беларусь прапануе Аб'яднаным Арабскім Эміратам рэалізаваць некалькі маштабных інвестпраектаў і бачыць у гэтай краіне партнёра, які гатовы і можа ўкладваць інвестыцыі ў рэалізацыю сумесных праектаў на тэрыторыі нашай краіны.


ААЭ актыўна інвесціруюць за мяжой, але ў гэтым выпадку размова ідзе не аб больш прывычнай для іх форме інвестыцый у каштоўныя паперы і акцыі. Беларусь прапануе эмірацкім партнёрам некалькі канкрэтных інвестыцыйных праектаў, якія маюць маштабны характар​​. Дэталі не раскрываюцца, але гэта пытанне таксама было сярод тых, што абмяркоўваліся на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам.


Як стала вядома, адзін з праектаў ужо знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці і да канца года прадугледжваецца выйсці на заключэнне адпаведнага інвестыцыйнага дагавора паміж эмірацкім інвестарам і ўрадам Беларусі.


Цікава, што ў адносінах паміж Беларуссю і ААЭ эканамічны складнік крыху адстае ад палітычнага. Але эксперты лічаць гэта аб'ектыўнай тэндэнцыяй, паколькі на Усходзе не прынята нікуды спяшацца і вельмі доўга прыглядаюцца да партнёраў. Але калі дасягаецца высокі ўзровень даверу ў двухбаковых адносінах, раскрываюцца вельмі многія дзверы. Немалаважную ролю пры гэтым адыгрываюць і асабістыя адносіны кіраўнікоў дзвюх краін.


Беларускія спецыялісты запатрабаваны ў ААЭ


Аб'яднаныя Арабскія Эміраты гатовы прыцягваць кваліфікаваных спецыялістаў з Беларусі. Аб гэтым было заяўлена 29 кастрычніка на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам прэм'ер-міністра, міністрам унутраных спраў ААЭ шэйхам Сейфам бен Заідам аль-Нахаянам.


Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на змястоўнасць праведзенай напярэдадні сустрэчы з шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам. "Мы аб многім дамовіліся, з'явіліся новыя ідэі, якія мы можам рэалізаваць і якія палепшаць не толькі эканамічныя адносіны паміж дзвюма краінамі, але і адносіны паміж людзьмі", - сказаў беларускі лідар. Ён растлумачыў, што размова ідзе аб спецыялістах, якіх беларускі бок можа накіраваць для работы ў ААЭ.


У сваю чаргу шэйх Сейф бен Заід аль-Нахаян адзначыў, што ў Беларусі вельмі добра развіты сферы прамысловасці, адукацыі і ў сувязі з гэтым прыцягненне кваліфікаванай рабочай сілы з Беларусі стане адным з асноўных праектаў у двухбаковым супрацоўніцтве.


"У Беларусі ўсе сферы жыццядзейнасці - і прамысловасць, і сельская гаспадарка, і сацыяльная, і сфера высокіх тэхналогій - развіты на даволі высокім узроўні, - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. - Адзінае ў гэтай сітуацыі, чаго не хапае, - гэта рэсурсы, у пэўных аб'ёмах інвестыцыі - тое, што ёсць у Эміратах, і нам трэба гэта аб'яднаць на карысць дзвюх дзяржаў".


У час сустрэчы размова ішла таксама аб развіцці супрацоўніцтва ў праваахоўнай сферы. Узаемадзеянне паміж праваахоўнымі органамі Беларусі і ААЭ развіваецца з 2005 года. У мінулым годзе пры Міністэрстве ўнутраных спраў ААЭ сфарміраваны Камітэт па супрацоўніцтве з Беларуссю. Эмірацкія слухачы праходзяць кароткатэрміновыя курсы на базе Акадэміі МУС Беларусі.


Салідны фундамент


Беларусь і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты ў 2015 годзе павінны выйсці на аб'ём двухбаковага гандлю $500 млн, што стане фундаментам для далейшага нарошчвання супрацоўніцтва. Адпаведныя планы былі агучаны 29 кастрычніка на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам саветніка па пытаннях нацыянальнай бяспекі ААЭ шэйхам Тахнунам бен Заідам аль-Нахаянам.


Кіраўнік беларускай дзяржавы зноў згадаў аб перагаворах з наследным прынцам эмірата Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам, дзе прысутнічаў і шэйх Тахнун бен Заід аль-Нахаян. "Вы былі сведкам нашых доўгіх перагавораў, дыскусій, вы паглыблены ў тэму гандлёва-эканамічных адносін, і думаю, што мы ўжо за гэтыя суткі змаглі асэнсаваць сякія-такія пытанні і напрамкі супрацоўніцтва, асабліва новыя, якія былі прапанаваны шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам", - сказаў Прэзідэнт.


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пасля прыезду ў Беларусь дасць даручэнне ўраду неадкладна сфарміраваць групу тавараў, у якіх маюць патрэбу ААЭ, каб абавязкова ў наступным годзе выйсці на аб'ём тавараабароту $500 млн. "Мы вельмі хацелі б, каб так зрабіў і эмірацкі бок", - сказаў беларускі лідар.


"Мы павінны абавязкова дасягнуць гэтага аб'ёму тавараабароту для таго, каб стварыць фундамент, пэўную гандлёва-эканамічную пляцоўку для нашага далейшага супрацоўніцтва, - лічыць Прэзідэнт Беларусі. - Мы ўмеем рабіць усё, у чым мае патрэбу ваша краіна, у вас ёсць тое, у чым маем патрэбу мы, і хацелася б, каб мы аб'ядналі патэнцыялы і пашырылі і паглыбілі нашы адносіны як у сферы эканомікі, бяспекі, так і іншых сферах нашых адносін".


"Мы вельмі разлічваем, што нашы інтэнсіўныя абмены візітамі на самым высокім узроўні і на ўзроўні міністраў, іншых службовых асоб прывядуць да вельмі сур'ёзных зрухаў у нашых адносінах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


У сваю чаргу шэйх Тахнун бен Заід аль-Нахаян адзначыў, што шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян быў задаволены сустрэчай з кіраўніком беларускай дзяржавы і ўражаны адкрытасцю размовы. "Лічу, што ўчора ў нашых адносінах адбыўся, можна сказаць, прарыў", - падкрэсліў ён, дадаўшы, што напярэдадні эмірацкі бок доўга працаваў над дамоўленасцямі.


"Як я разумею, нам нарэшце ўдалося пераканаць нашых партнёраў у Эміратах, што мы да вас прыйшлі ўсур'ёз і хочам пабудаваць нашы адносіны на вельмі доўгую перспектыву", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


Візы адыдуць у мінулае


Цяпер Беларусь і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты вядуць інтэнсіўныя кансультацыі па спрашчэнні візавага рэжыму. Гэта пытанне абмяркоўвалася на пасяджэнні сумеснага камітэта па супрацоўніцтве паміж урадамі Беларусі і ААЭ, праведзеным 22 кастрычніка ў Абу-Дабі.


Для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў ужо дзейнічае бязвізавы рэжым, і цяпер вядуцца актыўныя кансультацыі па лініі міністэрстваў замежных спраў аб тым, якім чынам могуць быць адменены візы для ўладальнікаў грамадзянскіх пашпартоў.


Пры гэтым канкрэтныя тэрміны пакуль не называюцца, але працэс, як гаворыцца, пайшоў. Думаецца, што інтэнсіўнае развіццё гандлёвых адносін, бізнес-кантактаў, гуманітарнага супрацоўніцтва павінна яшчэ больш наблізіць яго паспяховае завяршэнне.


Уладзімір МАЦВЕЕЎ,
БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі