Журналісты ў перыяд уборачнай кампаніі працуюць у паходна-палявых умовах. Рэпартажы з палёў, інтэрв'ю з перадавікамі, каментарыі адстаючых, вынікі маніторынгаў, якія праводзяць кантралюючыя органы, і непасрэдны ўдзел у рэйдах. 7 жніўня віцебскія рэпарцёры напрасіліся ў спадарожнікі да старшага пракурора аддзела пракуратуры вобласці Вольгі Грыцкевіч, якая адправілася ў Сенненскі раён, каб паглядзець, як выкананы патрабаванні і ліквідаваны недахопы, выяўленыя кантралёрамі напярэдадні жніва.
Першае прадпрыемства называецца саўгас імя Машэрава. Тут Вольга Грыцкевіч была тыдзень таму, а ў пятніцу да аграрыяў наведаўся і пракурор вобласці. "Усё выканана, работа наладжана", - канстатуе Вольга Грыцкевіч пасля размовы са спецыялістамі і азнаямлення з дакументамі.
Едзем далей. На механізаваным двары ААТ "Студзёнка" два няспраўныя камбайны. Пры гэтым рамонт вядзецца, у бліжэйшы час тэхніка будзе гатова. "Чаму работы не выкананы ў тэрмін?" - заканамернае пытанне ад прадстаўніка абласной пракуратуры. Кіраўнік гаспадаркі і прадстаўнікі райвыканкама тлумачаць, што на тое былі аб'ектыўныя прычыны. Галоўныя дзве - няхватка кадраў і зацягнутыя тэрміны корманарыхтоўкі. З кармамі ўсё больш-менш зразумела - вясна, якая зацягнулася, паўплывала на спеласць траў, а паколькі ў "Студзёнцы" вялікае пагалоўе жывёлы, то зялёнае жніво не менш важнае, чым абмалот збожжа. Як толькі вызваліліся рабочыя рукі, усе сілы былі кінуты на падрыхтоўку камбайнавага парку. Адзін з камбайнаў не гатовы толькі таму, што ім тры дні ніхто не займаўся. Менавіта столькі часу кіраўніцтва прадпрыемства, праваахоўнікі і г. д. шукалі механізатара, які прапаў без тлумачэння прычын. Кіраўнік ААТ "Студзёнка" Яўген Траян не ўтойвае, што менавіта кадравае пытанне - самае балючае месца. Пры гэтым ён адзначае, што ні з палівам, ні з запчасткамі праблем няма. Зарплата таксама выплачваецца ў тэрмін. "Як жа так атрымліваецца, што калі адзін механізатар не выйшаў на работу, то гэта паставіла пад зрыў усю работу? Чаму 10 чалавек шукаюць аднаго, няўжо больш ніхто не можа падрыхтаваць камбайн да выхаду ў поле?" - пытанні журналістаў застаюцца без выразнага адказу. Разам з тым кіраўнік запэўнівае, што ўсе камбайны выедуць у поле, усё збожжа будзе ўбрана.
Напэўна, усё так і будзе, але сітуацыя, калі кіраўнік, кадравая служба і яшчэ хтосьці не могуць арганізаваць работу так, каб усе пытанні вырашаліся аператыўна, было наладжана ўзаемадзеянне, былі вопытныя спецыялісты і ўсе разам рабілі адну агульную і важную справу, пакінула непрыемнае ўражанне.
Першы намеснік старшыні Сенненскага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Дойлін характарызуе "Студзёнку" як гаспадарку лепшую за сярэднюю і таксама запэўнівае, што два праблемныя камбайны ў бліжэйшы час выйдуць у поле. Пакуль едзем далей, прашу яго расказаць у цэлым аб сітуацыі ў раёне. Першы намеснік старшыні пацвярджае, што праблема негатоўнасці камбайнаў узнікла з-за корманарыхтоўкі, якая зацягнулася, - гэта характэрна для ўсяго раёна. Жывёлагадоўля тут - аснова сельскай гаспадаркі. "У нас цяпер другое месца ў вобласці па колькасці нарыхтаваных травяністых кармоў - на ўмоўную галаву мы маем 18,5 ц кармавых адзінак", - канстатуе Аляксей Дойлін. Што датычыцца камбайнаў, то работы ў апошнія дні актывізаваліся, з 81 адзінкі 70 адрамантавана. З астатніх 11 машын не выйдуць у поле толькі дзве (яны падлягаюць спісанню), усе астатнія плануецца задзейнічаць. У цэлым у раёне ўжо ўбрана каля 7 працэнтаў плошчаў збожжавых і зернебабовых пры сярэдняй ураджайнасці 26 ц/га.
Заехаўшы яшчэ ў дзве гаспадаркі, едзем назад і просім Вольгу Грыцкевіч падвесці вынік паездкі. Яна канстатуе, што ў адной гаспадарцы ўсё неабходнае зроблена, у дзвюх ёсць недахопы, але яны, як запэўніваюць, будуць у бліжэйшы час ліквідаваны. "Работа наладжана, думаю, нашы патрабаванні будуць выкананы. Пракуратура раёна пракантралюе гэты працэс", - адзначае Вольга Грыцкевіч. І толькі адкрытае акцыянернае таварыства "Сенненскі райаграсэрвіс" зусім не выканала прадпісанне па рамонце тэхнікі, якое ўносіў пракурор раёна. "Можна было і дэталі дастаць загадзя, і выклікаць спецыялістаў. Прычым гэтым трэба было займацца не ўчора-пазаўчора, а загадзя. Запчасткі яны толькі сёння прывезлі, значыць, заказалі іх напярэдадні. У гэтым выпадку кіраўнік прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці. Віну ён сваю прызнае. Ад выканання абавязкаў і прадпісанняў кіраўнік не вызваляецца. Важна тое, што гэта не проста гаспадарка, а райаграсэрвіс, які будзе дапамагаць на ўборцы астатнім. Няспраўнасць двух камбайнаў яны тлумачаць тым, што тыя стаялі і ў мінулым годзе. Відаць, ім і без гэтых дзвюх адзінак хапае тэхнікі. Але, тым не менш, уся тэхніка павінна быць працаздольнай і быць на хаду", - растлумачыла Вольга Грыцкевіч. Яна таксама адзначыла, што па выніках уборачнай будзе абмяркоўвацца пытанне рацыянальнага размеркавання або пераразмеркавання тэхнікі.
"Работа вядзецца. Людзі не сядзяць. Так, падганяем, вядома, паказваем, патрабуем, прапануем і просім. Але ў райаграсэрвісе ўжо размаўляць не было аб чым", - рэзюмуе Вольга Грыцкевіч.
Яна таксама адзначае, што прыкладна такая ж, як у Сенненскім, сітуацыя і ў іншых раёнах вобласці. "Пракурорам трэба трымаць на кантролі кожны камбайн, патрабаваць за яго. Кожная адзінка тэхнікі павінна быць спраўнай, тэхагляд павінен быць пройдзены. Вось галоўнае пытанне, якое цікавіць пракуратуру", - сказала на заканчэнне субяседніца.
Алёна ЦІХАНАВА