Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
16 снежня 2015, 11:00
Алег Такун

У законапраекце аб занятасці - сімбіёз новых абавязкаў і новых магчымасцей беспрацоўных і наймальнікаў

Алег Такун
Начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны

Праект закона "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь" прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 10 снежня ў першым чытанні. У ім змешчаны шэраг навацый, якія, з аднаго боку, узмацняюць адказнасць беспрацоўных і наймальнікаў, - з іншага - прадастаўляюць новыя магчымасці для атрымання прафесіі і набыцця рабочага месца. Як адзначыў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун, новыя нормы закона накіраваны на павышэнне эфектыўнасці ўключэння ў эканамічную дзейнасць незанятых грамадзян, на стварэнне ўмоў для развіцця і падтрымкі высокай матывацыі беспрацоўных да актыўнага пошуку работы, на ўстанаўленне празрыстага механізма назначэння дапамогі па беспрацоўі, а таксама на ўзмацненне адказнасці наймальнікаў за выкананне заканадаўства. Пры падрыхтоўцы законапраекта прааналізавана нацыянальнае заканадаўства і практыка яго прымянення, а таксама вывучаны вопыт іншых дзяржаў. Немалаважна, што распрацоўшчыкі праекта закона ўлічвалі звароты грамадзян і арганізацый па пытаннях занятасці і беспрацоўя.

За матывацыю да працы

Праектам закона прапануецца ўстанавіць абавязкі беспрацоўнага. Яму прадпісваецца, па-першае, самастойна займацца пошукам работы і інфармаваць аб выніках службу занятасці. Па-другое, беспрацоўныя павінны з'яўляцца па запрашэнні службы занятасці для атрымання накіравання на работу або навучанне, а пры адсутнасці запрашэння - з'яўляцца там не радзей за адзін раз у месяц ва ўстаноўлены дзень. Па-трэцяе, прыходзіць на перагаворы з наймальнікам па пытанні аб працаўладкаванні на працягу двух рабочых дзён з дня выдачы накіравання на работу. Па-чацвёртае, своечасова інфармаваць службу занятасці аб змяненні месца жыхарства, самастойным працаўладкаваннi (у тым ліку на часовую работу), заключэнні грамадзянска-прававых дагавораў аб выкананні работ, аказанні паслуг, стварэнні аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці і г.д. (размова ідзе аб абставінах, якія прыводзяць да зняцця з уліку, спынення, прыпынення выплаты дапамогі па беспрацоўі або зніжэння яе памеру).

Агавораны і абавязкі грамадзян, якія праходзяць прафнавучанне па накіраванні органаў дзяржаўнай службы занятасці. "Курсанты" павінны добрасумленна і адказна ставіцца да засваення адукацыйных праграм, не прагульваць заняткі, выконваць правілы ўнутранага распарадку для навучэнцаў - нічога незвычайнага.

На думку спецыялістаў, устанаўленне абавязкаў беспрацоўных і "курсантаў" дасць магчымасць замацаваць сістэму ўзаемаадказнасці службы занятасці, наймальнікаў і грамадзян у вырашэнні пытанняў працаўладкавання. Акрамя таго, законапраектам выкананне абавязкаў беспрацоўнага ўвязана з яго правам на атрыманне сацыяльных выплат (напрыклад, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, матэрыяльнай дапамогі і інш.).

Прафілактыка ўтрыманства

Прадугледжана ўзмацненне адказнасці беспрацоўных за парушэнне заканадаўства аб занятасці насельніцтва. Гэта стане для іх стымулам да больш актыўнага пошуку работы. Акрамя таго, прадугледжана скарачэнне максімальнага перыяду знаходжання на ўліку ў якасці беспрацоўных з 36 да 18 каляндарных месяцаў - своеасаблівая прафілактыка сацыяльнага ўтрыманства.

Удакладнены пытанні паўторнай рэгістрацыі беспрацоўных, раней знятых з уліку. Цяпер яны маюць права зарэгістравацца беспрацоўнымі ўжо на наступны дзень пасля зняцця іх з уліку, у некаторых выпадках - з выплатай дапамогі па беспрацоўі. І гэта пры тым, што сёй-той быў зняты з уліку з-за няяўкі ў службу занятасці, а сёй-той - за элементарны падман. Гэты алагізм павінен быць выключаны, лічаць спецыялісты-практыкі. Новым законапраектам прадугледжваецца, што грамадзяне, раней знятыя з уліку ў сувязі з няяўкай у службу занятасці без уважлівай прычыны больш за два месяцы, могуць быць паўторна зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных толькі пасля заканчэння 12 месяцаў пасля зняцця іх з уліку. А тыя, хто быў зняты з уліку па прычыне атрымання дапамогі па беспрацоўі падманным шляхам, змогуць паўторна зарэгістравацца беспрацоўнымі толькі пры ўмове кампенсавання нанесенага ўрону. Гэта адносіцца да ўсіх тых, у адносінах да каго органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне прыняты рашэнні аб спагнанні незаконна атрыманых сацыяльных выплат, субсідый, грашовых выплат пры пераездзе на новае месца жыхарства і работы, а таксама сродкаў, затрачаных на навучанне са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Адным словам, будзе так: спачатку кампенсуй усё, што атрымаў незаконна, а потым ужо - прэтэндуй на падтрымку.

Законапраектам удакладнены пералік падстаў спынення працоўнага дагавора для назначэння стыпендый і дапамогі па беспрацоўі для грамадзян, а механізмы назначэння і выплаты стыпендый і дапамогі па беспрацоўі выкладзены ў больш даступнай форме.

Апераджальнае навучанне

Закон аб занятасці насельніцтва прапануецца дапоўніць нормай, што прадугледжвае магчымасць кампенсацыі затрат наймальнікаў на навучанне работнікаў, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення. Зразумела, спатрэбілася вызначыць катэгорыі, якія да іх адносяцца. Такім чынам, да работнікаў пад пагрозай звальнення належаць тыя, якія падлягаюць звальненню ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, спыненнем дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка; папярэджаны аб скарачэнні колькасці або штату работнікаў; па ініцыятыве наймальніка знаходзяцца ў вымушаным прастоі, працуюць у рэжыме няпоўнага рабочага часу, у водпуску без захавання або з частковым захаваннем заработнай платы. Вырашэнне пытання аб апераджальным навучанні цяжка пераацаніць ва ўмовах мадэрнізацыі эканомікі, а таксама цяжкага фінансавага становішча некаторых прадпрыемстваў. Работнікі, якія становяцца незапатрабаванымі на асобнай вытворчасці, не павінны застацца за варотамі прадпрыемства - іх трэба перанавучыць, даць прафесію, запатрабаваную на рынку працы. Пры гэтым прапануецца поўнасцю або часткова кампенсаваць затраты наймальнікаў на навучанне работнікаў, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення.

Прадугледжана і магчымасць своеасаблівага апераджальнага навучання для тых, хто знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў. У адпаведнасці з дзеючым законам яны (а гэта ў большасці сваёй мамы малалетніх дзяцей) прызнаюцца занятымі і не могуць быць зарэгістраваны беспрацоўнымі - як вынік, не могуць быць накіраваны на навучанне за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Увядзенне новай нормы пашырыць магчымасць атрымаць прафесію грамадзянам, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, а таксама павысіць іх канкурэнтаздольнасць на рынку працы. "Без адрыву" ад догляду дзіцяці жанчына зможа атрымаць "пуцёўку" дзяржслужбы занятасці на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі, навучальныя курсы на ўмовах, вызначаных для беспрацоўных. Гэта павысіць шанцы атрымаць рабочае месца пасля выхаду з дэкрэта, забяспечыць больш хуткае ўключэнне ў працоўную дзейнасць.

Уводзіцца новы артыкул аб стажыроўцы беспрацоўных - замацоўваецца права на атрыманне садзейнічання ў набыцці вопыту практычнай работы. Беспрацоўным будзе прадастаўлена магчымасць атрымаць працоўныя навыкі па сваёй спецыяльнасці, што павысіць іх канкурэнтаздольнасць на рынку працы. Прычым дзеянне гэтага артыкула будзе распаўсюджвацца таксама на беспрацоўных жанчын-маці, якія доўгі час не працавалі ў сувязі з доглядам дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Стымулам для наймальнікаў арганізоўваць стажыроўку будзе пэўная кампенсацыя затрат на аплату працы "практыкантаў". Парадак і ўмовы арганізацыі стажыроўкі беспрацоўных будуць у далейшым вызначаны ўрадам.

У Беларусі ўжо шмат гадоў дзейнічае праграма часовай занятасці беспрацоўнай моладзі "Маладзёжная практыка" (наймальнікам кампенсуюцца затраты на аплату яе працы ў межах мінімальнай заработнай платы). У студзені-кастрычніку гэтага года ў рамках "Маладзёжнай практыкі" працаўладкавана 542 беспрацоўныя. Пасля ўступлення ў сілу новага закона аналаг гэтай праграмы дасць магчымасць замацаваць на практыцы свае навыкі не толькі маладым, але і больш узроставым работнікам.

Абарот вакансій

Колькасць вакансій у Беларусі ў параўнанні з мінулым годам знізілася ў два разы. Канкурэнцыя сярод прэтэндэнтаў на свабоднае рабочае месца, адпаведна, узмацнілася. І вельмі вялікай раскошай у гэтых умовах з'яўляецца даволі працяглы тэрмін, які даецца наймальнікам для пiсьмовага паведамлення ў органы па працы, занятасці і сацабароне аб наяўнасці ў іх вакансій, - аж два тыдні. Прапануецца знізіць гэты тэрмін да пяці дзён з мэтай стварэння ўмоў, якія даюць магчымасць павысіць эфектыўнасць уключэння ў эканамічную дзейнасць незанятых грамадзян.

Адначасова будзе ўзмоцнена адміністрацыйная адказнасць наймальнікаў за парушэнне заканадаўства аб занятасці. У адпаведнасці са змяненнямі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях прапануецца выключыць папярэджанне з ліку санкцый за непаведамленне ў службу занятасці аб існуючых свабодных рабочых месцах (сёння прадугледжана папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры ад 5 да 25 базавых велічынь). Прапануецца таксама ўстанавіць магчымасць накладання адміністрацыйнага спагнання не пазней за адзін год з дня ўчынення і два месяцы з дня выяўлення адміністрацыйнага правапарушэння (цяпер такі тэрмін складае 2 месяцы з дня ўчынення). Змяненні і дапаўненні дадуць магчымасць павысіць адказнасць наймальніка за прадастаўленне інфармацыі аб вакансіях. Як вынік, пашырацца магчымасці для працаўладкавання беспрацоўных.

Акрамя таго, наймальнікаў абавяжуць своечасова інфармаваць аб запаўненні вакансій, заяўленых у органы дзяржаўнай службы занятасці.

Для забеспячэння аператыўнага прагназавання колькасці грамадзян, якія патэнцыяльна будуць мець патрэбу ў паслугах службы занятасці, уносіцца норма, што абавязвае наймальнікаў інфармаваць у службу занятасці аб маючым адбыцца вызваленні ўсіх работнікаў не пазней, чым за два месяцы.

Цяпер, як вядома, прыём на работу па тэрміновым працоўным дагаворы ажыццяўляецца на рабочыя месцы згодна са штатным раскладам. Каб пашырыць магчымасці атрымання дадатковай матэрыяльнай падтрымкі ў перыяд пошуку пастаяннай работы, а таксама ў мэтах захавання ў беспрацоўных матывацыі да працы праектам закона прадугледжана магчымасць заключаць грамадзянска-прававы дагавор з грамадзянамі, накіраванымі для ўдзелу ў аплатных грамадскіх работах. Гэта дасць магчымасць пашырыць пералік прадпрыемстваў, гатовых забяспечыць занятасць грамадзян на аплатных грамадскіх работах.

Алена ПРУС,

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі