Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
08 ліпеня 2013, 13:33

У Беларусі выпрацоўваюцца меры папярэджання росту кошту будаўніцтва

У Беларусі рыхтуецца маштабнае абнаўленне будаўнічых нарматываў і механізма іх распрацоўкі для папярэджання росту кошту будаўніцтва. Дэталёвыя меры абмеркаваны на пасяджэнні рабочай групы па праблемных пытаннях у будаўнічай галіне, якое адбылося пад старшынствам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэя Кабякова. Паводле яго слоў, вынікам мер, што распрацоўваюцца, павінна стаць больш празрыстае і абгрунтаванае цэнаўтварэнне ў сферы будаўніцтва.

"Цэнаўтварэнне - гэта адзін з галоўных істотных фактараў, на які неаднаразова звяртаў увагу і кіраўнік дзяржавы. Можна ж пабудаваць і якасна, і хутка, але калі цана будзе непрымальная, калі эфектыўнасць будаўніцтва будзе нязначнай, то такое будаўніцтва будзе нікому не патрэбна", - падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Па выніках пасяджэння Андрэй Кабякоў даручыў Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва вызначыць РУП "Рэспубліканскі навукова-тэхнічны цэнтр па цэнаўтварэнню ў будаўніцтве" (РНТЦ) заказчыкам па распрацоўцы тыпавых тэхналагічных карт, неабходнасць у якіх узнікае ў сувязі з укараненнем новых тэхналогій вытворчасці будаўніча-мантажных работ і прымяненнем новых матэрыялаў, машын і механізмаў, а таксама распрацоўшчыкам нарматываў расходавання рэсурсаў па гэтых картах. Міністэрства таксама ўстановіць выпадкі, пры якіх не патрэбна распрацоўка індывідуальных тэхналагічных карт.

Савету Міністраў трэба да 1 жніўня ўнесці канкрэтныя прапановы па замацаванню ў нарматыўна-прававых актах фінансавання згаданых распрацовак са сродкаў інавацыйнага фонду Мінбудархітэктуры.

РНТЦ таксама будзе абавязаны весці рэестр індывідуальных рэсурсна-каштарысных норм (нарматываў расходавання рэсурсаў) і пры накапленні трох і больш індывідуальных расцэнак на аднатыпныя віды работ забяспечваць распрацоўку рэсурсна-каштарысных норм (нарматываў расходавання рэсурсаў). РУП "Галоўдзяржбудэкспертыза" забяспечыць дзейсны кантроль за абгрунтаванасцю прымянення індывідуальных нарматываў.

Для стварэння рэспубліканскага фонду будаўнічых праектаў і банка даных аб'ектаў-аналагаў у РНТЦ у абавязковым парадку будзе перадавацца праектная дакументацыя на будаўніцтва аб'ектаў, поўнасцю або часткова распрацаваная за кошт бюджэтных сродкаў. У РНТЦ таксама абавязкова будзе перадавацца дакументацыя на аб'екты, якія будуюцца з выкарыстаннем ільгот па выплаце падаткаў, збораў і пошлін, іншых прэферэнцый або мер дзяржаўнай падтрымкі. Праектная дакументацыя на будаўніцтва іншых аб'ектаў можа быць перададзена ў РНТЦ на добраахвотнай аснове.

Мінбудархітэктуры прапрацуе неабходнасць карэкціроўкі тэхнічных нарматыўна-прававых актаў, якія датычацца нарміравання задзелаў у будаўніцтве. У ходзе пасяджэння групы прадстаўнікамі кантралюючых органаў былі прадстаўлены факты, якія сведчаць аб тым, што на некаторых аб'ектах назіраецца парушэнне графіка работ і невыкананне норм задзелаў. У выніку большасць дарагіх работ неабгрунтавана пераносіцца на завяршальны этап будаўніцтва, што ва ўмовах росту цэн таксама з'яўляецца спосабам павышэння канчатковага кошту будаўніцтва па жыллёвых і інвестыцыйных аб'ектах.

Яшчэ адной прафілактычнай мерай, накіраванай на выкананне тэрмінаў і кошту будаўніцтва, стане ўвядзенне абавязковай карэкціроўкі праектнай дакументацыі ў выпадку змянення даты пачатку будаўніцтва. У залежнасці ад працягласці тэрміну пераносу заказчыкі будуць вымушаны карэкціраваць або праектна-каштарысную дакументацыю або праект. Пры значным пераносе тэрміну пачатку будаўніцтва трэба будзе распрацоўваць новую праектную дакументацыю.

Мінбудархітэктуры сумесна з РНТЦ і ААТ "НДІ Будэканоміка" ў самыя кароткія тэрміны будзе распрацаваны пакет нарматыўных актаў, якія абавязваюць вытворцаў і імпарцёраў прадастаўляць інфармацыю аб цэнах на матэрыялы, вырабы і канструкцыі, што выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве, і якія вызначаюць тэрміны і формы прадастаўлення такой інфармацыі. Адна з прычын рашэння - выяўленыя кантралюючымі і праваахоўнымі органамі шматлікія факты неабгрунтаванага завышэння вытворцамі і імпарцёрамі кошту рэсурсаў, што выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве.

На пасяджэнні таксама разгледжаны пытанні падрыхтоўкі праектнай дакументацыі на капітальны рамонт шматкватэрных жылых дамоў.

Акрамя таго, удзельнікам рабочай групы даручана падрыхтаваць заключэнне аб тым, якую інфармацыю і якога аб'ёму пры правядзенні таргоў у будаўніцтве павінны прадастаўляць заказчыкі падрадчыкам, для таго каб апошнія маглі скласці прапанаванне аб кошце работ. Для далейшага разгляду на пасяджэннях рабочай групы будуць падрыхтаваны прапановы па ўдасканаленню цэнаўтварэння на праектныя і будаўнічыя работы, што выконваюцца ведамствамі і не рэгулююцца Мінбудархітэктуры, на рэстаўрацыйныя і мастацкія работы.

Паводле інфармацыі начальніка ўпраўлення РНТЦ Ірыны Навіцкай, да нядаўняга часу ў краіне адзначалася значнае адставанне распрацоўкі новых нарматываў вызначэння кошту будаўніцтва (нарматываў расходу рэсурсаў у натуральным выражэнні) ад практычнага ўкаранення новых тэхналогій і матэрыялаў. Гэта было звязана з адсутнасцю каардынацыі распрацовак, адзінага заказчыка на такія распрацоўкі і недакладным механізмам фінансавання. У выніку ў галіне выкарыстоўвалі ўстарэлыя нарматывы, прымяняючы да іх павышаючыя каэфіцыенты, цэнаўтварэнне станавілася непразрыстым і неабгрунтаваным. Дзеючыя нарматывы па вызначэнню кошту абсталявання ўстарэлі і даўно не пераглядаліся, хоць само абсталяванне пастаянна ўдасканальваецца, спрашчаюцца спосабы яго мантажу.

Як адзначылі старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон і старшыня Камітэта дзяржбяспекі Валерый Вакульчык, якія ўдзельнічалі ў пасяджэнні рабочай групы, згаданае адставанне распрацоўкі норм ад практыкі стварае глебу для прыпісак і завышэння кошту будаўніча-мантажных работ, няправільнага прымянення расцэнак, цэн на матэрыялы і паправачных каэфіцыентаў, лімітаваных і іншых затрат. Усё гэта ў сукупнасці прыводзіла да так званага скрытага падаражэння кошту будаўніцтва аб'ектаў, што пацвярджаецца вынікамі шматлікіх праверак арганізацый і расследаванняў злоўжыванняў з боку службовых асоб.

Падводзячы вынікі разгляду праблем удасканалення цэнаўтварэння ў будаўнічай галіне, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што галоўная мэта ўсёй праводзімай у гэтым напрамку работы - не "зарэгуляваць" зноў гэту галіну, у якой раней былі адменены многія ліцэнзіі, а стварыць умовы, у якіх зацікаўлены тыя, хто імкнецца працаваць добрасумленна, хто не шукае звышпрыбыткаў за кошт сумніўных хітрасцей, але імкнецца зарабляць за кошт большай вытворчай і эканамічнай эфектыўнасці.

Анатоль ШЫРВЕЛЬ
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі