З 3 студзеня 2021 года ўступілі ў сілу папраўкі ў заканадаўства па пытаннях натарыяльнай дзейнасці. Перш за ўсё яны датычацца ўвядзення новых натарыяльных дзеянняў, у сувязі з чым была неабходнасць прапісаць іх паслядоўнасць. Адпаведна, карэкціроўкі ўнесены і ў Інструкцыю аб парадку правядзення натарыяльных дзеянняў. Падрабязней аб гэтым расказала БЕЛТА намеснік старшыні Беларускай натарыяльнай палаты Таццяна Дзялендзік.
Сярод новых натарыяльных дзеянняў, у прыватнасці, - засведчанне адмены дарэння. Гэта можа спатрэбіцца тады, калі дарыльшчык, перажыўшы таго, каму было ажыццёўлена дарэнне, хоча адмяніць засведчаны дагавор дарэння. У выпадку смерці таго, каму была падорана рэч, калі яна да таго часу захавалася, вяртаецца ва ўласнасць дарыльшчыка.
Інструкцыя змяшчае парадак дзеянняў. Адзначаецца, што падаць заяву аб адмене дарэння можна любому натарыусу. У ёй неабходна пазначыць даныя, якія даюць магчымасць ідэнтыфікаваць дагавор, дарэнне па якім адмяняецца. У тым ліку дату яго засведчання, прозвішча, імя і імя па бацьку дарыльшчыка і таго, каму ажыццёўлена дарэнне, а таксама прозвішча, імя і імя па бацьку натарыуса, які засведчыў дагавор, нумар у рэестры для рэгістрацыі натарыяльных дзеянняў. Калі прадметам дагавора выступае нерухомая маёмасць, трэба назваць месца яе знаходжання.
Што датычыцца нерухомай маёмасці, ёсць важны момант. Натарыус павінен растлумачыць дарыльшчыку, што пасля правядзення адпаведнага дзеяння яму неабходна зарэгістраваць пераход права ўласнасці на нерухомую маёмасць на сваё імя ў арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі.
Як растлумачыла Таццяна Дзялендзік, натарыусы і раней засведчвалі сапраўднасць подпісу на заяве аб адмене дарэння. Цяпер жа такое засведчанне стала больш сур'ёзным натарыяльным дзеяннем - натарыяльным актам, такім чынам, яно мае больш сур'ёзныя юрыдычныя наступствы.
З улікам інфарматызацыі грамадства будзе запатрабаваным такое натарыяльнае дзеянне, як сведчанне натарыусам электроннай копіі дакумента на папяровым носьбіце. Як вынікае з інструкцыі, копія падпісваецца электронным лічбавым подпісам з выкарыстаннем асабістага ключа натарыуса і выдецца таму, хто звярнуўся за яе засведчаннем, на прадстаўлены ім USB-флэш-накапляльнік або іншы носьбіт інфармацыі - пры наяўнасці ў натарыуса тэхнічных магчымасцей.
Таксама замацаваны парадак правядзення выканаўчых надпісаў у электронным выглядзе. Як адзначыла намеснік старшыні Беларускай натарыяльнай палаты, цяпер электронныя выканаўчыя надпісы будуць праводзіцца адносна завінавачанасцей толькі па крэдытных дагаворах, але гэта своеасаблівая першая ластаўка. Калі вопыт будзе паспяховым, у далейшым яго распаўсюдзяць і на іншыя катэгорыі завінавачанасцей.
Некаторыя палажэнні зведалі змяненні зыходзячы з правапрымяняльнай практыкі. Напрыклад, адно з праблемных пытанняў датычылася сітуацый, калі да ўзбуджэння выканаўчага вядзення па справе адбылася правапераемнасць. Напрыклад, калі па нейкай прычыне выбыў адзін з бакоў (уступка права патрабавання, перавод доўгу і інш.), судовыя выканаўцы не маглі ні ўзбудзіць выканаўчае вядзенне па справе, ні ўстанавіць правапераемнасць. Таму цяпер такім дзеяннем, як устанаўленне адносна даўжніка або сыскальніка па выканаўчым надпісе факта правапераемнасці, будуць займацца натарыусы. Дзякуючы гэтаму сыскальнікі без праблем змогуць звярнуцца ў аддзел прымусовага выканання за сысканнем завінавачанасці.
Сярод новаўвядзенняў - засведчанне заяў удзельнікаў таварыства з абмежаванай (або дадатковай) адказнасцю аб выхадзе з таварыства. Пасля правядзення гэтага дзеяння ўдзельнік ТАА або ТДА зможа прадставіць адпаведную заяву ў рэгіструючыя органы. Аднак перш натарыусу трэба будзе праверыць мноства фактаў, у тым ліку ці дзеяздольны заяўнік, ці не з'яўляецца ён адзіным удзельнікам таварыства.
З 3 студзеня скарочана кампетэнцыя службовых асоб сельскіх выканаўчых камітэтаў. З бягучага года яны не могуць засведчваць завяшчанні, даверанасці адносна маёмасці. Для гэтага ў аграгарадкі і іншыя сельскія населеныя пункты будуць выязджаць натарыусы. Гэта дасць магчымасць павысіць якасць адпаведных засведчаных дакументаў.
Акрамя таго, пры правядзенні натарыяльнага дзеяння натарыус можа праводзіць відэазапіс, выкарыстоўваючы мабільнае ўстройства або камеру. Аднак перад гэтым ва ўсіх удзельнікаў неабходна атрымаць згоду на апрацоўку персанальных даных. Факт правядзення відэазапісу фіксуецца ў рэестры для рэгістрацыі натарыяльных дзеянняў.
БЕЛТА.