Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
18 снежня 2012, 18:31

У Беларусі пакуль не плануюць уводзіць забарону на продаж энергетычных напіткаў

Спрэчкі вакол такога прадукту, як энергетычны напітак, нягледзячы на тое што ён прысутнічае на сусветным рынку даволі працяглы час, не сціхаюць. Яго карысныя і не вельмі ўласцівасці абмяркоўваюць эксперты ўсіх краін свету. Зусім нядаўна ў суседняй Расіі дыспут дайшоў да таго, што тут вырашылі ініцыіраваць законапраект аб увядзенні абмежаванняў на продаж энергетыкаў. Плануецца поўнасцю забараніць іх продаж падлеткам і штрафаваць за ўжыванне такіх напіткаў у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў з удзелам дзяцей. Аднак такая забарона магчыма, толькі калі медыкі дакументальна пацвердзяць уздзеянне энергетычных напіткаў на арганізм чалавека. Пакуль жа плюсы і мінусы энергетыкаў актыўна абмяркоўваюцца ў расійскіх СМІ.

Вялікай праблемай для Расіі, паводле даных СМІ, з'яўляецца колькасць выпіваемых моладдзю энергетычных напіткаў - да 2014 года іх спажыванне дасягне 1 л у год на чалавека. У Беларусі, паводле слоў галоўнага нарколага краіны Сяргея Осіпчыка, у гэтым справы ідуць не так дрэнна. Афіцыйны разлік ужывання названага напітку на душу насельніцтва Міністэрства аховы здароўя не праводзіла, але, як сцвярджае галоўны нарколаг, беларуская моладзь не п'е энергетыкі ў такіх колькасцях, як равеснікі з краіны-суседкі. Пытанне аб забароне энергетыкаў у Беларусі пакуль не ўздымалася ні Міністэрствам аховы здароўя, ні ўрадам.

Энергетычныя напіткі былі распрацаваны ў 80-я гады XX стагоддзя аўстрыйцам Дзітрыхам Матэшыцам, які і заснаваў вядомую сёння кампанію Red Bull. Следам за ім свае варыянты "акрыляючых" напіткаў сталі прапаноўваць іншыя вытворцы. Вядома, энергетыкі былі створаны не для задавальнення смагі і зусім не для таго, каб, ужыўшы іх, пратанцаваць у клубе ўсю ноч, як паказваюць у рэкламе. Яны былі распрацаваны з мэтай максімальна павялічыць працаздольнасць чалавека шляхам павышэння канцэнтрацыі ўвагі.

У склад энергадрынкаў у першую чаргу ўваходзяць кафеінзмяшчальныя рэчывы, якія дзейнічаюць як стымулятары. Кубак кавы, зроблены ў кававарцы, змяшчае 65-125 мг кафеіну, а бутэлька Red Bull - 116 мг. Акрамя таго, кожны энергетык змяшчае ў сабе дзве вытворныя амінакіслоты - таўрын і карніцін, якія ўдзельнічаюць у энергетычным абмене. Астатнія інгрэдыенты - гэта, як правіла, якія-небудзь вітаміны, цукар.

Такім чынам, напітак - гэта не энергія ў бутэльцы, а ўсяго толькі стымулятар, які прымушае чалавека расходаваць тыя рэсурсы энергіі, якія ў яго ёсць. "Як бачым, у саставе напітку няма шкодных інгрэдыентаў, усе яны дазволены для ўжывання. Тут усё залежыць ад падыходу чалавека: ці хоча ён, выпіўшы бутэльку энергетыка, дасягнуць яснасці свядомасці, або, наадварот, змяшаўшы з алкаголем, яго падаўлення?" - адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА загадчык аддзела гігіены харчавання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гігіены Васіль Цыганкоў.

Кактэйль "гарэлка плюс энергетык" папулярны сярод клубнай моладзі. Аднак эфект такой сумесі неадназначны. "Энергетычны напітак і алкаголь - гэта антыподы: першы бадзёрыць, а другі расслабляе. Таму кактэйль з гэтых інгрэдыентаў зусім не акрыляе, а пагаршае здароўе. Але ці вінаваты ў гэтым энергетычны напітак? Чалавек свядома наносіць шкоду арганізму, п'е алкаголь, які апрыёры з'яўляецца атрутай, але пры гэтым мы ва ўсім вінавацім энергетык", - пракаменціраваў Васіль Цыганкоў.

На бутэльцы любога энергетычнага напітку напісана, якую колькасць дапушчальна ўжываць, як правіла, гэта не больш за дзве порцыі ў суткі. Пазначаны і проціпаказанні - нельга піць дзецям, цяжарным жанчынам, людзям, якія пакутуюць ад захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, расстройстваў сну.

Таксама медыкі не рэкамендуюць ужываць энергетыкі, якія маюць даволі вялікую кіслотнасць, людзям, хворым на язву або гастрыт. Акрамя таго, не варта ставіцца да іх, як да асвяжальных напіткаў. "Навошта піць энергетыкі, калі ў вас нармальны распарадак дня, вы нармальна спіце, працуеце? Чалавек павінен свядома падыходзіць да гэтага", - адзначыў Васіль Цыганкоў. І ўжо тым больш не варта піць энергетыкі літрамі або перамешваць з алкаголем.

Што датычыцца магчымага прывыкання, то тут усё проста: любая субстанцыя, якая пачынае прыносіць чалавеку асалоду, нязменна выклікае залежнасць. Многія банальна залежныя ад солі і цукру.

У некаторых краінах энергетыкі прадаюцца толькі ў аптэках. Так, у свабодным продажы іх нельга сустрэць у Францыі, Даніі і Нарвегіі. І гэта таксама можна абгрунтаваць - празмерная любоў некаторых людзей да гэтых напіткаў прыводзіць да трагічных наступстваў. Апошнія літаральна заганяюць сябе, ужываючы энергадрынкі ў неймаверных колькасцях і правакуючы тым самым розныя захворванні. Але зноў жа, хто ў гэтым вінаваты, напітак або ўсё ж чалавек?

Хрысціна КУРЛОВІЧ
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі