Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
22 верасня 2015, 12:48

Цуй Цымін: Частыя сустрэчы лідараў Беларусі і Кітая падкрэсліваюць глыбокі ўзаемны інтарэс да супрацоўніцтва

Частыя сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна падкрэсліваюць глыбокі ўзаемны інтарэс да двухбаковага супрацоўніцтва. Гэта адзначыў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін. Рабочы візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ў Пекін 1-3 верасня з нагоды 70-годдзя перамогі ў вайне кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў і перамогі ў сусветнай антыфашысцкай вайне быў восьмым па ліку візітам Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай, а таксама трэцяй сустрэчай кіраўнікоў дзвюх дзяржаў за апошнія чатыры месяцы.


На думку дыпламата, такая рэгулярнасць сустрэч кіраўнікоў дзвюх дзяржаў беспрэцэдэнтная ў гісторыі сучасных міжнародных адносін, што выразна адлюстроўвае наколькі цесныя і дружалюбныя адносіны і глыбокае супрацоўніцтва ў Кітая і Беларусі.


Цуй Цымін упэўнены, што гісторыя - гэта ўрок, які дапамагае лепш зразумець, наколькі дарагі мір. "Кітайскі бок выказвае ўдзячнасць Прэзідэнту Беларусі за прыняцце запрашэння і ўдзел у юбілейнай урачыстасці і ваенным парадзе з нагоды 70-годдзя перамогі ў вайне кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў, што ўяўляе сабой яркае праяўленне кітайска-беларускіх адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства, - сказаў дыпламат. - Народы Кітая і Беларусі змагаліся плячо ў плячо ў сусветнай антыфашысцкай вайне і панеслі вялікія страты дзеля агульнай перамогі, завязаўшы трывалую і неразрыўную братэрскую дружбу ў бязлітасных баях. Добра запомніць гісторыю, шанаваць памяць аб загінуўшых героях, берагчы мір і адкрываць будучыню - такая наша мэта ўрачыстага святкавання двайнога 70-годдзя. Сёння, нягледзячы на тое што лейтматывам нашага часу становіцца мір і развіццё, у свеце па-ранейшаму неспакойна. У сувязі з гэтым неабходна атрымліваць урокі з гісторыі і з усёй рашучасцю абараняць мір ва ўсім свеце".


Пасол таксама адзначыў: "У выступленні на юбілейнай урачыстасці старшыня КНР 18 разоў вымавіў слова "мір", падкрэсліваючы тым самым: да якой бы высокай ступені ні развіўся Кітай, ён ніколі не будзе дабівацца гегемоніі і займацца экспансіяй, ніколі не навяжа перажытае на сабе гора і пакуты іншым, акрамя таго, Кітай скароціць колькасць сваёй арміі на 300 тыс. чалавек. Кітайскі народ заўсёды будзе жыць у міры і дружбе з народамі ўсяго свету, будзе цвёрда адстойваць вынікі вайны кітайскага народа супраць японскіх агрэсараў і сусветнай антыфашысцкай вайны".


Кіраўнік кітайскай дыпламатычнай місіі запэўніў, што Кітай - надзейны партнёр і шчыры сябар Беларусі. "Кітай і Беларусь - дзве міралюбівыя краіны, а кітайцы і беларусы - міралюбівыя народы. Абодва нашы народы ўспамінаюць гісторыю менавіта для таго, каб сумеснымі намаганнямі абараняць міжнародны парадак і сусветную структуру, заснаваныя на мэтах і прынцыпах Статута ААН, сфарміраваць новы тып міжнародных адносін, заснаваных у духу супрацоўніцтва і ўсеагульнага выйгрышу, і разам папулярызаваць высакародную справу міру і развіцця ва ўсім свеце", - адзначыў Цуй Цымін.


На думку дыпламата, Беларусь і Кітай прытрымліваюцца вектара мірнай палітыкі на карысць народаў. У час візіту кітайскага лідара ў Мінск у маі гэтага года і візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Пекін дасягнуты новыя дамоўленасці аб паглыбленні адносін. На сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Сі Цзіньпін адзначыў, што кітайска-беларускія адносіны ўсёабдымнага стратэгічнага партнёрства паскорана развіваюцца, супрацоўніцтва ва ўсіх сферах усяляк пашыраецца, бакі аказваюць рашучую ўзаемную падтрымку ў пытаннях, якія датычацца ключавых інтарэсаў адзін аднаго.


"Мы спадзяёмся, што абодва бакі будуць паслядоўна і раўнамерна пашыраць адпаведнае супрацоўніцтва, - сказаў Цуй Цымін. - Беларусь з'яўляецца для кітайскага боку важным партнёрам па супрацоўніцтве ў будаўніцтве эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Мы маем намер сумесна развіваць гэты праект для больш хуткага дасягнення вынікаў. А таксама праз будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка мы плануем стымуляваць шматвектарнае супрацоўніцтва ў галінах гандлю, інвестыцый і фінансаў. Кітайскі бок мае намер на аснове роўнасці і ўзаемавыгаднасці садзейнічаць спалучэнню будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху і Еўразійскага эканамічнага саюза".


На яго думку, цяпер дынаміка развіцця адносін паміж Беларуссю і Кітаем з'яўляецца дадатнай. Разам з тым ён заўважыў, што ёсць вялікі патэнцыял і шырокія перспектывы далейшага ўсебаковага развіцця ўзаемавыгадных сувязей.


Цуй Цымін звярнуў увагу на той факт, што Прэзідэнт Лукашэнка не так даўно падпісаў Дырэктыву нумар 5, у якой дакладна вызначаны напрамкі і канкрэтныя мэты развіцця кітайска-беларускіх двухбаковых адносін на бліжэйшую будучыню. У сувязі з гэтым дыпламат падкрэсліў: "Кітай гатовы актыўна вывучаць планы і прапановы ад беларускага боку, сур'ёзна рэалізоўваць стратэгічныя дамоўленасці, дасягнутыя кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, прагматычна рухацца наперад".


Пасол выказаў упэўненасць, што Беларусь і Кітай сумеснымі намаганнямі дасягнуць новага якаснага скачка ў развіцці двухбаковых адносін ужо ў бліжэйшай перспектыве.


Аліна ГРЫШКЕВІЧ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі