Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
26 красавіка 2022, 10:21

Тэхніка, абсталяванне, навукова-тэхнічныя распрацоўкі. Што Беларусь прэзентуе на выстаўцы ў Ташкенце

Маштабная экспазіцыя Беларусі пачала работу на прамысловай выстаўцы "Інапрам. Цэнтральная Азія", якая адкрылася ў Ташкенце. У ёй прымаюць удзел 18 буйных прамысловых прадпрыемстваў, ведамстваў і навуковых арганізацый краіны. Кампаніі прадстаўляюць лепшую прадукцыю, найноўшыя навукова-тэхнічныя распрацоўкі. Агульная плошча стэнда складае 196 кв.м, вулічнай экспазіцыйнай пляцоўкі - больш за 400 кв.м. Экспазіцыя арганізавана выставачным прадпрыемствам "Белінтэрэкспа" БелГПП пры падтрымцы і ўдзеле Міністэрства прамысловасці, пасольства Беларусі ва Узбекістане. Аб тым, чым здзівіць гасцей беларуская экспазіцыя, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Мінпраме.

"Мы прадстаўляем новую тэхніку і прадукцыю як Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, так і вядучых прамысловых прадпрыемстваў краіны, у тым ліку прэзентуем прадукцыю, вырабленую ў кааперацыі з Узбекістанам. Мы ўважліва сочым за магчымасцямі, якія прадастаўляе Узбекістан, і маем намер рухацца ў бок паглыблення кааперацыі", - сказаў намеснік міністра прамысловасці Дзмітрый Харытончык.

Тэхніка

Беларуская экспазіцыя на міжнароднай прамысловай выстаўцы вызначаецца разнастайнасцю прадстаўленых раздзелаў. У прыватнасці, БЕЛАЗ прэзентуе кар'ерны самазвал на акумулятарных батарэях. Машына значна эканоміць сродкі пры эксплуатацыі: эканомія за 10 гадоў выкарыстання электрасамазвала ў параўнанні са звычайным складае $1 млн. Таксама на стэндзе прадпрыемства з дапамогай VR-акуляраў дэманструецца рабатызаваная сістэма кіравання кар'ернымі самазваламі.

Холдынг "БЕЛАЎТАМАЗ" на чале з кіруючай кампаніяй Мінскім аўтамабільным заводам прадстаўляе ўнікальны тэхналагічны комплекс вытворчасці поўнага цыкла, які забяспечвае выпуск аўтамабільнай прадукцыі з выкарыстаннем кампанентнай базы беларускіх вытворцаў.

Фота Мінпрама

"АМКАДОР" прадстаўляе ўніверсальны пагрузчык, які можа працаваць у цяжкіх умовах - складах, партах. Ён прымяняецца і ў сферы ЖКГ, дарожным будаўніцтве, сельскай гаспадарцы. Вытворчасць пагрузчыкаў наладжана на базе Ташкенцкага трактарнага завода, што сведчыць аб попыце на гэту прадукцыю на мясцовым і рэгіянальным рынку.

"БКМ Холдынг" дэманструе нізкападлогавы электробус з прабегам да 300 км без падзарадкі. Электробус мае павышаную пасажыраўмяшчальнасць і камфорт салона. Кіраванне электробусам і ўсімі сістэмамі ажыццяўляецца з дапамогай touch screen-панэлей, устаноўленых у кабіне вадзіцеля.

Мінскі трактарны завод прадстаўляе некалькі мадэлей трактароў Belarus. Сярод іх Belarus-80X, выраблены спецыяльна для ўборкі бавоўны ва Узбекістане, а таксама Belarus 82.3 - удасканаленая мадыфікацыя самага папулярнага "беларуса", які выпускаўся на заводзе на працягу дзесяцігоддзяў. Belarus 82.3 мае большую прадукцыйнасць, утварае менш шуму, мае экалагічны рухавік і сучасную святлатэхніку - святлодыёдныя фары, электракіруемыя люстэркі задняга віду.

"Гомсельмаш" прадстаўляе ўнікальны комплекс для нарыхтоўкі кармоў, а "Бабруйскаграмаш" - культыватар для апрацоўкі бавоўны.

Фота Мінпрама

Фота Мінпрама

Абсталяванне, матэрыялы, камплектуючыя

БАТЭ прапануе стартары, адаптаваныя для легкавых аўтамабіляў Узбекістана (Chevrolet, Daewoo), а таксама карданныя валы, рулявыя цягі, крыжавіны, амартызатары, кампрэсары, помпы, фары, ліхтары, паказальнікі павароту.

Прадпрыемствы "Чырвоны барэц", "СтанкаГомель" і Станкабудаўнічы завод імя Кірава прадстаўляюць шырокі спектр станочнага абсталявання - кансольна-фрэзерныя, плоскашліфавальныя станкі і іншыя. Прадукцыя заводаў прызначана для розных задач - рэзкі металу, апрацоўкі рэек, зваркі канцавога інструменту, высокадакладнай апрацоўкі плоскіх паверхняў.

На стэндзе Беларускага металургічнага завода дэманструецца натуральны ўзор металакорду - унікальнай металічнай ніці дыяметрам танчэйшым за чалавечы волас, якая выкарыстоўваецца ў вытворчасці аўтамабільных шын.

Таксама прадстаўлены магчымасці грузапад'ёмных кранаў і абсталявання ад Кранавага завода, кампрэсарныя станцыі, дызель-генератарныя ўстаноўкі і найноўшыя мадэлі рухавікоў вытворчасці Мінскага маторнага завода.

Навукова-тэхнічныя распрацоўкі

Аб'яднаны стэнд Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях уключае 134 навукова-тэхнічныя распрацоўкі: лінейку беспілотных лятальных апаратаў, проціракавыя прэпараты, маставы мабільны кран, высокатэхналагічныя медыцынскія вырабы, вібраакустычны дыягнастычны комплекс, ізаляцыйныя рэсурсазберагальныя матэрыялы, экспрэс-тэсты на COVID-19, ультрафіялетавыя ахоўныя маскі, святлодыёдныя дэзынфектары і рэцыркулятары паветра. Распрацоўкі дэманструюць арганізацыі Міністэрства адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

"НВА Цэнтр" прадстаўляе тэхналагічныя лініі для перапрацоўкі і абагачэння мінеральнай сыравіны на базе драбільнага і класіфікуючага абсталявання, якое распрацавана на прадпрыемстве і не мае аналагаў. Тэхналогіі "НВА Цэнтр" даюць магчымасць абагачаць марганцавую руду, атрымліваць кубападобны чыгуначны шчэбень, цэмент, вапну і іншыя будаўнічыя матэрыялы.

"Беларускі павільён на выстаўцы наведалі міністр прамысловасці і гандлю Расійскай Федэрацыі Дзяніс Мантураў і намеснік прэм'ер-міністра Узбекістана па пытаннях інвестыцый і знешнеэканамічных сувязей - міністр інвестыцый і знешняга гандлю Сардор Умурзакаў. Высокія госці азнаёміліся з прадукцыяй БЕЛАЗа, Беларускага металургічнага завода, прадпрыемства "Бабруйскаграмаш", Мінскага аўтамабільнага завода. Асаблівы інтарэс быў праяўлены да прадукцыі Мінскага падшыпнікавага завода", - адзначылі ў Мінпраме.

БЕЛТА.-0-

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі