Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
20 лютага 2014, 09:30

Святлана Саўко: Кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў у Беларусі праходзіць ва ўмовах узрастаючай канкурэнцыі

Кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў у Беларусі набліжаецца да, магчыма, самага яркага свайго этапу - агітацыі, якая прадоўжыцца з моманту рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты да 22 сакавіка ўключна. На дэпутацкія партфелі прэтэндуюць 22 тыс. 784 чалавекі, сярэдні конкурс на акругу склаў 1,2. Такім жа ён быў на мінулых выбарах у мясцовыя Саветы ў 2010 годзе. Але ці варта, грунтуючыся на гэтых даных, гаварыць аб невысокай актыўнасці цяперашняй кампаніі або тым больш лічыць мясцовыя выбары чымсьці накшталт тэхнічнай працэдуры? За каментарыямі наконт гэтага карэспандэнт БЕЛТА звярнулася як да арганізатараў выбараў, так і да непасрэдных іх удзельнікаў.

Бягучая кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў адрозніваецца ад папярэдняй, на першы погляд, нязначна, аднак ёсць моманты, на якія трэба звярнуць увагу. Так, значна вырас конкурс на месца ў абласных Саветах - з 1,8 да 2,3. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына акцэнтавала ўвагу на гэтым, падводзячы вынікі пачатковых этапаў выбарчай кампаніі. Яе ўдзельнікі дэманстравалі высокую гатоўнасць, прадастаўляючы неабходныя пакеты дакументаў літаральна праз тыдзень пасля пачатку вылучэння. Яшчэ на старце па асобных выбарчых акругах у аблсаветы існавала даволі вялікая альтэрнатыва.

У сувязі з гэтым Лідзія Ярмошына давала аптымістычныя прагнозы наконт актыўнасці выбарчай кампаніі, і яны так ці інакш апраўдаліся. Найбольш кандыдатаў вылучылася шляхам збору подпісаў грамадзян - больш як 60 працэнтаў, хоць гэта самы працаёмкі спосаб. Зарэгістраваўшы ініцыятыўную групу, прэтэндэнт на месца дэпутата па вялікім рахунку ходзіць ад дзвярэй да дзвярэй, прэзентуючы сваю кандыдатуру на пасаду народнага выбранніка. Подпісаў трэба параўнальна няшмат: у абласны Савет - 150, у раённы - 75, у сельскі і пасялковы - 20, але іх збор ёсць не што іншае, як самавылучэнне. Выбраць менавіта такі шлях, калі трэба сустракацца тварам да твару з выбаршчыкамі, могуць толькі самыя ўпэўненыя ў сабе і прабіўныя прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты. У сваю чаргу працоўныя калектывы (на іх рахунку каля 30 працэнтаў вылучэнцаў) выстаўляюць для ўдзелу ў выбарах самых адказных і правераных людзей з бездакорнай біяграфіяй, якія добра зарэкамендавалі сябе на родным прадпрыемстве, у арганізацыі. У вёсцы, невялікіх гарадах працоўныя калектывы служаць асноўным рэзервам папаўнення дэпутацкага корпуса.

Нельга не адзначыць, што прэтэндэнты на пасаду дэпутата ў мясцовых Саветах дэпутатаў сталі часцей карыстацца некалькімі спосабамі вылучэння. Калі ў 2010 годзе толькі 2,8 працэнта прэтэндэнтаў вылучаліся двума суб'ектамі, то ў бягучым годзе - ужо 4,3 працэнта. Цікава, што на папярэдніх выбарах толькі адзін патэнцыяльны кандыдат у дэпутаты вылучаўся адначасова і шляхам збору подпісаў, і ад партыі, і ад працоўнага калектыву, а на цяперашніх выбарах такіх 12 чалавек. Канкурэнцыя паміж патэнцыяльнымі кандыдатамі ў дэпутаты расце, і яны імкнуцца выкарыстоўваць максімум магчымасцей, якія прадастаўляюцца заканадаўствам, каб прайсці рэгістрацыю і атрымаць пасведчанне кандыдата ў дэпутаты.

Палітычныя партыі Беларусі вылучылі каля 3 працэнтаў кандыдатаў у дэпутаты. Сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік не схільны да таго, каб адназначна ацэньваць гэту лічбу як паказчык нізкай актыўнасці партый у цэлым, улічваючы не такую высокую іх прадстаўленасць на месцах у параўнанні з тымі ж працоўнымі калектывамі. Сакратар ЦВК звярнуў увагу, што 10 з 15 зарэгістраваных у Беларусі партый заяўлялі пра сябе ў міжвыбарны перыяд, зарабляючы тым самым бонусы для маючых адбыцца выбарчых кампаній. Зацішша з боку астатніх пяці партый вялікім грахом, на яго думку, не з'яўляецца, аднак на выбарах такім партыям крыху складаней, паколькі выбаршчыкі менш іх ведаюць. Электаральная статыстыка ЦВК у поўнай ступені актыўнасць выбарчай кампаніі не адлюстроўвае, неабходна ўлічваць шмат нюансаў. Так, у канкрэтнай партыі могуць удзяляць падрыхтоўцы да выбараў вялікую ўвагу, але на агульным фоне гэтага будзе практычна не відаць, адзначыў Мікалай Лазавік.

У поўнай меры пакажуць сябе прэтэндэнты на дэпутацкія месцы ўжо стаўшы зарэгістраванымі кандыдатамі ў дэпутаты, калі пачнецца агітацыя. Хоць, паводле слоў сакратара ЦВК, і тут неабходна ўлічваць асаблівасці мясцовай выбарчай кампаніі. Калі размова ідзе аб выбарах у сельскія, пасялковыя Саветы, то гаварыць аб ажыўленай агітацыі не даводзіцца - будучыя кандыдаты ў дэпутаты і без таго ледзь не кожны дзень сустракаюцца са сваімі выбаршчыкамі, добра ведаюць іх праблемы. Што датычыцца гарадоў, то тут мэтазгодна разгарнуць поўнамаштабную агітацыю. Сфарміраваць свой выбарчы фонд зарэгістраваным кандыдатам будзе не лішнім, лічыць Мікалай Лазавік. У адпаведнасці з абноўленым выбарчым заканадаўствам, агітацыйныя расходы кандыдатаў бяруць на сябе мясцовыя тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі. Яны вырабяць інфармацыйныя буклеты і разам з запрашэннем наведаць выбарчы ўчастак разашлюць іх выбаршчыкам. Пры гэтым за кандыдатамі ў дэпутаты захавана права бясплатнага выкарыстання дзяржаўных СМІ для перадвыбарных выступленняў, апублікавання праграм. Выбарчыя фонды яны змогуць выкарыстоўваць для куплі дадатковых плошчаў у газетах, эфірнага часу на тэлебачанні і радыё, друку агітацыйных матэрыялаў.

Старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч адзначыў, што бягучая выбарчая кампанія праходзіць традыцыйна. "Актыўнасць праяўляюць тыя, хто заўсёды яе праяўляў. Выбары ідуць, як заўсёды. Удзельнічаць у іх ніхто не перашкаджае", - сказаў ён. ЛДП вылучыла амаль 160 чалавек у абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў. У сельскіх і пасялковых Саветах, на думку Сяргея Гайдукевіча, павінны працаваць людзі, якія жывуць на падведамных тэрыторыях. Але гэта не значыць, што мясцовыя праблемы выпадаюць з поля зроку партыйных дэпутатаў. Знаходзячыся ў абласным Савеце дэпутатаў, яны так ці інакш курыруюць гэтыя пытанні.

"Партыі, якія крычаць, што выбараў няма, робяць наадварот. Выстаўляюць людзей у рай- або сельсаветы - туды, дзе іх ніхто не ведае. А потым гавораць, што выбараў няма. Дык у каго іх няма? Аўтарытэтам у Беларусі карыстаюцца партыі, якія пастаянна ўдзельнічаюць у выбарчых кампаніях, не заклікаючы да іх байкоту. Стаўленне да лозунгаў "Далоў!" у беларусаў насцярожанае. Наш народ думае па-іншаму", - сказаў старшыня ЛДП.

Сяргей Гайдукевіч упэўнены, што грамадзянская супольнасць у Беларусі паступальна развіваецца. Колькасць ЛДП расце і дасягае ўжо 45 тыс. чалавек. Але ў далейшым, на думку старшыні ЛДП, неабходна ўводзіць выбарчую сістэму, пераходзіць да галасавання па партыйных спісах і ствараць праўладную партыю, што адпавядае сусветнай практыцы і будзе садзейнічаць захаванню стабільнасці ў краіне.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі