Прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2015 год можна назваць хутчэй аптымістычным. Чакаемыя тэмп росту ВУП 100,2-100,7 працэнта, экспарт тавараў і паслуг 96-96,4 працэнта да 2014 года сведчаць аб гатоўнасці беларускай эканомікі да няпростых знешніх умоў, у якіх ёй давядзецца працаваць у наступным годзе. Звяртае на сябе ўвагу тое, што рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў 2015 годзе павінны вырасці на 1,1-1,5 працэнта. Прадоўжыцца тэхналагічная і эканамічная мадэрнізацыя вытворчасці, і дзякуючы гэтаму будзе забяспечаны рост прадукцыйнасці працы па валавым унутраным прадукце 1,5-2 працэнты. Чаму на гэты момант мінімальны рост валавых паказчыкаў - гэта добра, карэспандэнту БЕЛТА растлумачылі эксперты ў фінансавай сферы.
Да зацвярджэння кіраўніком дзяржавы прагноз быў па яго даручэнні дапрацаваны ўрадам з улікам ускладненых знешніх выклікаў. Сярод іх цэны на нафту, якія спадаюць, хуткая дэвальвацыя расійскага рубля. У такіх умовах празмерны рост ВУП у Беларусі прывядзе да пагаршэння плацежнага і гандлёвага балансу. А гэта ў сваю чаргу створыць перадумовы для пэўнай нестабільнасці на валютным рынку і ў фінансавай сістэме ў цэлым, адзначыў аналітык кампаніі Forex Club Валерый Палхоўскі.
"Вельмі добра, што мы не збіраемся аслабляць сваю грашова-крэдытную палітыку, не ідзём на тое, каб нарошчваць валавыя паказчыкі. Плануем мінімальны рост. У існуючых умовах гэта добры сігнал. Ён сведчыць аб тым, што наўрад ці ў эканоміцы будзе шмат свабодных грошай, якія будуць аказваць націск на валютны рынак", - падкрэсліў эксперт.
Між тым, менавіта да сітуацыі на валютным рынку адчувальныя інфляцыйныя працэсы. У 2015 годзе інфляцыю ў Беларусі плануецца знізіць да 12 працэнтаў. Гэта задача няпростая, паколькі беларускі рубель умацоўваецца да расійскага, што негатыўна ўплывае на канкурэнтаздольнасць айчынных экспарцёраў. "Але нішто не перашкаджае такую мэту ставіць і спрабаваць яе дасягнуць", - адзначыў Валерый Палхоўскі.
З ім салідарны фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра "Альпары" ў Мінску Вадзім Іосуб. Зацверджаны прагноз тэмпу росту ВУП больш рэалістычны, чым у папярэдніх варыянтах. "Але і яго можна разглядаць як аптымістычны з улікам сітуацыі ў краінах, якія выступаюць галоўнымі эканамічнымі партнёрамі Беларусі. Так, у Расіі ў наступным годзе прагназуецца рэцэсія. Еўропа таксама балансуе паміж стагнацыяй і рэцэсіяй", - канстатаваў эксперт. У такіх умовах павелічэння экспарту чакаць не трэба. Таму крыніцы росту ВУП таксама не вельмі зразумелыя.
Закранаючы прагноз па інфляцыі, фінансавы аналітык звярнуў увагу, што апошнія гады выканаць яго не ўдаецца. Для таго каб стрымаць інфляцыю, трэба абмяжоўваць прырост грашовай масы, крэдытавання, што таксама прапісана ў параметрах прагнозу. Але, як правіла, на працягу года патрэбнасць у пазыках перавышае запланаваную. "З аднаго боку, гэта стымулюе эканамічны рост. А з іншага - прыводзіць да паскарэння інфляцыі, якая ў выніку выходзіць за рамкі прагнозу", - растлумачыў эксперт. На яго думку, больш верагодна, што спажывецкія цэны ў наступным годзе вырастуць на 15 працэнтаў.
На фоне сціплага росту ВУП прагназуецца невялікае, але павелічэнне рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва - на 1,1-1,5 працэнта. Вадзім Іосуб падкрэсліў, што гэты параметр разлічаны рэалістычна. "Рост зарплат, не забяспечаны ростам ВУП, прадукцыйнасці працы - гэта таксама адзін з фактараў паскарэння інфляцыі. Такі сціплы прагноз па даходах - хутчэй станоўчы фактар, накіраваны на стрымліванне інфляцыі, на захаванне фінансавай стабільнасці", - лічыць ён.
Аналітыкі ацэньваюць як правільнае рашэнне падтрымліваць строгую макраэканамічную палітыку, паколькі на Беларусь уплывае неспрыяльная сітуацыя ў расійскай эканоміцы. З 1 студзеня 2015 года пачне дзейнічаць Еўразійскі эканамічны саюз. У новым інтэграцыйным утварэнні, няхай і не ў кароткатэрміновай перспектыве, эканомікі краін-удзельніц павінны ўмацавацца, пазбавіцца ад негатыўнага ўплыву звонку. Невыпадкова ўжо цяпер на розных узроўнях гучаць заявы аб неабходнасці адмаўляцца ад долара і еўра ва ўзаемным гандлі паміж Беларуссю і Расіяй.
Гучаць і больш смелыя прапановы. Так, віцэ-прэзідэнт Расійскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Мурычаў прадставіў праект канцэпцыі развіцця плацежных сістэм на тэрыторыі ЕАЭС. Краіны-ўдзельніцы саюза, а гэта Беларусь, Расія, Казахстан і Арменія, на яго думку, могуць перайсці на разлікі ў беларускіх і расійскіх рублях, тэнге і драмах у 2025-2030 гадах. Гэта дасць магчымасць знізіць уплыў заходняй эканомікі на ЕАЭС, лічыць ён.
Валерый Палхоўскі гэту ідэю лічыць нядрэннай. Хоць карысць такіх мер бачыць не столькі ў тым, каб знізіць знешні ўплыў на ЕАЭС, як у тым, каб зберагчы фінансавы сектар ад санкцый, якія могуць ускладняць правядзенне плацяжоў. "Калі мы разлічваемся ў еўра або доларах, то ў арганізацыі саміх разлікаў залежым ад фінансавых інстытутаў у Еўропе і ЗША. Пераход зробіць нашу фінансавую сістэму больш незалежнай. Для поўнай рэалізацыі гэтай задумы трэба сфарміраваць агульны валютны рынак, дзе ўсе краіны маглі б свабодна абменьвацца нацыянальнымі валютамі. Патрэбна біржа - адзіная пляцоўка са зразумелымі для ўсіх удзельнікаў правіламі. Не выключана, што краінам-удзельніцам давядзецца ўніфікаваць грашова-крэдытныя і фіскальныя палітыкі", - растлумачыў эксперт. У любым выпадку гэта доўгатэрміновы праект і хутка рэалізаваны ён не будзе.
Падобныя меркаванні наконт стварэння адзінага валютнага рынку, аб'яднання плацежных сістэм у свой час выказвалі і ў Нацыянальным банку. Пытанням, звязаным з функцыянаваннем Еўразійскага эканамічнага саюза, развіццём дагаворна-прававой базы і гарманізацыяй заканадаўстваў яго ўдзельнікаў у фінансавай і валютнай сферах, у 2015 годзе беларускія ўлады будуць удзяляць асаблівую ўвагу. Гэта прадугледжана асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на наступны год. Таксама прадоўжыцца работа па развіцці супрацоўніцтва і пашырэнні ўзаемавыгадных сувязей паміж банкаўскімі сістэмамі Саюзнай дзяржавы.
Галоўнай жа мэтай грашова-крэдытнай палітыкі на 2015 год будзе абмежаванне інфляцыі, забеспячэнне прывабнасці і захаванасці зберажэнняў у нацыянальнай валюце. Іх даходнасць, як і ў бягучым годзе, павінна перавышаць даходнасць зберажэнняў у замежнай валюце. Што датычыцца абменнага курса беларускага рубля, то Нацбанк мае намер і ў далейшым згладжваць яго рэзкія ваганні з улікам макраэканамічных фактараў.
Пакет асноўных эканамічных дакументаў, па якіх краіна будзе жыць у 2015 годзе, зацверджаны кіраўніком дзяржавы. На чарзе бюджэт, які паступіў ужо ў Палату прадстаўнікоў. Парламентарыі працавалі над дакументам на працягу ўсяго года і ацэньваюць законапраект як рэалістычны і ўзважаны. Падатковая нагрузка на эканоміку не павялічылася. Прадугледжана аптымізацыя дзяржаўных расходаў. Дзяржава і ў далейшым будзе выконваць свае сацыяльныя абавязацельствы, падтрымліваць фінансава стратэгічныя галіны эканомікі, яе мадэрнізацыю і экспарт.