Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
24 студзеня 2012, 16:27

РЭФОРМА, АЛЕ НЕ РАДЫКАЛЬНАЯ

Нядаўняе інтэрв'ю Прэзідэнта Беларусі прадстаўнікам кітайскіх сродкаў масавай інфармацыі нарабіла шмат шуму. Павышаную цікавасць выклікалі не столькі новыя двухбаковыя праекты, колькі агучаны кіраўніком дзяржавы намер правесці мадэрнізацыю палітычнай сістэмы.

Здзівіла рэакцыя на гэту ініцыятыву некаторых журналістаў і палітолагаў."Сенсацыя! Лукашэнка дае адказ на "арабскую вясну" і Балотную плошчу!" - несліся гарачыя навіны. Што ж, не першы раз экспертная супольнасць расчароўвае такім павярхоўным аналізам.

На самай справе, ніякага алармізму ў сказаным няма. Аляксандр Лукашэнка ўжо неаднойчы гаварыў аб магчымасці пэўных змен у існуючай палітычнай сістэме. Амаль год таму, выступаючы з заключным словам на IV Усебеларускім народным сходзе, Прэзідэнт падкрэсліў, што "наша мадэль развіцця дзяржавы прадугледжвае не застылы стан, а пастаяннае ўдасканаленне". У сваім віншаванні з нагоды Новага 2011 года кіраўнік дзяржавы падкрэсліў неабходнасць змагацца за розум і сэрцы не толькі большасці, але і меншасці грамадзян, шукаць шляхі пераадолення расколу ў грамадстве, што відавочна таксама прадугледжвае і некаторую мадэрнізацыю палітычнай сістэмы. Недвухсэнсоўна гучала тэма магчымых пераўтварэнняў і ў красавіцкім пасланні Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту. Асаблівая ўвага тады была звернута на магчымы ў будучым пераход ад мажарытарнай выбарчай сістэмы да змешанай, калі да выбараў дэпутатаў па аднамандатных акругах дабавіцца яшчэ і галасаванне па партыйных спісах. На нарадзе педагагічнага актыву напярэдадні старту новага навучальнага года беларускі лідар выказаўся за правядзенне шырокага круглага стала, нават з удзелам прадстаўнікоў Расіі і Еўрапейскага саюза. Зразумела, што вынікам такога форуму магла б стаць і пэўная рэформа дзеючай палітычнай мадэлі. Аб неабходнасці ўдасканальваць палітычную сістэму краіны Прэзідэнт сказаў і на з'ездзе БРСМ у снежні мінулага года.

Таму ні пра якую надзвычайшчыну, а тым больш абвостраную рэакцыю на падзеі за мяжой, не можа быць і размовы. Па вялікім рахунку, мадэрнізацыя палітычнай сістэмы ўжо цяпер была б не заяўленай задачай, а рэальнасцю, калі б не авантурыстычныя дзеянні асобных апазіцыйных палітыкаў 19 снежня 2010 года. Іх правакацыя, арганізаваная вечарам пасля прэзідэнцкіх выбараў, а таксама ў выніку неадэкватная рэакцыя Захаду на гэтыя падзеі прывялі да некаторага тармажэння палітычных працэсаў у Беларусі.

Цяпер мы назіраем паступовае фарміраванне ў вышэйшага кіраўніцтва Беларусі плана палітычных пераўтварэнняў у дзяржаве. Што можа ўключаць у сябе такі план? Адказ на гэта пытанне цалкам рэальна сфармуляваць, зыходзячы з аналізу тых сігналаў, якія пасылаюць беларускія ўлады, а таксама з іх рэальных дзеянняў.

Перш за ўсё, з вялікай доляй верагоднасці можна гаварыць аб павышэнні ролі палітычных партый. Што таіць - у Беларусі дэ-факта існуе апартыйная палітычная сістэма. Гэта значыць пры фармальнай шматпартыйнасці ўплыў партый на грамадска-палітычныя працэсы настолькі мізэрны, што яго практычна можна не ўлічваць. Бо ў прадстаўнічых органах улады менш за 1,5 працэнта дэпутатаў з'яўляюцца членамі той ці іншай партыі. Відавочна, што сітуацыю трэба мяняць. І працэс такіх змен пачаўся. У 2010 годзе, напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у айчыннае заканадаўства былі ўнесены змяненні, якія азначаюць істотную мадыфікацыю выбарчага працэсу. Цяпер стала прасцей і зарэгістраваць ініцыятыўную групу па вылучэнню кандыдата, і сабраць подпісы выбаршчыкаў. Ажывіўся агітацыйна-прапагандысцкі этап выбарчай кампаніі дзякуючы таму, што пікеты па збору подпісаў не падпадаюць пад закон аб масавых мерапрыемствах і іх можна праводзіць у любых не забароненых месцах. Беларускія грамадзяне ўжо маглі пераканацца ў дзейснасці такой формы ў час прэзідэнцкіх выбараў. Закранулі змяненні і фінансаванне выбарчай кампаніі. Кандыдаты ў дэпутаты змогуць ствараць уласныя фонды, якія можна будзе фарміраваць як з бюджэтных сродкаў, што выдзяляюцца зарэгістраваным кандыдатам, так і за кошт уласных або спонсарскіх грошай.

Дзяржава зрабіла сур'ёзны крок насустрач палітычным партыям. Ці гатовы яны праявіць дастатковую актыўнасць і заняць належнае месца ў беларускім грамадстве? Адказ на гэта пытанне дадуць маючыя адбыцца выбары ў парламент.

Дарэчы, наспела неабходнасць і актывізацыі дзейнасці саміх дэпутатаў. Калі Нацыянальны сход як заканадаўчы орган валодае дастатковымі ўладнымі паўнамоцтвамі і паспяхова іх рэалізуе, то ступень уключэння асобных дэпутатаў у грамадска-палітычныя працэсы вымушае жадаць лепшага.

Ужо не раз гаварылася, у тым ліку і Прэзідэнтам, аб надзённай патрэбе павысіць ролю і адказнасць мясцовых органаў улады. Асабліва актуальна пытанне ўзаемадзеяння і падзелу паўнамоцтваў паміж выканаўчымі камітэтамі і Саветамі на месцах. Не сакрэт, што некаторыя кіраўнікі мясцовых распарадчых органаў улады глядзяць на Саветы як на своеасаблівы прыдатак па прыняццю бюджэту. Ды і самі дэпутаты Саветаў не заўсёды праяўляюць належную актыўнасць, адсюль і ацэнка выбаршчыкаў - традыцыйна на выбарах народных прадстаўнікоў у гэтыя органы ўлады назіраецца самая нізкая яўка.

Верагодна, магчымы і іншыя пераўтварэнні, звязаныя ў тым ліку з павышэннем ролі грамадзянскай супольнасці. Неабходнасць такіх крокаў пераканаўча даказалі вынікі шырокамаштабнага маніторынгу па рабоце са зваротамі грамадзян, што праводзіцца ў нашай краіне.

Незалежна ад аб'ёму заяўленай мадэрнізацыі відавочна яе мэта - пераадоленне палітычнага расколу ў грамадстве, стварэнне ўмоў для агульнанацыянальнай кансалідацыі і наданне новага імпульсу развіццю дзяржавы. Адной з адметных рыс беларускай палітычнай мадэлі з'яўляецца вострая канфрантацыя паміж дзеючай уладай і яе палітычнымі апанентамі. Фактычна апазыцыя знаходзіцца ва ўласнай палітычнай рэальнасці. У яе свая сімволіка, ідэалогія, прысутнічае і ўнутраная палітычная барацьба за ўплыў у сваім крузе. Можна гаварыць аб тым, што ў Рэспубліцы Беларусь назіраюцца элементы процістаяння дзвюх палітычных культур: грамадзянскай большасці (дамінуючая) і палітычнай апазіцыі (андэграўндная). Кожная з іх валодае сваімі ідэалагічнымі перакананнямі і ўстаноўкамі, стэрэатыпамі і нормамі палітычных паводзін. Што цікава, такія нормы і стэрэатыпы ўжо ўзнаўляюцца і новымі пакаленнямі палітыкаў, якія прадстаўляюць кожную з гэтых палітычных культур. Мірыцца з падобнай сітуацыяй у далейшым недапушчальна.

Безумоўна, чаканая мадэрнізацыя не азначае ніякай рэвалюцыі. Беларуская палітычная сістэма за мінулыя гады даказала сваю ўстойлівасць і эфектыўнасць. Сфарміраваная на прынцыпах сапраўднага народаўладдзя, яна з'явілася адным з ключавых фактараў паспяховага развіцця краіны і вытрымала сур'ёзныя выпрабаванні і выклікі, у тым ліку атакі звонку. Правядзенне некалькіх выбарчых кампаній рознага ўзроўню і рэферэндумаў, забеспячэнне ўстойлівай і зладжанай работы ўсіх галін улады, захаванне палітычнай стабільнасці ва ўмовах некалькіх хваль "каляровых рэвалюцый" - усё гэта ў пазітыўным заліку айчыннай палітычнай мадэлі. Аднак відавочна, што далейшае паспяховае развіццё магчыма толькі пры ўмове, калі палітычнае кіраўніцтва краіны здолее забяспечыць пэўную мадыфікацыю сістэмы на маршы. Паколькі стабільнасць можа быць даўгачаснай толькі ў грамадстве, якое здольна да перыядычнага абнаўлення.

Вадзім ГІГІН
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі