Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
11 ліпеня 2019, 13:03

Правы турыстаў прапануюць абараняць па-новаму

Адкладваць унясенне змяненняў у турыстычнае заканадаўства Беларусі больш нельга, лічаць у Міністэрстве спорту і турызму. Новыя правілы гульні на рынку прапісалі ў праекце закона "Аб турызме". Гэтымі днямі яго вынесуць на грамадскае абмеркаванне. Калі прапановы знойдуць падтрымку і дакумент прымуць у такой рэдакцыі, гэта будуць ледзь ці не самыя сур'ёзныя заканадаўчыя змяненні ў тургаліне за апошнія 25 гадоў. У Мінспорту БЕЛТА расказалі, якім прапануюць зрабіць механізм фінгарантый, хто адкажа за сарваны адпачынак і як новаўвядзенні паўплываюць на кашалькі беларусаў.

Тры варыянты фінгарантый

Галоўнае новаўвядзенне - у Беларусі можа з'явіцца такі механізм абароны правоў турыстаў, як фінгарантыі. Як тлумачыць намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме - начальнік аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Мінспорту Віталь Грыцэвіч, у праекце закона тураператару далі магчымасць самому выбраць адзін з трох варыянтаў: банкаўскую гарантыю, страхаванне грамадзянскай адказнасці або ўдзел у фінансаванні калектыўнага фонду.

Паводле прагнозаў Мінспорту, трэці варыянт у бліжэйшы час будзе самы папулярны. "На гэты момант банкаўская гарантыя не вельмі распаўсюджаная з'ява. Тое ж самае датычыцца страхавання грамадзянскай адказнасці аператара: пакуль няма механізма, каб улічыць усе нюансы, хоць страхоўшчыкі запэўнілі, што гатовы яго распрацаваць. Трэці спосаб уяўляецца самым жыццяздольным. Разам з тым трэба разумець, што закон пішацца не на год або два, менавіта таму мы ўносім на абмеркаванне некалькі варыянтаў, прапануючы і тыя, якія можна выкарыстоўваць у будучым", - каменціруе Віталь Грыцэвіч.

Прадугледжваецца, што фонд можа быць створаны пры турыстычным саюзе. Памер узносаў будзе залежаць ад абароту тураператара за папярэдні год. "У выпадку надзвычайных сітуацый за аднаго тураператара ўступіцца ўся супольнасць і турысты не застануцца без дапамогі", - адзначыў прадстаўнік Мінспорту.

У час падрыхтоўкі законапраекта тураператары прапаноўвалі браць з кожнай пуцёўкі фіксаваны збор у фонд турдапамогі або застрахаваць кожны тур, але гэтыя ініцыятывы не былі адобраны. Як тлумачаць распрацоўшчыкі, ключавы момант - разумець, што фінгарантыя сапраўды зможа дапамагчы абараніць турыстаў і створыць рэальную фінансавую падушку бяспекі.

"Мы пераканалі прадстаўнікоў турбізнесу, што фінгарантыі патрэбны, пытанне толькі ў адлічэннях. Быў вывучаны вопыт суседзяў, мы ўдзячныя ім і нашаму Міністэрству замежных спраў за атрыманую інфармацыю і практычныя рэкамендацыі. Спадзяюся, нам удасца пазбегнуць многіх крытычных сітуацый, з якімі сутыкнуліся нашы замежныя калегі", - сказаў Віталь Грыцэвіч.

Разлікі паказваюць, што фонд турдапамогі зможа акумуляваць суму для кампенсавання ўрону турыстаў у сітуацыі, аналагічнай з інцыдэнтам з расійскім тураператарам "Наталі Турс" у 2018 годзе. "Мы падлічылі, у колькі прыкладна гэта абышлося беларускім турыстам, і атрымалася, што такая сума павінна сабрацца ў фондзе. Тады беларускія турысты страцілі прыкладна 700-800 тыс. еўра", - удакладнілі ў Мінспорту.

Механізм фінгарантый хочуць зрабіць абавязковым, адлічэнні ў фонд таксама будуць абавязковай умовай работы на турыстычным рынку. У Мінспорту лічаць, што махінацый з адлічэннямі не будзе, паколькі гэта ўжо прамое парушэнне заканадаўства, якое прывядзе да сур'ёзных вынікаў.

Важна, што аб фінгарантыях трэба будзе падумаць і ўязному турбізнесу. У Мінспорту прызнаюць, што пакуль ніводнага выпадку, каб уязны тураператар не выканаў абавязацельствы і дзясяткі турыстаў засталіся без абяцанага адпачынку ў Беларусі, не было. "Але мы не павінны ісці па шляху - нешта здарылася, трэба выпраўляць. Варта працаваць на апярэджанне, каб такіх сітуацый не ўзнікала", - лічыць намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме.

Павышэнне адказнасці тураператараў

У праекце новага закона "Аб турызме" пастараліся размежаваць адказнасць тураператара і турагента. Аднак дзеючае заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў гаворыць: хто з'яўляецца выканаўцам па дагаворы, той і нясе адказнасць перад кліентам, таму прапануемыя змяненні не павінны былі супярэчыць гэтай практыцы. "Мы дадаткова вызначылі, за што павінен адказваць турагент, за што - тураператар. Калі справа дойдзе да канфліктных сітуацый або суда, будзе дакладнае разуменне і размежаванне зон адказнасці", - растлумачыў Віталь Грыцэвіч.

Ён лічыць, што ў кліента павінна быць магчымасць выбіраць, да каго прад'яўляць прэтэнзіі. Калі паслугі, за якія адказвае турагент, аказаны якасна, а недапрацоўкі былі ў зоне адказнасці тураператара, то нелагічна, калі за іх усё роўна адказвае апошняе звяно ў ланцужку - турагент.

Што датычыцца дадатковай дыферэнцыяцыі тураператараў па прынцыпе "нацыянальны - замежны" з выстаўленнем дадатковых умоў для работы, то Віталь Грыцэвіч лічыць, што штучныя бар'еры ва ўмовах адкрытага рынку неразумныя: "Былі такія прапановы ад нашых тураператараў, але мы цяпер працуем па правілах адкрытага рынку, фіксаваць паняцці "свой-чужы" немагчыма, гэта будзе пярэчыць міжнародным дамоўленасцям, тым больш, што мы імкнёмся ў Сусветную гандлёвую арганізацыю".

Разам з тым, кожная краіна мае права прапісваць механізм уваходу на рынак турпаслуг на сваёй тэрыторыі. У новым варыянце закона прапанавана, што для работы на туррынку Беларусі трэба стварыць тут юрыдычную асобу, якая будзе падпарадкоўвацца нацыянальнаму заканадаўству. Гэта будзе абавязковай умовай.

Дадатковыя функцыі для туррэестра

Змяненні будуць і ў рэестры суб'ектаў турыстычнай дзейнасці. Пакуль гэта ў большай ступені інфармацыйны рэсурс, але ў хуткім часе ён можа атрымаць дадатковыя функцыі.

"Дзякуючы інфармацыі з рэестра мы бачым агульную карціну, колькасць ігракоў на рынку. На наш погляд, рэестр павінен стаць своеасаблівым механізмам адсячэння нядобрасумленных ігракоў. Мы думаем, што трэба адысці ад наяўнасці сертыфікацыі. Яна і цяпер добраахвотная, але патрабаванні для яе праходжання не даюць поўнай гарантыі, што якасць турпаслуг будзе прымальнай. Калі мы адыдзем ад сертыфікацыі, гэта будзе крокам насустрач бізнесу. У той жа час рэестр будзе адыгрываць важную ролю, знаходжанне ў ім прапануецца зрабіць абавязковым для турыстычнай дзейнасці", - падкрэсліў Віталь Грыцэвіч.

Плануецца, што рэестр стане больш інфарматыўным, у яго трапяць дадатковыя звесткі аб кампаніях, у тым ліку іх фінгарантыях для абароны турыстаў. Цяпер дзейнічае заяўны прынцып уваходу і выхаду з рэестра. "Па новых правілах у выпадку пэўных парушэнняў кампанію могуць выключыць з рэестра, а без знаходжання ў рэестры аказваць турыстычныя паслугі будзе нельга. Гэта механізм, што зможа адсекчы нядобрасумленных пастаўшчыкоў паслуг, на якія сёння скардзяцца, у тым ліку з-за праводзімага імі дэмпінгу", - расказаў намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме. Сур'ёзныя парушэнні, такім чынам, могуць стаць падставай для выключэння з рэестра, таму за сарваны водпуск давядзецца адказваць.

Акрамя таго, у законе збіраюцца зрабіць больш строгай фармулёўку, якая датычыцца забароны праводзіць экскурсіі на тэрыторыі Беларусі без нацыянальнай атэстацыі. "Такія нормы павінны дзейнічаць і цяпер, але з-за расплыўчатых фармулёвак у нас адсутнічаюць рычагі ўздзеяння на такіх "экскурсаводаў", - гаворыць Віталь Грыцэвіч і прыводзіць прыклад Расіі, дзе наогул прапанавалі забараніць працаваць гідамі на іх тэрыторыі іншаземцам.

У праекце закона дашліфавалі пытанні, звязаныя з заключэннем дагавораў у пісьмовай і электроннай форме. Больш таго - Мінспорту прапанаваў прапісаць у законе магчымасць заключэння дагавора аказання турпаслуг у выглядзе смарт-кантракта. Магчыма, гэта пакуль далёкая перспектыва, тым не менш рэзідэнты ПВТ гатовы дапамагчы з распрацоўкай неабходных інструментаў і пратэсціраваць ноу-хау.

Што будзе з цэнамі на пуцёўкі

Мінспорту атрымала запэўніванні ад тураператараў, што новыя механізмы абароны турыстаў не стануць дадатковай нагрузкай для кашалькоў адпачывальнікаў. "Тураператары паабяцалі кампенсаваць гэтыя расходы за кошт свайго прыбытку. Але ў агульным кошце адной пуцёўкі калі і будуць дадатковыя сумы, абумоўленыя ўвядзеннем фінгарантый, то яны настолькі нязначныя, што грамадзяне гэтага проста не заўважаць", - лічаць у міністэрстве.

Дарэчы, у 2018 годзе турыстычныя паслугі падаражэлі на 3,4 працэнта, што ніжэй за ўзровень інфляцыі. З увядзеннем фінгарантый падаражанне пуцёвак таксама не павінна перасягнуць парог інфляцыі. У Мінспорту спадзяюцца і на добрапрыстойнасць тураператараў, якія запэўнілі, што некантралюемага росту не будзе.

Чакаецца, што абноўлены праект закона "Аб турызме" ў самы бліжэйшы час вынесуць на грамадскае абмеркаванне. У жніўні яго хочуць накіраваць на ўзгадненне ў Савет Міністраў, потым - у парламент. Колькі часу зойме прапрацоўка законапраекта дэпутатамі, у Мінспорту прагназаваць не бяруцца, але пасля прыняцця закона на пераходны перыяд адвялі год, каб да новаўвядзенняў і насельніцтва паспела прывыкнуць, і тураператары з турагентамі.

"Практычна ўсе рознагалоссі бізнесу, дзяржорганаў на апошняй нарадзе ўдалося зняць. Засталіся дробныя дашліфоўкі. Але калі асноўныя моманты, асноўная архітэктура праекта закона захаваюцца, то ў тураператараў, турагентаў і Мінспорту наперадзе вялікая работа, каб сфера турызму пачала працаваць па кардынальна новых правілах", - рэзюмаваў Віталь Грыцэвіч.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі