Развітанне з "крыжачком"
П'янства і алкагалізм сталі бічом сучаснага грамадства. У Беларусі, нягледзячы на меры, што прымаюцца, сітуацыя мала змянілася ў лепшы бок. І бяда не столькі ў тым, што п'юць, колькі ў недахопе культуры піцця. Адна справа правесці вечар за бакалам добрага віна, іншая - піць без меры нізкаякаснае пладовае, якое называюць у народзе "чарнілам", або "бырлом". Медыкі лічаць, што менавіта даступнасць спіртнога і рэалізацыя танных алкагольных напіткаў са шматлікімі паэтычнымі назвамі (самая знакамітая - "Крыжачок") садзейнічаюць такой масавай алкагалізацыі насельніцтва. Нізкаякасныя пладова-ягадныя віны найбольш згубныя для арганізма, хутчэй за ўсё фарміруюць алкагольную залежнасць. У Мінскай вобласці іх ужыванню аб'явілі вайну. Спачатку забарона на продаж гэтых напіткаў была ўведзена ў Слуцкім раёне, затым да яго далучыліся яшчэ шэсць раёнаў. Эфектыўнасць гэтай меры абмяркоўвалася на нядаўнім пасяджэнні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Было прынята рашэнне распаўсюдзіць вопыт на тэрыторыю ўсяго сталічнага рэгіёну.
Антыалкагольны эксперымент у Слуцку стартаваў у чэрвені 2011 года. Спачатку меркавалася, што ён прадоўжыцца толькі да жніўня, але вось ужо прайшло амаль дванаццаць месяцаў як тут перасталі прадаваць пладова-ягадныя віны і пладова-вінныя напіткі. У выніку, паводле слоў намесніка Мінаблвыканкама Віктара Шчацько, у мінулым годзе ў раёне на 22,3 працэнта знізілася смяротнасць ад атручэння алкаголем (з 23,3 да 18,1 на 100 тыс. чалавек), на 18,5 працэнта зменшылася колькасць самагубстваў. Жыхары сталі часцей звяртацца за наркалагічнай дапамогай, зарэгістраваны самы нізкі ў вобласці ўзровень першаснай захваральнасці на алкагольны псіхоз. Палепшылася статыстыка па вытворчаму траўматызму, гібелі на пажарах, утапленнях нецвярозых грамадзян. У першым квартале станоўчая дынаміка захавалася.
Следам за Слуцкам забарону на продаж "чарніл" увялі і іншыя раёны, у прыватнасці Бярэзінскі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Салігорскі, Старадарожскі.
Абмежаванне рэалізацыі спіртнога - адно з мерапрыемстваў у Мінскай вобласці па выкананню Дзяржаўнай праграмы па прадухіленню і пераадоленню п'янства і алкагалізму на 2011-2015 гады. Можна сказаць, што гэтыя меры даюць станоўчыя вынікі. У мінулым годзе ў параўнанні з 2010-м у рэгіёне намецілася тэндэнцыя да зніжэння "п'янай" злачыннасці (на 10 працэнтаў), няшчасных выпадкаў на вытворчасці з цяжкімі наступствамі, якія здарылася з работнікамі ў стане алкагольнага ап'янення (мінус 3,5 працэнта), непаўналетніх, якія злоўжываюць алкаголем (мінус 2 працэнты), захваральнасці на алкагольны псіхоз (мінус 7 працэнтаў).
Жыхары Мінскай вобласці п'юць менш, чым беларусы ў цэлым: паводле даных Белстата, продажы алкагольных напіткаў у краіне склалі 13,3 л у год на кожнага, на Міншчыне - 12,4 л. Але ўсё роўна лічбы выглядаюць жудасна. Яшчэ ў 2010 годзе ў сталічным рэгіёне ўжывалі 11,5 л. Толькі за апошні год па прычыне выпадковага атручэння алкаголем вобласць недалічылася 383 чалавекі, яшчэ больш за 200 чалавек загінулі на пажарах, што ўзніклі па віне п'янства, патанула 65 нецвярозых грамадзян, 154 чалавекі ў стане алкагольнага ап'янення скончылі жыццё самагубствам. П'янымі ўчынена больш за 5 тыс злачынстваў, 38,2 працэнта ўсіх крымінальна каральных дзеянняў, 218 аварый. "Падумаць толькі: з 2,5 тыс. смяротных выпадкаў ад знешніх прычын у 850 - вінавата п'янства! У сталічным рэгіёне налічваецца каля 82 тыс. "афіцыйных" агкаголікаў, а колькі яшчэ п'юць употай, па выхадных? У групе рызыкі - яшчэ амаль 18 тыс. чалавек. Аналіз паказвае, што ў асноўным гэта людзі, якія ўжываюць нізкаякаснае пладова-ягаднае віно", - сказаў Віктар Шчацько.
Каб паўплываць на сітуацыю і дабіцца ўсё ж такі зніжэння колькасці асоб, якія стаяць на наркалагічным уліку, смяротнасці ад алкагольнай перадазіроўкі, на пасяджэнні Мінаблвыканкама прынята рашэнне райвыканкамам разгледзець пытанні аб абмежаванні часу продажу спіртнога і поўнай забароны рэалізацыі пладовых мацаваных ардынарных він на тэрыторыі раёнаў і гарадоў. У ліку іншых прафілактычных мер - правядзенне ва ўстановах адукацыі маніторынгу распаўсюджанасці шкодных прывычак сярод навучэнцаў, забеспячэнне занятасці нядобранадзейных падлеткаў у летні перыяд, садзейнічанне ў працаўладкаванні асоб, якія вярнуліся з лячэбна-працоўных прафілакторыяў і інш.
У сваю чаргу вытворцы спіртнога не лічаць забарону панацэяй ад п'янства (маўляў, хто хоча, той заўсёды знойдзе) і называюць спробы скараціць ужыванне толькі пладовых він няправільнымі. На іх думку, піўны і гарэлачны алкагалізм нічым не лепшы за вінны. "Вінава не віно, а чалавек і культура ўжывання алкаголю. Наўрад ці такія забароны спрыяльна паўплываюць на барацьбу з алкагалізмам", - упэўнены там. У тым жа Слуцкім раёне рэалізацыя гарэлкі павялічылася на 48 працэнтаў, у студзені-сакавіку - на 57,7 працэнта. Адбылося звычайнае замяшчэнне, - канстатуе Віктар Шчацько. - У колькасці выпітага ўмоўнага алкаголю ў мінулым годзе змен не адбылося, у бягучым годзе назіраецца хоць нязначнае, але зніжэнне".
Добра ці дрэнна, калі гарэлка заменіць пладова-ягаднае віно? Безумоўна, усе алкагольныя напіткі ў вялікай колькасці шкодныя для здароўя, але чарнілы - удвая. У такое віно дабаўляюць кансерванты, фарбавальнікі, ад гэтага яно набывае спецыфічны колер і смак. Такі прадукт змяшчае больш цукру, што садзейнічае хутчэйшаму засваенню алкаголю, у выніку чаго ён лёгка п'ецца і хутчэй ап'яняе, таму многія абыходзяцца нават без закускі.
Не ўсе пладова-ягадныя віны - атрута. Тым напіткам, якія прыгатаваны па спецыяльнай тэхналогіі, а градус атрыманы шляхам натуральнага браджэння ягад і фруктаў без прымянення цукру і спірту, спецыялісты даюць высокую ацэнку.
"Не павінны вырабляцца і рэалізоўвацца на тэрыторыі Мінскай вобласці пладовыя мацаваныя ардынарныя віны так званага хуткага браджэння, якія маюць нізкую якасць. Іншыя пазіцыі пладовых мацаваных він - марачныя, палепшанай якасці, фруктова-ягадныя, што вырабляюцца поўнасцю з натуральнай сыравіны, паспяхова дапаўняюць вінаградныя віны", - лічыць Віктар Шчацько.
Як адзначаў старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Іван Данчанка, выпуск пладовых мацаваных ардынарных він у Беларусі ў 2012 годзе плануецца спыніць. На прылаўках застануцца толькі віны, вырабленыя па палепшанай тэхналогіі. Заводы больш будуць вырабляць натуральных він, кальвадосаў, сідру. Усяго ў Беларусі вінаробствам займаюцца 60 арганізацый рознай формы ўласнасці.
Аб тым, што паступова прадпрыемствы адыходзяць ад устарэлых тэхналогій, сведчаць і лічбы. Так, калі ў 2007 годзе ў Мінскай вобласці 96 працэнтаў ад агульнага аб'ёму выпускаемых і рэалізуемых пладовых він прыпадала на вінныя напіткі 5-7-дзённага прыгатавання, то цяпер - толькі 15,7 працэнта.
Па ідэі, калі выключыць з рынку віно таннага сегмента, сітуацыя павінна стабілізавацца. Калі паглядзець на сусветную статыстыку, беларусы - не самая першая нацыя па ўжыванню спіртнога. Згодна са справаздачай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за 2011 год, Беларусь знаходзіцца на 10-м месцы па ўжыванню алкаголю на душу насельніцтва, а на першых радках - Малдова, Чэхія і Венгрыя. Іншая справа, што там п'юць больш якаснае спіртное. Таму галоўнае ў справе прафілактыкі п'янства і алкагалізму - фарміраванне ў людзей культуры піцця, больш актыўная работа з тымі, на каго яшчэ можна паўплываць, - моладзь, групы рызыкі. У сувязі з гэтым абмежаванні на продаж спіртнога будуць дарэчы. Зразумела, поўнасцю адмовіцца ад алкаголю, улічваючы традыцыі піцця, сфарміраваныя ў народзе, калі бутэлька ставіцца на стол па любой прычыне: на ўрачыстасць, свята, жалобныя мерапрыемствы, з'яўляецца немагчымым. А вось абмежаванне выпуску і ўпарадкаванне гандлю спіртным - неабходная мера, якая дасць магчымасць пазбегнуць алкагалізацыі насельніцтва і не зробіць п'янства адметнай нацыянальнай рысай беларусаў.
У некаторых краінах пайшлі па шляху змяншэння колькасці месц распаўсюджвання спіртнога (яго можна набыць толькі ў спецыялізаваных магазінах). У Мінскай вобласці прааналізавалі ўжыванне алкаголю ў розных раёнах і прыйшлі да высновы, што сувязь аб'ёмаў рэалізацыі са шчыльнасцю пунктаў яго продажу не прасочваецца. Так, у Бярэзінскім раёне найменшая колькасць гандлёвых аб'ектаў рэалізуе больш за ўсё ў рэгіёне алкагольных напіткаў (7,5 "пунктаў" на 10 тыс. насельніцтва і 16,9 л на душу насельніцтва). І наадварот, у Смалявіцкім раёне пры найбольш разгалінаванай гандлёвай сетцы менш за ўсё прадаюць алкаголю (16,7 "пунктаў" на 10 тыс. і 9,1 л на душу насельніцтва). Акрамя Бярэзінскага, многа п'юць у Мінскім (19,8), Любанскім (16,1 л), Чэрвеньскім (14,9 л) і Лагойскім (14 л) раёнах. Прычыны, чаму ў адных раёнах ужываюць больш, у іншых - менш, спецыялістам вызначыць не ўдалося.
Дзяржпраграма нацыянальных дзеянняў па прадухіленню і пераадоленню п'янства і алкагалізму рэалізуецца не першы год. План на 2011-2015 гады ўключае ў сябе 67 мерапрыемстваў і ставіць глабальныя задачы - пераадоленне негатыўных тэндэнцый, якія склаліся ў грамадстве.
Надзея РАДЗІВОН