Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
13 жніўня 2012, 19:04

ПОСТСАВЕЦКІ СІНДРОМ

Што атрымала і што страціла Беларусь на Алімпійскіх гульнях у Лондане

Алімпійскі лонданскі туман рассеяўся, і ўсе перадстартавыя прагнозы нарэшце набылі выразныя абрысы фактычных лічбаў. Нацыянальныя каманды выстраіліся ў медальны ланцужок, і кожная краіна мае права зрабіць папярэдні аналіз сваіх спартыўных здабыткаў і страт. Гэта датычыцца і зборнай Беларусі...

Пятыя летнія Алімпійскія гульні для суверэннай Рэспублікі Беларусь прынеслі медальную лічбу, пры гэтым, хто верыць у забабоны, - нешчаслівую лічбу 13 (3 залатыя, 5 сярэбраных і 5 бронзавых), а хто не верыць, - самы горшы паказчык за 16 гадоў.

Нагадаем: у Атланце-1996 было 15 медалёў (1, 6, 8), Сідней-2000 – 17 (3, 3, 11), Афіны-2004 – 15 (2, 6, 7), Пекін-2008 – 19 (4, 5, 10).

Нацэльваліся на 25, атрымалі крыху больш за палавіну. Мне ў якасці журналіста давялося асвятляць алімпіяды ў Атланце і Афінах, астатнія ўважліва глядзеў па тэлевізары. Таму дазволю зрабіць адну, на мой погляд, галоўную выснову: мы займаем у алімпійскім свеце дастойнае месца. І нават 23-е ў Лондане не трэба расцэньваць як нейкую нацыянальную катастрофу.

Дакажу гэта на канкрэтным прыкладзе. Наша суседка Польшча цяпер атрымала 10 медалёў, Швецыя - 8, Бельгія - 3, Балгарыя - 2.

Чаму ўзялі менавіта гэтыя краіны. Польшча - таму, што яе насельніцтва ў чатыры разы большае чым у Беларусі (выбар перспектыўных маладых спартсменаў намнога бальшы), Балгарыю, Бельгію і Швецыю насяляюць практычна столькі ж людзей як і нашу. А параўнайце вынікі.

Нават Кітай з яго мільярднымі людскімі рэсурсамі і жалезнай камуністычнай дысцыплінай не змог абысці наладжаную спартыўную машыну ЗША.

Уся справа ў пошуку талентаў і тэхналогіі падрыхтоўкі спартсменаў. У сувязі з гэтым успомнім Савецкі Саюз. На сваіх апошніх Алімпійскіх гульнях 1988 года СССР заваяваў 132 медалі! У Лондане ЗША, заняўшы першае месца, ўзялі толькі 104. І нават у 1992 годзе, калі Саюз ужо распаўся, і ў Барселоне яго асколкі былі сабраны пад сцяг 12 рэспублік так званай аб'яднанай каманды, яе 112 медалёў далі магчымасць заняць першае агульнакаманднае месца.

А цяпер гіпатэтычна складзіце ўсе лонданскія медалі былых рэспублік СССР. Неверагодна, але факт: да 82 Расіі патрэбна дадаць роўна столькі ж, якія на рахунку савецкіх "асколкаў". Атрымліваецца 164! Наўрад ці адна краіна калі-небудзь дасягне такога выніку.

Мы ў гэтым рэестры - чацвёртыя. Пры тым, што фантастычны вынік паказаў Казахстан - 7 залатых медалёў, а ўсяго, як і ў нас - 13. Украіна з колькасцю насельніцтва 45 млн. чалавек (у пяць разоў перасягае Беларусь) мае 20 медалёў.

Як ні круці, а савецкая спартыўная школа і сёння дае аб сабе знаць. Асабліва гэта датычыцца трэнерскіх кадраў.

Але.. тая ж самая школа нярэдка праяўляе сябе і з негатыўнага боку. І вось тут мы ў яўных лідарах. Я маю на ўвазе тое, што часта ў самыя адказныя моманты нашым спарсменам не хапае славутага "ледзь-ледзь". І атрымліваецца перавытворчасць так званых драўляных медалёў - чацвёртых месц. Бо ў Лондане толькі нашы спартсмены з паўтузіна разоў спыняліся за крок ад бронзавых узнагарод.

Беларусь практычна поўнасцю страціла сваю "каронку" - спартыўную гімнастыку і грэка-рымскую барацьбу. Дзе знайсці Віталя Шчэрбу, які ў Барселоне адзін (!) сабраў ураджай з шасці залатых узнагарод. Нельга назваць поспехам і ўсяго адзін медаль у лёгкай атлетыцы. Застопарыліся справы ў акадэмічным веславанні. Ёсць рэзервы ў стральбе.

І ўсё ж успомнім яркія моманты. Самым выдатным лічу стабільнасць "залатога" 44-гадовага стралка Сяргея Мартынава, поспех у тэнісе Вікторыі Азаранка і Максіма Мірнага, бліскучае выступленне ў не менш прэстыжнай дысцыпліне - плаванні Аляксандры Герасімені і несумненны поспех мастачак.

Мы атрымалі медалі ў васьмі відах спорту. Гэта таксама радуе. Значыць, летні спорт не абмежаваны нечым адным, а развіваецца ў розных напрамках.

Праз чатыры гады спартсменаў-алімпійцаў будзе сустракаць Бразілія. Гэта непрывычны для еўрапейцаў часавы пояс і складаныя кліматычныя ўмовы. Але менавіта ў такіх умовах зборная Беларусі ў Пекіне паказала свой лепшы медальны вынік.

Можа, праяўляецца адна добрая рыса - таксама, дарэчы, уласцівая савецкаму часу, - паспяхова пераадольваць цяжкасці?..

Віктар ЛОЎГАЧ
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі