Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
22 снежня 2012, 15:36

Новая рэдакцыя закона аб сацыяльным абслугоўванні - аснова для ўкаранення інавацый

Новая рэдакцыя Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сацыяльным абслугоўванні" ўступае ў сілу 1 студзеня 2013 года. Яе распрацоўка абумоўлена сукупнасцю негатыўных дэмаграфічных тэндэнцый і актыўным развіццём сістэмы сацабслугоўвання. Так, у апошнія гады ў краіне адзначаецца старэнне насельніцтва, павелічэнне ўдзельнай вагі інвалідаў, адзінокіх і адзінока пражываючых старых. Як вынік, штогод расце колькасць тых, хто мае патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні, адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Анатоль Ражанец. Акрамя таго, за перыяд дзеяння Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сацыяльным абслугоўванні" (прыняты ў 2000 годзе) атрымалі актыўнае развіццё нестацыянарныя формы сацабслугоўвання, распрацаваны і ўкараняюцца ў практыку новыя тэхналогіі аказання сацпаслуг, павялічыўся попыт на сацыяльныя паслугі ў цэлым, узраслі патрабаванні да іх якасці, пачаў фарміравацца рынак сацпаслуг, прадстаўлены дзяржаўнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі.

З 2004 года ва ўсіх адміністрацыйных раёнах рэспублікі працуюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (усяго 149 ТЦСАН). На ўліку ў іх знаходзяцца амаль 1,6 млн. чалавек, якія належаць да розных сацыяльна слаба абароненых катэгорый насельніцтва. Павялічваецца колькасць непрацаздольных, тых, хто аблугоўваецца дома (іх ужо 88,2 тыс. чалавек). З 2010 года забяспечваецца пераемнасць пераходу выпускнікоў цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі сістэмы адукацыі ў ТЦСАН - ва ўсіх цэнтрах працуюць аддзяленні днённага знаходжання, якія наведваюць 3,7 тыс. маладых інвалідаў.

У працэсе рэалізацыі сацыяльных праектаў недзяржаўныя арганізацыі, што працуюць з катэгорыямі насельніцтва, якія маюць проціпаказанні да абслугоўвання дзяржустановамі сацаблугоўвання (псіхічна хворыя людзі, людзі з актыўнай формай туберкулёзу, наркаманіяй, ВІЧ, СНІДам і др.), набылі немалы вопыт па аказанню спецыялізаваных сацпаслуг. Аднак да апошняга часу не было дзейснага механізма выкарыстання патэнцыялу недзяржаўных арганізацый (НДА).

Новая рэдакцыя закона "Аб сацыяльным аблугоўванні", прынятая 13 ліпеня 2012 года, рэгламентавала праваадносіны ў гэтай сферы. Галоўная навацыя - ўвядзенне дзяржаўнага сацыяльнага заказу (ДСЗ).

"У Беларусі павялічваецца сярэдняя працягласць жыцця. У краіне расце ўдзельная вага пажылых людзей (больш як 20 працэнтаў насельніцтва), а таксама колькасць інвалідаў (508 тыс. чалавек), адзінокіх (130 тыс. чалавек) і адзінока пражываючых (583 тыс.) пажылых людзей. Актуалізуецца неабходнасць сацыялізацыі інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, - сказаў прадстаўнік міністэрства. - Рашэнне гэтых сацыяльна-дэмаграфічных праблем магчыма або шляхам павелічэння колькасці дзяржаўных арганізацый, або за кошт прыцягнення НДА, якія аказваюць сацпаслугі".

На думку субяседніка, выкарыстанне патэнцыялу недзяржаўных некамерцыйных арганізацый дасць магчымасць вырашаць існуючыя праблемы меншымі сродкамі, а таксама стварыць канкурэнцыю на рынку аказання сацыяльных паслуг, у той час як адкрыццё новых дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання будзе звязана з дадатковымі расходамі.

Механізм ДСЗ будзе садзейнічваць фарміраванню рынку сацыяльных паслуг на аснове дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Трэба адзначыць, што пры падрыхтоўцы праекта закона выкарыстоўваўся вопыт прававога рэгулявання гэтых адносін у Расіі, Кыргызскай Рэспубліцы, Казахстане, Украіне.

ДСЗ вызначаецца як механізм прыцягнення юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў да аказання сацыяльных паслуг і рэалізацыі сацыяльных праектаў у мэтах задавальнення патрэбнасцей грамадзян, што знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, павышэння даступнасці і паляпшэння якасці сацыяльных паслуг. Увядзенне дзяржсацзаказу дасць магчымасць больш аператыўна вырашаць найбольш значныя сацыяльныя праблемы, развіваць інавацыйныя тэхналогіі, пашыраць віды сацпаслуг, а таксама прыцягваць дадатковыя матэрыяльныя, фінансавыя і працоўныя рэсурсы ў сістэму сацыяльнага абслугоўвання.

Працэдура дзяржаўнага сацыяльнага заказу, пачынаючы з конкурснага адбору выканаўцаў і завяршаючы кантролем за яго рэалізацыяй, будзе ажыццяўляцца мясцовымі Саветамі дэпутатаў, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі на аснове мерапрыемстваў дзяржаўных, галіновых і рэгіянальных праграм. Вызначаць патрэбнасць у канкрэтных сацыяльных паслугах, якія фінансуюцца праз ДСЗ, будуць на месцах на аснове ацэнкі сацыяльна-дэмаграфічных асаблівасцей рэгіёна і яго фінансавых магчымасцей.

Што датычыцца прадастаўлення сродкаў мясцовых бюджэтаў на выкананне ДСЗ, то яно будзе ажыццяўляцца двума спосабамі: шляхам аплаты дзяржаўнай закупкі сацыяльных паслуг у адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг) або шляхам прадастаўлення недзяржаўным некамерцыйным арганізацыям субсідый на аказанне сацпаслуг і рэалізацыю сацыяльных праектаў.

Прадугледжваецца, што магчымаць саўдзелу дзяржавы ў фінансаванні сацыяльных праектаў створыць спрыяльныя ўмовы для прыцягнення ў рэспубліку замежных інвестараў.

Увядзенне механізма ДСЗ у сістэме сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў за кошт пераводу часткі грамадзян са стацыянарнага абслугоўвання на абслугоўванне дома, у рамках якога аказанне сацыяльных паслуг для дзяржавы з'яўляецца менш затратным (таннейшым у 10 разоў). Чакаецца зніжэнне кошту сацыяльных паслуг у выніку прыцягнення недзяржаўных арганізацый са сфарміраванай матэрыяльна-тэхнічнай базай, падрыхтаванымі спецыялістамі, якія атрымалі адпаведную кваліфікацыю і асвоілі новыя метады аказання сацыяльных паслуг. Акрамя таго, адной з абавязковых умоў атрымання недзяржаўнымі некамерцыйнымі арганізацыямі дзяржсацзаказу з'яўляецца пакрыццё часткі расходаў на аказанне паслуг за кошт уласных сродкаў. "Што датычыцца выкарыстання працы валанцёраў пры аказанні сацыяльных паслуг грамадскімі арганізацыямі, то сам па сабе факт затраты асобнымі грамадзянамі свайго асабістага часу на вырашэнне грамадскіх праблем (напрыклад, дапамога састарэлым і інвалідам), на бязвыплатнай і добраахвотнай аснове істотна зніжае расходы дзяржавы", - дадаў Анатоль Ражанец.

Ён зрабіў асаблівы акцэнт на прыцягненні ў сферу сацыяльнага абслугоўвання замежных інвестыцый (прадастаўленне якіх інвестарамі ажыццяўляецца пры ўмове абавязковага суфінансавання з боку дзяржавы). Як правіла, доля дзяржаўнага ўдзелу ўстанаўліваецца замежнымі інвестарамі ў памеры ад 10 працэнтаў да 30 працэнтаў ад агульнага аб'ёму інвесціравання. Так, у 2010 годзе канадскай кампаніяй прапанавана ў якасці пілотнага праекта будаўніцтва ў Беларусі "Дамоў клопату" для пражывання ў іх пажылых людзей і інвалідаў. Па гэтаму праекту прапануецца на працягу 5-7 гадоў інвесціраваць $200 млн. Удзел дзяржавы ў рэалізацыі гэтага праекта даў бы магчымасць прыцягнуць у сістэму сацыяльнага абслугоўвання сродкі інвестараў.

Новым законам дакладна вызначана сістэма сацыяльнага абслугоўвання. Яна ўключае дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць дзяржрэгуляванне і кіраванне ў галіне сацыяльнага абслугоўвання; дзяржаўныя арганізацыі і іншыя юрыдычныя асобы, якія аказваюць сацыяльнгыя паслугі; індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць сацпаслугі.

У прыватнасці, сацыяльныя паслугі аказваюць такія дзяржарганізацыі або іх структурныя падраздзяленні, як бальніцы сястрынскага догляду (іх 102), геранталагічныя цэнтры (1 цэнтр, 176 герыятрычных кабінетаў), дамы часовага знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства (іх тры - у Мінску, Віцебску і Гродне), сацыяльна-педагагічныя цэнтры (138), спецыялізаваныя працоўныя майстэрні (109 - на базе ТЦСАН), хоспісы - спецыяльныя клінікі для безнадзейна хворых людзей (4), установы сацыяльнага абслугоўвання (дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў, для дзяцей-інвалідаў, спецыяльныя дамы для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў, тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей і г.д.), цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (143), цэнтры рэсацыялізацыі і сацыяльнай адаптацыі (у Гомелі і Пінску), іншыя арганізацыі.

У законе названы катэгорыі маючых права на сацабслугоўванне, рэгламентаваны правы і абавязкі грамадзян у галіне сацыяльнага абслугоўвання, а таксама вызначана падстава аказання сацыяльных паслуг - наяўнасць цяжкай жыццёвай сітуацыі. Акрамя таго, вызначаны ўмовы і парадак аказання сацпаслуг, падставы для адмовы і для спынення аказання такіх паслуг. Напрыклад, аказанне асобных відаў паслуг ажыццяўляецца пры наяўнасці ў грамадзяніна медыцынскіх паказанняў і (або) адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў, пацверджаных медыцынскай даведкай аб стане здароўя.

У адпаведнасці з законам сацыяльнае абслугоўванне ажыццяўляецца на платнай і бязвыплатнай аснове. У прыватнасці, іншаземцам і асобам без грамадзянства, якія часова знаходзяцца і часова пражываюць у Беларусі, за выключэннем бежанцаў, сацпаслугі аказваюцца на платнай аснове, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам.

Упершыню на заканадаўчым узроўні вызначаны формы сацабслугоўвання і раскрыты іх змест. Па-першае, гэта стацыянарнае сацабслугоўванне - аказанне сацыяльных паслуг ва ўмовах пастаяннага або часовага кругласутачнага знаходжання (пражывання) у арганізацыях, якія аказваюць сацпаслугі. Па-другое, паўстацыянарнае - аказанне сацпаслуг ва ўмовах пастаяннага або часовага знаходжання ў арганізацыях на працягу пэўнага часу сутак. Па-трэцяе, нестацыянарнае - аказанне разавых сацпаслуг, якое не патрабуе знаходжання (пражывання) ў арганізацыях, якія аказваюць сацыяльныя паслугі. Па-чацвёртае, сацыяльнае абслугоўванне дома - аказанне сацпаслуг у дамашніх умовах. Па-пятае, тэрміновае сацабслугоўванне - аказанне ў неадкладным парадку сацыяльных паслуг грамадзянам, якія трапілі ў сітуацыю, што пагражае іх жыццю і здароўю.

"Новае выкладанне закона "Аб сацыяльным абслугоўванні" з упэўненасцю можна назваць асновай для ўкаранення інавацый, - лічыць Анатоль Ражанец. - Акрамя традыцыйных, у закон уключаны новыя віды сацыяльных паслуг, якія плануецца ўключыць у Пералік бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання".

Сярод навацый - сацыяльны патранат (суправаджэнне грамадзян, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі), а таксама сацыяльна-рэабілітацыйныя паслугі (комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнню якасці жыцця грамадзян, у тым ліку праз стварэнне ім умоў для незалежнага пражывання і інтэграцыі ў грамадства). З'явяцца паслугі суправаджальнага пражывання. Размова ідзе аб аказанні садзейнічання асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у сацыяльна-працоўнай адаптацыі, пашырэнні сацыяльных сувязей, вызначэнні аптымальных шляхоў арганізацыі самастойнага жыцця, а таксама інвалідам - у адаптацыі да ўмоў быту і працоўнай дзейнасці, падрыхтоўцы да самастойнага жыцця па-за стацыянарнымі ўстановамі і далейшае іх суправаджэнне. Чакаецца, што папулярнасцю будуць карыстацца паслугі сацыяльнай перадышкі - вызваленне бацькоў ад догляду дзіцяці-інваліда на пэўны перыяд часу.

Такім чынам, з прыняццем новага закона аб сацыяльным аблугоўванні закладзена заканадаўчая база для інавацыйнага развіцця гэтай сістэмы.

"Задачы, якія стаяць перад сферай сацыяльнай абароны, заўсёды разнастайныя і напружаныя, - рэзюмаваў прадстаўнік міністэрства. - Вельмі важна, каб меры, што прымяняюцца, былі своечасовыя, мелі папераджальны і адрасны характар, а рэалізацыя правоў на сацыяльную падтрымку - даступнай для патэнцыяльных атрымальнікаў".

Алена ПРУC
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі