Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
19 жніўня 2016, 17:09

Не такія прыкметныя, але важныя: як праходзяць выбары ў беларускі сенат

У Беларусі гэтай восенню выбіраюць і дэпутатаў, і сенатараў. Праўда, не ўсе грамадзяне маюць добрае ўяўленне аб тым, што такое Савет Рэспублікі, якія функцыі выконвае і чым жа, уласна, займаюцца яго члены. Простыя абывацелі сенатараў не вызначаюць, не галасуюць за іх кандыдатуры, а таму, напэўна, і цікавасць да гэтай электаральнай падзеі з боку насельніцтва не такая высокая. Выбары ў Савет Рэспублікі праходзяць без асаблівай увагі СМІ, таму што ў іх няма такой відовішчнасці, як гэта бывае з Палатай прадстаўнікоў. Аднак нельга сказаць, што яны хоць у чымсьці ўступаюць па важнасці. Як правіла, у сенат трапляюць самыя аўтарытэтныя людзі, якія ўжо дабіліся значных поспехаў у кар'еры і карыстаюцца павагай у грамадстве.

Вядома, што парламент у Беларусі двухпалатны, і Савет Рэспублікі - гэта палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, у складзе якой працуюць 64 сенатары. Іх выбары праводзяцца на аснове роўнага і ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні. Алгарытм даволі просты. Мясцовыя Саветы (і Мінскі гарадскі) выбіраюць 56 членаў: па 8 ад кожнай вобласці і ад сталіцы. Яшчэ 8 сенатараў назначае Прэзідэнт.

Да кандыдатаў на парламенцкае крэсла выстаўляюцца пэўныя патрабаванні: адсутнасць судзімасці, узрост не меншы за 30 гадоў, пастаяннае пражыванне ў адпаведным рэгіёне на працягу як мінімум пяці гадоў. Забаронена быць адначасова і дэпутатам, і сенатарам. Нельга таксама сумяшчаць сенатарскія абавязкі з пасадай члена ўрада, суддзі або Прэзідэнта.

Між тым выбраныя ў склад верхняй палаты парламентарыі ў большасці застаюцца практыкуючымі спецыялістамі ў тых сферах, дзе яны ўжо дасягнулі бясспрэчных вынікаў. Зарплату за сенатарскую работу атрымліваюць не ўсе - толькі тыя, хто працуе ў Савеце Рэспублікі на прафесійнай аснове. Гэта спікер, яго намеснік і старшыні камісій (у выніку сем чалавек). Астатнія парламентарыі прыязджаюць на сесіі, калі разглядаюцца пакеты законапраектаў па той ці іншай тэматыцы - выказваюць меркаванне наконт дакументаў, маюць права адабраць (або не адабраць) іх, могуць таксама праводзіць прыём грамадзян. Пры гэтым усе члены Савета Рэспублікі карыстаюцца недатыкальнасцю. Аднак гісторыя беларускага парламентарызму ведае выпадкі пазбаўлення сенатараў недатыкальнасці за значныя праступкі, звязаныя з прафесійнай дзейнасцю.

Такім чынам, паглядзім на кандыдатуры найбольш яркіх вылучэнцаў бягучага года. Адным з іх, несумненна, з'яўляецца дзеючы спікер верхняй палаты парламента Міхаіл Мясніковіч, які раней займаў пасаду прэм'ер-міністра. Сярод вядомых патэнцыяльных сенатараў таксама міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна і старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда.

Медыцынскі блок у сенатарскім асяроддзі пасля выбараў абяцае быць даволі моцным. У прыватнасці, у члены Савета Рэспублікі вылучаны дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Алег Суконка, кіраўнік РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак Алег Румо, а таксама дырэктар РНПЦ "Маці і дзіця" Канстанцін Вільчук.

Юрыдычны бок сената, безумоўна, узмоцняць намеснік міністра юстыцыі Ала Бадак і старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц, творчы і культурны - рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Дулава і дырэктар комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" Рыгор Бысюк. Ёсць сярод патэнцыяльных членаў верхняй палаты дыпламат, які прадстаўляе інтарэсы Беларусі ў Японіі, Сяргей Рахманаў.

Немагчыма пакінуць без увагі і беларускага палітычнага дзеяча, старшыню Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча, які цалкам дастойна заявіў аб сабе ў прэзідэнцкай гонцы 2015 года.

Сярод вылучаных ёсць і "ветэраны" сената, якія раней ужо выбіраліся членамі Савета Рэспублікі і маюць багаты вопыт парламенцкай работы. Напрыклад, у Мікалая Мартынава (гендырэктар ТАА "Кіруючая кампанія холдынга "Беларуская гарбарна-абутковая кампанія "Марко") і Пятра Шэршаня (гендырэктар вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебскаблгаз") за плячамі па тры тэрміны работы ў верхняй палаце.

Цэнтрвыбаркам зарэгіструе кандыдатаў з 20 па 24 жніўня, пасля чаго пройдуць самі выбары - з 25 жніўня па 13 верасня на пасяджэннях мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню абласцей і дэпутатаў Мінгарсавета.

Вынікі кампаніі павінны быць канчаткова падведзены не пазней за 30 верасня. Гэта значыць, у выпадку з выбарамі ў сенат складана гаварыць пра нейкую адзіную дату гэтай электаральнай падзеі, затое па значнасці выбары ў Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў адна адной не ўступаюць. Ды і працаваць ізалявана яны наўрад ці змогуць: вельмі ўжо моцна завязаны ў заканадаўчым плане.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі